Apr 24, 2008 18:49
Гэты тыдзень думкі самі вяртаюцца к падзеям апошняга тыдня Хрыста на зямлі... Сёньня чацьвер. Мой дзень прайшоў як заўсёды ціха, спакойна і прадказальна. Нават тое, што ў царкве на прычасьце мне не выпадзе апынуцца я ведала ўжо колькі тыдняў таму, як захварэў тата. Але ж думкі не аб тым.
Сёньня вучні (апосталы) былі з Хрыстом разам апошні дзень. Яны падрыхтавалі пасхальную вячэру, там дзе Ён загадаў. За сталом с Ісусам апосталы мала што разумелі. Дык тое, чаму вучыў іх Настаўнік падаёцца і цяпер дзіўным: большы, будзь як меншы, і начальнік будзь, як слуга. Потым Ён, як і патрэбна добраму настаўніку, Сваім пракладам паказаў як гэта ўвасобіць у жыцьці: устаў зь вячэры, распрануўся і, узяўшы ручнік, аперазаўся; потым уліў вады ва ўмывальніцу і пачаў абмываць ногі вучням і абціраць ручніком, якім быў аперазаны. Думаю, вучні ня вельмі ўтульна адчувалі сябе ў момант, калі Госпад рабіў гэта.
Потым Настаўнік даваў вучням хлеб: гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас аддаецца, і віно: гэтая чара ёсьць новы запавет у Маёй Крыві, якая за вас праліваецца. Потым было слова да Юды, апошняя магчымасьць таму пакаяцца, але ж кожны сам абірае сябе шлях у жыцьці.
Пасьля вечэры Хрыстос з вучнямі пайшлі ў Гефсіманію, дзе ў малітве Хрістос вымавіў: Войча! о, калі б Ты дабраволіў пранесьці чару гэтую міма Мяне! зрэшты, не Мая воля, а Твая хай будзе.
Вось такі быў насычаны вечар...
Малюся Богу, каб зразумець Ягоную любоў з-за якой Ён здолеў выйсьці па-за Свой рэальны статус Госпада і Валадара сусьвета, стаць слугой дзеля нас такіх неўдзячных і марудных сэрцам каб верыць Ягонаму слову.
Ісус Хрыстос,
вясна,
чысты чацвер