Apr 09, 2008 22:07
Сёньня адбылося першае паседжаньне Камісіі партыйнага кантроля Партыі БНФ. На камісію ў якасьці падсуднага быў выкліканы намесьнік старшыні Партыі Юрась Губарэвіч.
Камісія ў складзе двух чалавек, былых членаў КПСС Юрася Хадыкі й Галіны Сямдзянавай, задала Юрасю пяць пытаньняў, на якія ён пасьпяхова адказаў.
Паколькі наступным, па логіцы, на камісію павінен быць выкліканы я, то дам свае адказы на гэтыя пытаньні, каб не марнаваць час на камісію.
1. Чаму Юрась адмаўляецца падпісваць загады старшыні (маецца на ўвазе, што мы адмаўляемся падпісацца пад загадамі, што мы азнаёмленыя).
2. Чаму да гэтага часу ня створана кааліцыя ў берасьцейскай вобласьці (Юрась узначальвае берасьцейскую абласную арганізацыю, і, на думку некаторых, мэтанакіравана зрывае стварэньне абласной кааліцыі)
3. Ці памятае Губарэвіч пра размову з Баршчэўскім, дзе той запрапанаваў вызначыцца, дзе Юрась будзе, у Руху “За Свабоду” ці Партыі БНФ
4. Ці памятае Юрась, што на зьезьдзе Баршчэўскі пагадзіўся стаць старшынём толькі пры ўмове, што ягоныя намесьнікі ня будуць сябрамі палітызаваных няўрадавых арганізацый.
5. Ці плануе Аляксандар Мілінкевіч удзельнічаць у наступных прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
Мае адказы:
1. Лічу практыку падпісваньня загадаў кіраўніцтва аб азнаямленьні неадпаведнай Статуту.
2. Кааліцыя ў берасьцейскай вобласьці створана, у ёй Партыя БНФ мае права вета. У берасьцейскай вобласьці БНФ мае зацьверджаных 6 кандыдатаў у адзіным спісе, больш, чым у іншых абласьцях.
3. Гэта асабістае меркаваньне Баршчэўскага.
4. Зьезд прагаласаваў за намесьнікаў, ведаючы пра іх супрацу з Мілінкевічам і Рухам “За Свабоду”. Калі Баршчэўскаму не падабаюцца намесьнікі, няхай склікае зьезд, або сыходзіць з пасады старшыні.
5. Спадзяюся, што Мілінкевіч будзе балатавацца, але варта запытацца яго самога.