One size fits all.

Jul 24, 2011 10:16


Учора шукаў капялюш, каб не абгарэць пад час вандроўкі ў Гародню, што запланаваная на наступную суботу. ШЧыра кажучы, сказаць што я ўражаны - нічога не сказаць. Я разумеў, што ў нас пакупнік "хавае што даюць", але маштабы з'явы ўсё ж я неяк сабе паменьш ўяўляў.

То бок, задача - купіць менавіта капялюш, прычым з шырокімі палямі, якія будуць кідаць цень на твар, вушы, у ідэале - нават на шыю, каб паменьшыць сонечныя апёкі гэтай далікатнай зоны.

Апроч таго, што мне даказывалі, што гэта "незручна і немодна", апынулася, што мужчынскія капялюшы - практычна зніклі звер на нашых абшарах. Шыракаполыя - гэты выключная прэрагатыва жанок. Не ведаю адкуль такі сэксізм, але адчуванне, што дызайнеркі гэты "галаўных убораў" і тыя, хто стварае асартымент, мужчын бачылі выключына альбо ў нямецкіх дакументальных фільмах пра каханне, альбо каля пад'езда з палтарачкай найтаннешых гатункаў піва і пачкам семак. Бо айчынныя вытворцы са льну для мужчын робяць з тузін самых розных тыпапамераў кепак (для рэальных пацанчыкаў), пару кепі рознай ступені панурасці і некалькі панамак, якія не адпавядаюць патрабаванням, бо палі ў іх вузкія і моцна нахіленыя ўніз. І вось толькі ў жаночых яны дазваляюць сабе расслабіцца і выпусціць некалькі шыракаполых капялюшыкаў. На тое, каб уявіць што двухметровы хлопец можа мець далікатную скуру іх чамусці не хапае.

Адзінае месца што я знайшоў, дзе прадаюцца мужчынскія капялюшы і ёсць выбар парадавала "маднючымі" вузкаполымі мадэлямі. Яшчэ і па выгляду на пару памераў меньш, чым мой сціплы шасцідзесяты. Не, дзякуй.

Фірма Columbia Sportswear адсмаліла напалмам, дзякуючы прадаўцам некаторых кропак. У іх ёсць даволі дакладна адпавядаючы маім запытам капялюшыкі для актыўнага адпачынку. І, нават, прадаюцца не памерамі, а інтэрваламі памераў. Вось толькі, самы шырокі інтэрвал, які, як мяне запэўнілі "One size fits all" апынуўся крыху малаватым на маю галаву. All but me, goddam!

Дзяржаўныя крамы кшталту ГУМа, ЦУМа і Нямігі смяшылі. Апроч таго, што і там з памерамі ўсё цяжка, мужчынскія летнія капялюшыкі вялікіх памераў у іх сетчастыя. І калі ў ГУМе прадавачка падказвала, расказвала і давала памераць, то ў ЦУМе і Нямізе адказвалі "ну тое што на вітрыне" і махалі рукою. Шчыры дзякуй, то бок, я павінен сам перабіраць тавар, каб даведацца, што майго памеру няма? Вось таму я і лічу тры гэтая крамы шчырым музеем савецкай сістэмы гандлю, калі пакупнік замінае працаваць, а не прыносіць грошы.

На джаніках знайшліся некалькі капялюшаў каўбоскага выгляду са стужкай Marlboro, але гэта неяк не маё. У выніку набыў нешта саламянае, скручана лескаю, дзесці на памер меньшае, але даючае досыць шчыльны і шырокі цень. Хаця б на першы час.

Пошукі капялюшаў працягваюцца. Дарэчы, можа нехта падкажа месца, дзе можа набыць сапраўдныя беларускія брылі, ці майстра, які іх робіць?

P.S.: Ну і, канешне, мой з'едлівы і скандальны характар не дазваляе мне ўстрымацца ад каментара наўздагон, "у плечы", як той казаў. Самым зручным месцам, дзе я купляў рэчы вялікіх памераў апынуліся крамы ў горадзе Бішкек, Кыргызстан. Пры там, што ў кыргызаў хлопцы нават росту сто восемдзесят сантыметраў разглядаюцца як вялізныя волаты. З маім ростам была небяспека шыяй наскочыць на які дрот, нацягнуты над вуліцай, бо на меркаванне мясцовых жыхароў на такой вышыні могуць знаходзіца з жывых істот мухі, матылі і птушкі. І тым не меньш, у іх ёсць выбар (хаця і трэба знаць месцы), і гэта не тры чорныя рэчы аднаго фасону. Туркі (якія, дарэчы, самі таксама не адзначаюцца фенаменальна высокім ростам) робяць зручныя, прыгожыя, носкія рэчы на памеры і значна больш майго. А айчынныя вытворцы ў лепшым выпадку калі і робяць нешта вялікага росту, то на вельмі хударлявых. І я б яшчэ мог нешта казаць пра айчынны гандаль, калі б гэта не назіралася ў фірмовых крамах. Карацей, фразу "Кцпляйце беларускае!" я успрымаю як неразумны і непрыстойны жарт. З прыемнага: мяне ўразіў выбар (да, бляха, невялікі, але ён быў, і выбіраеш з добрага!) ў фірмовай краме "Камінтэрну". Так што ўсур'ёз падумваю змяніць стыль.

назіранні, думкі, Менск, асабістае, жаданні, эканоміка

Previous post Next post
Up