Адразу заўважу, што гэта маё меркаванне, і калі яно вас не цікавіць - смела і шчыра не чытайце далей. Я не з'яўляюся эканамістам, палітолагам, уролагам, практолагам ці кім там яшчэ з універсытэцкім дыпломам, які дазваляе прыгожым рухам папраўляць акуляры і, надзмуўшчы шчокі, выказваць меркаванні, што праз пару месяцаў не спраўджваюцца.
Такім чынам, калі мы так моцна распалілі цікаўнасць, можна пераходзіць да сутнасці і раздаваць усім сёстрам па сусалам, а ўсім братам па твару. Пачнем.
Я б хацеў спачатку расказаць пра тое што не было зробленае правільна, і толькі потым паразважаць, канчаткова адарваўшыся ад рэчаіснасці на конт таго, што было б, калі б усё атрымалася інакш. Адразу адзначу, што калі цвяроза паразважаць, то нават зараз яшчэ не позна развярнуцца тварам да ўсяго цывілізаванага света і выправіць адносіны.
Памылка першая: выбары.
Папярэдняя справаздача назіральнікаў АБСЕ была даволі аптымістычнай у першай частцы. Былі адзначаныя парушэнні, але практычна па ўсіх пунктах адзначалася, што работа ідзе і ёсць відавочны прагрэс. Фактычна, калі б справаздача гэтак і скончылася, то выбары былі б афіцыйна прызнаныя большасцю краін Еўропы. Недахопы былі відавочныя і буйныя, звязаныя ў асноўным з падлікам галасоў (Тут і далей - мае высновы з дакумента. Калі хочаце мець сваё меркаванне - чытайце дакументы). Памылкі, махлярства, ігнараванне заўваг мясцовых назіральнікаў нават калі тыя рабілі заўвагу ў выпадку відавочнага падкідвання бюлетэняў членамі выбарчых камісій.
Пакінуўшы ў баку пытанне хто за каго галасаваў і хто перамог, патрэбны вынік можна было атрымаць нават не так нахабна. Проста правільным падлікам вынікаў у Цэнтрвыбаркаму. Элегантная перамога была б забяспечаная. А што яшчэ трэба палітыку, які элегантна перамог на выбарах? Міжнароднае прызнанне. А калі місія АБСЕ кажа што памылак няшмат, ды яшчэ і сітуацыя з выбарамі паляпшаецца, то чаму б і не прызнаць?
Памылка другая: Плошча.
Пакінуўшы ў баку хто там і што там правакаваў, той колькасці АМАПу, што разганяла дэманстрацыю хапіла б каб адсекчы мітынгуючых ад Дому Ураду. Далей проста спакойна даць выкрычацца людзям. Пры тэмпературы ніжэй мінус дзесяці па Цэльсію гэта заняло б гадзіны тры максімум. Потым натоўп бы ўжо моцна таяў сам сабою (бывае такі парадокс пры нізкіх тэмпература). Апошнюю купку мітынгуючых можна б было пачаставаць гарбатай ці кавай, альбо (і) прапанаваць развезці, не складаючы пратаколаў, па дамах. Проста і прыгожа.
Вынікам такога супрацьстаяння было б тое, што Лукашэнка ў часе як прэс-канферэнцыі, так і пад час інтэрв'ю карэспандэнту Еўраньюс мог не адказваць у рэчышчы "а ў вас мурынаў лінчуюць", а сціпла адказваць, што, маўляў, так, недахопы ёсць. І мы з імі змагаемся. Бо нашае грамадства - як народ, так і ўлада - не гатовыя да дэмакратыі. Што гэта няпросты шлях на годы, але мы ім ідзем настолькі хутка, наколькі атрымліваецца. І, наколькі б цяжка нам не было, мы ў чарговы раз пацвярджаем намер рухацца ў гэтым накірунку.
Што мы маем замест гэтага? Ганебныя палітычныя працэсы, фотаздымкі на сайце МУС з "кактэлем Молатава" у пластыкавай тары і, нібыта пад час разгону, акуратна раскладзенай на плошчы канцэнтрычнымі кругамі арматуры. І хапун па гораду падгулялых і проста выпадковых людзей. І выпадкі, калі толькі запісы камер відэаназірання з метро дазваляў даказаць, што людзей затрымалі ні за што, нават і не блізка ад мітынга. І невітанаватыя ў гэтым міліцыянеры, якія склалі ілжывыя пратаколы на такіх вось затрыманых.
Што магло б быць?
Ну вось тут відавочна. Прызнанне выбараў. Пры правільным падыходзе - прызнанне наяўнасці дэмакратычных зменаў палітыкамі краін Еўропы. І вось тут ужо можна было прасіць грошы і іншыя прэферэнцыі на развіццё дэмакратыі. Не было б такой ганьбы з валютным крызісам, не было б такіх бездапаможных выказванняў пра "праз месяц вы забудзеце". Бо ніхто не забудзе. А мяркуючы па апошніх падзеях, насельніцтва канчаткова лічыць, што расказ пра тое, што у нас нечага не будзе трэба успрымаць як сігнал, што гэта адбудзецца у самы найбліжэйшы час. Ці не гэта ёсць індыкатар даверу людзей да тых, хто імі кіруе? Магло б быць інакш. І нават зараз можа быць інакш. Трэба толькі захацець.
Ну і, канешне, каб раздаць усім па клізме, у сераду я паспрабую выказаць свае думкі на конт таго што ж на мой погляд дрэннага было дзевятнаццатага студзеня мінулага году зроблена з боку апазіцыі.