Выбар, альбо Як я забіў свайго ката.

May 13, 2011 17:38


У сувязі з чарговым рэцыдывам дабівання апазіцыйных недабіткаў у форме паказальных нібыта судоў прыгадалася прызнанне пра забойства ката, зробленная Уладзімірам Някляевым пад час агітацыйнай кампаніі перад выбарамі. А у сувязі з гэтым прызнаннем прыгадалася мая ўласная гісторыя, звязаная са свядомым забойствам ката.

Я не толькі не паэт, але, нават, і не кандыдат у прэзідэнты ці лідэр якога-небудзь грамацкага руху, таму, спадзяюся, маё прызнанне не выкліча не толькі хвалю абурэння ў гэтых вашых інтэрнэтах, але і збіцця невядомымі ў масках, скрадання са шпіталі пры падступнай згодзе медперсаналу ці суда.

А гісторыя даволі простая. Неяк мы з сябрамі вярталіся ўначы з возера. Паколькі з рулём быў я, то ў нейкі момант апынуўся адзіным, хто не пачаў засынаць з прысутных пяці чалавек. І вось на кальцавой у нейкі момант я заўважыў, як у святло фар злева выскачыў чорны кот. Мне падалося, што ён выглядаў дагледжаным і прыгожым. Магчыма, гэта я сам ўжо дадумаў падрабязнасці.

З-за колеру я не бачыў ката аж пакуль яго не высвецілі фары, то бок, пакуль ён не знаходзіўся літэральна ў некалькіх метрах перад машынай. Магу памыляцца, але, наколькі я ведаю, немагчыма на хуткасці каля дзевяноста кіламетраў у гадзіну рэзка вільнуць у бок так, каб не было небяспекі перакуліць машыну. Маючы такую тэарэтычную базу я вырашыў, што жыццё ката для мяне меньш важнае, чымсці жыцці чатырох чалавек (апроч мяне), што знаходзіліся ў гэты момант у машыне.

Літэральна праз некалькі імгненняў глухі гук удару па пластыку бампера пацвердзіў, што нашая сустрэча адбылася і каштавала адной істоце жыцця.

Вось так я свядома забіў ката. Мне вельмі шкада яго. Было шкада тады і вельмі шкада зараз. Напэўна, будзе шкада і потым, пакуль я буду памятаць пра гэтае здарэнне. Але я перакананы, што я зрабіў правільны выбар. І калі б давялося вырашаць яшчэ раз - выбраў бы тое ж самае зноўку. Няхай за гэта мяне цкуюць абаронцы жывёл, якія пісалі, што Някляева варта забіць, бо жыццё жывёлы - святое. Для мяне жыццё чалавека мае большую каштоўнасць. Нават калі ён любіць катоў, ці сабак, ці мадагаскарскіх тараканаў больш, чым людзей.

Менск, успаміны, жывёлы, асабістае, здарэнні

Previous post Next post
Up