Мне здаецца, тое што там адбылося стала пэўным індыкатарам нашага грамадства. Выбух стаўся вынікам парушэння ТБ. Зразумела што так і танней і прасцей. Але неяк павінны ж быць нейкія межы. Магчымасці нашага народу безмежныя.
Яшчэ для мяне дзіўна і дзіка тое, што пачало ўжо перарастаць ў традыцыю: спачуванні з любой нагоды, што адбылася за межамі і "працяг банкета" любым коштам, калі нешта здарылася ў Сінявокай. Хрустальны сасуд стабільнасці. Гэта людажэрнае варварства мяне проста забіла яшчэ тады, калі я чытаў навіны пра
выбух на канцэрце ў 2008. Поезд хуткіх дапамог вывозіў параненых, сярод якіх дзеці, але канцэрт працягваўся. Жудасна? Ну, галоўнае ж, каб не пачалася паніка. Галоўнае не разгойдваць лодку.
Не. Выбух у Пінску, параненыя паміраюць у шпіталі. Аніякіх нават спачуванняў ад кіраўніцтва краіны ці апазіцыі. Ніякай жалобы. Нават калі пакінуць ў баку прэзідэнцкія выбары для любога палітыка ці грамацкага дзеяча гэта смерць. Палітык рабіў бы нешта каб дапамагчы ці арганізаваць іншых на дапамогу каб мець палітычны капітал. Грамадскі дзеяч проста не змог бы пакінуць без увагі такія падзеі ў грамадстве. Традыцыйна, адзіныя хто адрэагаваў на падзеі своечасова і наколькі магчыма эфектыўна - медыкі і МНС. І, урэшце, гэта смерць грамадства. Бо грамадства, дзе могуць нават не пачухацца з нагоды смерці некалькіх дзесяткаў сваіх удзельнікаў ужо пачало паміраць, як чалавек, які пакрысе перестае адчуваць сваё цела перад апошнім уздыхам.
Дзе былі нашыя сто і адзін "кандыдат у кандыдаты" ці іншыя "палітычныя асобы"? Там дзе і заўсёды. Пад пэўную нагоду, абтрусіўшы пыл са сцэнару адыгрываюць п'есу, што надакучыла даўно ўжо і ім самім. А дзе вы ў іншы час? І вось тут такая нагода, але ж яе не ўзгаднілі, не прапісалі сцэнар на гэты выпадак. Вось і маўчаць. Дык, можа варта і зусім змоўкнуць? Усё адное нічога новага проста фізічна ўжо не ў стане сказаць.
А дзе быў галоўны кандыдат, якога мы і будзем абіраць у гэты снежань? У працоўнай паездцы па Берасцейскай вобласці. І, як на дзіва там ўсё добра. Не даходзяць да кандыдата нумар адзін нават чуткі пра тое што адбылося ў Пінску. Спакой і дабразычлівасць пануюць навокал. Цікава, а пра тое што можна піярыцца яшчэ і як руплівы гаспадар, які ведае што робіць не толькі калі ў хаце добра, але і калі бяда прыйшла ані кандыдат, ані яго каманда не чулі? Здаецца не. Галоўнае, каб не было панікі. Не разгодвайце лодку.
Карацей, я ўсё ж вызначыўся са сваім кандыдатам. Гэта не "Супраць усіх". Гэта "Халера на вас на ўсіх". Але, паколькі Цэнтрвыбаркам яго не зарэгістраваў, - я ў выбарах не ўдзельнічаю.