Тут абяцаліся на выходныя сябры-маскалі панаехаць. Вядома ж, дамаўляемся каб я іх сустрэў на вакзале і правёў да месту маёй новай дыслакацыі. Вядома ж, пытаюся калі предуць праклятыя госці сталіцы. Сябра адказвае, што дакладны час не памятае, ці то а шостай, ці то а сёмай, прыблізна так. Але вось дакладна памятае нумар цягніка. 211Щ.
Вось тут я, вядома ж, узрадваўся, бо ў нас жа ёсць цэлы
расклад цягнікоў. Як аказалася, узрадваўся я дарэмна. І я кажу не пра тое, што на флэш-мапе нелька выбраць пункт па-за межамі Беларусі. Бо калі прагортваешь далей, там проста нічога няма. І не пра тое, што калі націскаеш стрэлку ўлева, то мапа лістаецца ўправа і наадварот. Ну якая насамрэч розніца, калі Маскву выбраць на мапе немагчыма? І не ў тым справа, што калі табе трэба паглядзець цягнікі на пэўны дзень, то трэба падгадаць дзень адпраўлення. У маім выпадку - з неіснуючых станцый ў першасным хаосе за межамі Рэспублікі Беларусь. Праблема ў тым што поезда нумар 211 няма. Аніякага, ні Щ, ні К, Ё ці Ў. Проста няма і баста тут. Не іде ён на Мінск ў той час.
Спрабую сабраць мазгі ў кучу (бо сябра чалавек разумны і неяк няверыцца, што ён мог пераблытаць, калі кажа што нешта дакладна памятае. Але ўсе мы людзі, усе можам памыляцца. Ну і, адпаведна, прашу ўдакладніць па білету і час, і нумар цягніка.
Сябра як адказ на ўсе пытанні прысылае
спасылку дзе ёсць мапа ўсяго маршруту, указаныя прамежкавыя станцы і час, калі цягнік на іх спыніцца. Проста зайздрасць бярэ. Прычым, загадачным чынам гэтую мапу можна круціць і вярцець, прычым, круціцца яна менавіта ў той бок, куды круціш. Цуд нейкі. Мне, вядома ж, становіцца, крыўдна за краіну і нашую тэхнічна аснашчаную чыгунку і я спрабую адшукаць ў раскладзе гэты цягнік. Брутфорсам, проста па часе калі ён прыбывае ў Мінск (5.49 у ранку). Вынікі на скрыншоце ніжэй.
Выклаў вынікі пошуку ў выглядзе фотаздымку, а не як спасылку я не таму, што мне так падабаецца рабіць скрыншоты. Проста пошук на сайце беларускай чыгункі не дае спасылку. Ну, вядома ж, каб было зручней абмяркоўваць з сябрамі вандроўку.
Як вы заўважылі, прайшоўшы мяжу цягнік з 211Щ робіцца проста нумарам 11. Ну, каб гэтыя маскалі зашмат пра сябе не думалі. Ды і ідэйна непрыхільную нам літару Щ прыбралі.
Калі вы думаеце, што тут будуць глыбокія высновы, то вы глыбока памыляецеся. Чаму нельга купіць нармальную сістэму, каб яна таксама паказвала мапы, дазваляла шукаць не толькі да межаў Беларусі і рабіла іншыя зручныя рэчы, калі гэта не атрымліваецца зрабіць сваімі сіламі, я не ведаю. Чаму цягнік нельга адшукаць па нумары, што стаіць ў білеце я не разумею.
Канчаткова зразумеў толькі адно: кампутарныя тэхналогіі для дзяржаўных устаноў нашай краіны ўсё яшчэ "ілжэнавука і прадажная дзеўка імперыялізму" і стаўленне да іх адпаведнае. Пра тое што гэта можа не проста "быць, бо прэзідэнт сказаў усім прысутнічаць не толькі на нарадах, але і ў інтэрнэце", а быць зручным спажыўцу не тое што не думаў ніхто, а, нават, не здагадваецца большасць.
Таму не пераймайцеся, спадарства. Калі на блытаным і грувасткім сайце вы хвіліне на дзесятай адшукалі тэлефон службы даведкі (ветлівай, як чэкісты з палонным дыверсантам) - карыстайцеся ім, як дзяды карысталіся. А тыя буржуйскія тырнэты пакіньце. Дурасць гэта. А калі трэба каго сустрэць з цягніка, які ідзе з-за межаў Беларусі (а навошта? у вас што, ёсць сябры, ці - крый Божа - сваякі за мяжой?!) - запытайцеся ў чалавека ў які час прыбывае цягнік і не бярыце да галавы нумары і іншыя дробязі. Усё адно гэта не дапаможа, толькі бянтэжыць будзе і псаваць гумор, як усё роўна Віня-Пыху, калі яму казаць доўгія і складаныя словы.