Хросны.

Sep 01, 2010 21:38


Паколькі фільм "Хросны бацька" спачатку пераутварыўся у серыял, а зараз, мяркуючы па загадкаваму нападу на расійскую амбасаду ў Мінску, атрымлівае працяг і надалей, думаю, што не надта позна будзе выказаць свае думкі на гэты конт.

Фільм не ўражвае. І незразумела якое ўражанне ён павінен аказваць на гледача, калі лічыць яго гэткім фільмам-адкравеннем. Калі тое што там паказана - праўда, то гэтым павінны займацца органы аховы правапарадку. Калі немагчыма дамовіцца з уладамі краіны, дзе адбываліся падзеі, то, як мне здаецца, правільным забараніць уезд персоне, якіая запятнала сябе гэткімі злачынствамі. Але мы гэтага не назіраем. Чаму?

Другое пытанне якое ўзнікае асабіста ў мяне: калі гэта крык душы, што даведалася пра злачынствы "крывавага рэжыму" у суседняй дзяржаве, то чаму там так шмат фактаў не тое што "не гарачых", а ўжо даўно прастыўшых і пратухлых. Як, напрыклад, гісторыя з дыягназам "мазаічная псіхапатыя". Гэта было больш-меньш навіной больш за дзесяць год таму, калі я купіў свой першы мадэм. Цяжка паверыць, што аўтары фільму толькі-толькі выйшлі ў інтэрнэт, убачылі гэты самы дыягназ і былі так моцна ўражаныя, што, ахопленыя клопатам за лёс суседняй дзяржавы, палічылі сваім грамадзянскім абавязкам выказаць гэтую новую і гарачыю навіну. Атрымліваецца, што інфармацыя збіралася нават не гадамі - дзесяцігоддзямі. Збіралася каб праверыць? Наўрад ці, каб на гэта патрэбна было больш чым год ці два. Значыць, збіралася каб нанесці ўдар па асобе, якой тычылася.

Расія больш за дзісяцігоддзе падтрымлівае Лукашэнка і яго ўрад. Як мне здаецца, калі журналісты змаглі нарыць гэтыя факты, то ўрад Расіі таксама валодаў гэтымі фактамі. Калі, канешне, гэтыя факты першапачаткова не збіраліся мэтанакіравана "журналістамі" ў пагонах. Значыць, падтрымліваючы Аляксандра Рыгоравіча і не выказваючы аніякага абурэння, ці, хацяб, занепакоенасці гэтымі фактамі, урад Расіі падтрымліваў і ўсе яго гэтыя дзеянні. Ці лічыў дробнымі фактамі, не вартымі ўвагі. А, можа, нават лічылі гэта натуральнымі паводзінамі палітыка і кіраўніка дзяржавы.

Што ж так моцна змянілася зараз? Жаданне падзяліць асноўныя прадпрыемствы Беларусі, пазбавіць дзяржаву суверэнітэту і іншымі крокамі вярнуць нас на "належнае месца" паўднёва-заходняга краю "Великой Прекрассной России" дасягнула небывалага ўзроўню. Тым больш, што зразумела, што Лукашэнка не надта рвецца ў гэтым дапамагаць, і, як не давай газу і нафты, ўсё аніяк не рвецца вярнуць беларусаў ва ўлонне "адзінай краіны брацкіх народаў", вядома ж, з цэнтрам у Маскве.

Улічваючы наколькі моцна ў нас улада засяроджана ў руках той самай асобы, па якой спрабуюць нанесці ўдар у фільме, мне здаецца, можна казаць, што б'юць па Беларусі. Можна колькі заўгодна разважаць пра "злоўжыванні рэжыму Лукашэнка", але гэта ўнутраняе пытанне Беларусі. Калі былі нейкія парушэнні і ёсць факты - гэтым павінны займацца органы аховы парадку нашай краіны. Наогул, любое ўмяшальніцтва ў такія пытанні даволі маладой беларускай дзяржавы (дваццаць год - не такі ўжо вялікі тэрмін па гістарычных мерках) стварае магчымасць таго, што мы падпадзем пад знешні ўплыў і ў той ці іншай ступені страцім незалежнасць. Асабліва гэта тычыцца нашага ўсходняга суседу, дзе і ўлада, і народ ўсё яшчэ глядзяць на нас праз прызму "беларусы гэта падмноства рускіх". Для якіх беларуская мова - штучная з'ява прыдуманая ў 1991 годзе беларускімі нацыяналістамі, асабліва невядомымі і то смешнымі, то пагрозлівымі "бэнээфаўцамі". Такія дробныя акалічнасці, як тое, што мова гэта існае ўжо не першае стагоддзе і гісторыя нашага народу гэта не выключна гісторыя таго як мы "уповали на братский русский народ" і чакалі як яны прыдуць нас і вызваляць (калі не сказаць наадварот) нікога не цікавяць.

Уласна, як мне здаецца, гэткага ж капылу і гэты загадкавы і незразумелы напад на палац-амбасаду Расіі ў Менску. Спалілі адну машыну. І толькі. Ніякіх слядоў, ахова нічога не бачыла. Цікава, праўда? Я лічу вельмі верагоднай версію, што гэта працяг справы серыяла "Хросны бацька" іншымі метадамі. Больш звыклымі і зразумелымі сучаснаму кіраўніцтву Расіі. Спачатку дробная правакацыя, потым нешта больш паказальнае. Пару тройку адмарозкаў наліць да патыліцы чарнільцам і зладзіць "міжнацыянальныя сутыкненні" ці "напад агалцелага натоўпу на рускую амбасаду". А можна і снайперы, як было ў Ошы. Тым больш, што тут нават не трэба такога татальнага трындзецу як там. І адразу сілы АДКБ (пераважна з Расіі, вядома ж, бо бліжэй) апынуцца за межамі "неспакойнай рэспублікі". Далей можна наладзіць "пражскую вясну" ці яшчэ якія ваенна-спартыўныя гульні.

Вось такія сумныя думкі ў мяне выклікае гэты серыял. Як, уласна, і заігрыванні апазіцыйных палітыкаў з Масквой.

P.S.: Дарэчы, хто-небудзь можа мне растлумачыць: чаму краіна, якая так вішчыць пра свой магутны і перспектыўны аўтапрам выкарыстоўвае ў сваіх дыпламытычных прадстаўніцтвах іншамаркі? Нават ў нашай краіне, дзе, здавалася б, німа аніякіх праблем з дастаўкай гонару Расіі: ГАЗаў і ВАЗаў.

думкі, палітыка, грамадства

Previous post Next post
Up