Вілейка, дзень першы

Aug 30, 2010 18:36


З'ездзіць ў Вілейку (ці, як называюць яе старыя Вялейку) мы збіраліся яшчэ з зімы, калі пабывалі на вілейшчыне з экскурсіяй Гісторыкі. Распавядаў пра Вілейшчыну на той экскурсіі нам Аляксей Сюдак, з прапановы якога пазнаёміць з Вілейкай бліжэй мы і скарысталіся.

Для поўнага шчасця і дадавання ў вандроўку элемента прыгодаў мы вырашылі ехаць аўтаспынам. Алена наогул ніколі так не вандравала, а я ездзіў толькі на вельмі маленькія адлегласці, літэральна ў пару кіламетраў.



Ловім машыну на жыўца.

Дарога атрымалася даволі няроўнай: да месца, дзе мы пачалі лавіць машыну, у некалькіх кіламетрах ад МКАД нас падкінуў мой стрыечны брат. Дзякуй, Ігар! На мапе ніжэй месца высадкі пазначана маркерам. Прагуляўшыся да заканчэння развілкі, мы сталі насмерць спрабаваць спыніць машыну.



Паглядзець на вялікай мапе

Пастаяўшы меньш чым пятнаццаць хвілін, мы селі ў машыну да жанчыны, якая завезла нас амаль пад самую Вілейку, высадзіўшы ў нейкіх кіламетрах дваццаці. Месца высадкі пазначана на мапе ніжэй маркерам.



Паглядзець на вялікай мапе

Здавалася, б, паездка амаль скончылася і мы з хвіліны на хвіліну ўбачым неверагоднай прыгажосці касцёл, што стаіць у цэнтры Вілейкі на вуліцы імя 17 верасня. Ды не на тых напалі! Пачаў дзьмуць пранізлівы вецер, часам пачынаў ісці дождж. У межах барацьбы з гіпатэрміяй мы дабрылі да леса па шашы Р63 (на левай мяжы папярэдняй мапы). Нешматлікія машыны, што не паварочвалі направа на развілцы, каля нас не спыняліся. Некаторыя кіроўцы праяўлялі пачуццё гумару жэстамі рознай ступені непрыстойнасці і ідыятызму. Назіраць за такімі было даволі смешна. Але калі дзесці праз гадзіну стала зусім відавочна, што стаяць на адным месцы ў такое надвор'е небяспечна, мы працягнулі тупаць у бок Вілейкі, час ад часу спрабуючы спыніць машыны, што ішлі ў тым накірунку.

Праз некаторы час спыніўся падвезці хлопец, што працуе ў Вілейцы на мэблевай фабрыцы. Дарэчы, пад час размовы ён параіў нам яшчэ наведаць Браслаўшчыну, так што, спадзяюся, вандроўкі пад час гэтага адпачынку на гэтым далёка не скончацца. Так за размоваю (дарэчы, наш кіроўца вельмі добра размаўляў па-беларуску) мы дабраліся да Вілейкі, і я, як заўсёды, не мог адвесці вачэй ад Крыжауздзіжанскага касцёла.

Вось тут нам далася ў знакі ўласная непрадпачлівасць: мы разлічвалі боль-меньш да абеду паспець ў Вілейку і абедаць ўжо на месцы, таму не ўзялі з сабою нават і скарыначкі хлеба. У выніку, дасягнуўшы Вілейкі дзесці а палове на чацьвёртую, мы ўжо проста-такі з цяжкасцю пераключаліся на негастранамічныя тэмы. Памятаючы з зімы, што ў гасцініцы "Вілія" ёсць аднаіменны рэстаран, дзе вельмі няблага кормяць мы не надта хваляваліся. Але рэчаіснасць нас адчувальна абламала: рэстаран быў закрыты на спецабслугоўванне вяселля. Як і іншыя кафэ, што мы адшукалі (ад гасцініцы ўправа па вуліцы імя 17 верасня рэстаран "Эліта" і направа за выканкам па вуліцы Партызанскай "Вяснянка"). За парушаныя мары пра гарачы абед хацелася б моцна-моцна паціснуць руку каму-небудзь з гарадскога кіраўніцтва, хто такім чынам пашырае турыстычныя магчымасці рэгіёну. Тым хто, як і мы, будзе не ведаць куды падзеціся ў такім выпадку параю не ісці ў якую іншую краму, а проста павярнуць направа ў двор ад гасцініцы, і з тылу будынка адшукаць маленечкую краму, у кулінарыю якой ежу гатууюць на кухні таго ж самага рэстарана і дзе можна папрасіць разагрэць страву. Абслугоўванне добрае, ежа смачная і не надта дарагая. Апроч таго, адтуль нават ў дождж і сырасць ежу можна данесці да нумара гарачай, мы правяралі.

Але хопіць пра сумныя адміністратыўна-гаспадарчыя пытанні. Пасля абеда спадар Сюдак прапанаваў нам прагуляцца ў адкрыты каля Віліі невялічкі парк, ці зону адпачынку. Чыста, утульна. Але больш за ўсё уразіў нас паром, які, нажаль, на той момант быў прышпілены ланцугом і нікуды не плаваў.



Амаль плывем.



Я на фоне парка і лазні, пабудаванай за палякамі.

Потым нас адвезлі ў мемарыял былых вёсак. Мемарыял створаны клопатамі грамадсткасці раёна ў 2009 годзе. У ім пералічаныя вёскі, спаленыя пад час Другой сусветнай (на асобным камені), зліліся з іншымі, былі затопленыя пад час запаўнення Вілейскага вадасховішча, сталі часткаю Вілейкі, знялюдзелі, ці былі пераіменаваныя пад час пабудавання на Беларусі савецкай улады. Большасць вёсак адлюстравана на каменях ў адпаведнасці з тым, на тэрыторыі якога сельсавету яны знаходзіліся. Ніжэй некалькі фотаздымкаў з мемарыяла.



Уваход на мемарыял.



Галоўны камень мемарыялу.



Камені.



Вёскі, што сталі часткаю горада Вілейка.



Былыя вёскі Вязынскага сельсавету.

Дарэчы, вёска Сосенка, каля якой мы апынуліся пад час паездкі, таксама ледзь не папоўніла сабою спіс на гэтых камянях: палова вёскі была затопленая пад час запаўнення вадосховішча. Дамба, па якой шаша Р63 уваходзіць у вёску, праходзіць па галоўнай вуліцы.

Апроч таго, як нам расказаў спадар Сюдак, жыхары некаторых вёсак, напрыклад Рыбчыны, збіраююца і памінаюць вёску. Сустракаюцца і старыя, што нарадзіліся ў вёсцы, і дзеці іх, і ўнукі.

Пасля мы наведалі своеасаблівы музыей камянёў, што быў створаны намаганнямі былога дырэктара Вілейскіх электрасетак. Там знаходзяцца розныя цікавыя камені, прывезеныя з разных месцаў раёну. Прывезеныя, каб не згубіць, каб можна было захаваць гэтыя матэрыяльныя помнікі нашай гісторыі. Напрыклад, камень ніжэй, хутчэй за ўсё, быў памежным.



Стары памежны камень.

А вось гэта стары ахвярны камень язычнікаў. Праўда, яго паставілі "працоўнай" паверхняй не ўверх, а ўбок. Дарэчы, на апошнім фотаздымку бачная свечка, што запальвалі, напэўна, віленскія язычнікі.



Ахвярны камень.



"Асноўная" частка. У працоўнай пазіцыі глядзела ўверх.



Характэрныя ямкі.

Уласна, так і скончыўся наш першы дзень у Вілейцы. Дзякуй ўсім, хто дачытаў да гэтага месца.

вандроўкі, Вілейка, фотаздымкі

Previous post Next post
Up