Бандыцкая Серабранка.

Jul 11, 2010 13:00


Учора з сябрамі з курасаў "Дзесяць крокаў да беларускай мовы" збіраліся ў Серабранцы, каб крыху пабавіць час, пагуляць ў фрызбі і бадмінтон, і проста паразмаўляць на беларускай. Збіраліся ў Серабранцы (бо я лянівы і праванаваў збірацца каля свайго дому).

Калі мы пераязжалі ў Серабранку (ды і потым, шчыра кажучы) шматкроць чулі меркаванне, што Серабранка, маўляў, бандыцкі раён. Тут вельмі непакойна і "ваабшчэ". І вось толькі ўчора, пражыўшы ў Серабранцы ўжо больш за год, атрымалі пацверджанне гэтага.

Прыехаўшы да нас першымі, сям'я нашых сяброў пакінула машыну каля кінатэатра "Салют". Дзень, сонейка свеціць, птушачкі спяваюць, народ навокал мітусіцца (месца там бойкае). Паглядзелі на неба, сонейка, дрэвы і пайшлі да нас. Пакуль пасядзелі, пакуль папілі гарбаты і паразмаўлялі за жыццё і пра кампутары - час ўжо ісці сустракацца з астатнімі. Ну, натуральна, вырашылі прыхапіць па дарозе з машыны талерку для фрызбі. Ідзем да машыны, працягваючы размову. Так прыемна паразмаўляць з прыемнымі людзямі!

Але, убачыўшы машыну, проста ашалелі: яна стаіць з адчыненай дзвер'ю. Падбеглі, агледзелі - усё на месцы. Падумлі, пачухалі ў патыліцах: ніхто не будзе адчыняць машыну, акуратна адчыняючы заднюю дзверцу. Выснова: калі збіраліся да нас, машыну пакінулі запрашальна раскрытую, не проста дрэнна зачыніўшы, а, проста-такі, распахнуўшы гасцёўна заднюю дзверцу. Машына прастаяла гадзіну і ніхто адтуль нічога не ўзяў. Вось у такім неспакойным месцы мы жывём.

Яшчэ мы ўчора атрымалі нечаканы містычны досвед і ўбачылі існасць, што толькі-толькі прыйшла ў наш свет з іншых вымярэнняў (спадзяюся, з добрымі намерамі). Як і ўсе, хто дакрануўся да невядомага, да таямніцы, мы бачылі толькі частку, тое што маглі зразумець слабым чалавечым розумам і пабачыць недасканалымі чалавечымі вачыма.

Адбывалася гэта так. Мы блукалі па парку ў пошуках месца, дзе нам зручна было і пайграць, і пасядзець у цяньку. У нейкі момант я прапанаваў разгледзець паўвостаў ў Чыжоўскім вадасховішчы (вось гэты). На перашыйку, што злучае паўвостраў з, так бы мовіць, "мацярыковай Серабранкай" (прыблізна вось тут) мы сустрэлі істоту, што ішла крышку неўпэўненым, але даволі рашучым крокам. Істота мела аблічча хлопца у джынсах і красоўках, але нетуташні, нечалавечы выраз твару і дзіўны позірк палымяных вачэй, якія глядзелі нібыта не навокал, а наскрозь, проста ў спод сусвету, выдавалі жыхара іншага свету.

Наблізіўшыся да нас і апаліўшы позіркам сваіх чырвоных вачэй, госць нашага свету паказаў у бок праспекта Ракасоўскага, адкуль мы прышлі, і запытаўся: "Там магазины есть?". Мы разгублена пацвердзілі, і жыхар нянашага свету сышоў кудысці ва ўзгаданым накірунку.

Пакуль мы шукалі месца і аладкоўваліся, мы яшчэ некаторы час абмяркоўвалі, ці ўзнік ён на паўвыспе (бо там ёсць нейкая канструкцыя з выкладзенымі каменем канцэнтрычнымі кругамі), ці пераплыў вадасховішча (а, можа, і выплыў з яго).

Дарэчы, потым мы яшчэ выпадкова бачылі, як той самы нятуташні хлопец вяртаўся на паўвыспу, запшнуўшы спераду ў штаны бутэльку. Не ведаю, можа гэта мае нейкі глыбокі сэнс, ці частка таямнічага, змрочнага абраду, але, на ўсялякі выпадак, сёння ўранку я папоўніў запасы часныку.

адпачынак, Менск, Серабранка, здарэнні

Previous post Next post
Up