"Апантанасьць спантанасьцю"

Jul 17, 2012 18:17

На выходныя плянавалася паездка на крэйдавыя кар'еры ў Краснасельскі. Ды ня толькі, а з заездам у Мір-Наваградак-Дзятлава-карацей, усё, што па дарозе туды і назад. Але ня ўсё залежыць ад аднаго жаданьня, і пляны маюць уласцівасьць рушыцца ў апошні момант. Асабліва, калі калі плянуе Марына, доўга, старанна і ўсёй душой, ці што там у яе ёсьць. Падвяла нас машына, і мы засталіся без транспарту. Ранак быў азмрочаны гэтай навіной. А быў гэта ранак дня народзінаў "майго любага коціка". І я вырашыла паехаць на лецішча. 
Так, не было заплянаванай экскурсіі, неверагодных па прыгажосьці азёраў, купаньня... Затое якая-ніякая прырода, паветра, шашлыкі, адсутнасьць электрычнасьці на тры гадзіны, таму гатаваньне кіпня на вогнішчы і, адпаведна, локшыны хуткага прыгатаваньня на гарнір, радасьць, калі нарэшце з'явілася сьвятло, вараная бульба, сяброўскія пасядзелкі, задушэўныя размовы, пірог са сьвечкамі... А на наступны дзень вырашылі паехаць у Жодзіна. Вырашылі - паехалі. Пашпацыравалі па горадзе, пафатаграфаваліся з БелАЗам, пакаталіся на клёвым атракцыёне "Вясёлыя горкі". Атракцыён - гэта нешта. Адчуваньне, што цябе зараз выкіне проста з гэтага вагончыка, парэнча, за якую трымаесься, хістаецца, рамні бясьпекі выглядаюць надта небясьпечна... Адрэналін! :) 
А пасля мы вярнуліся на лецішча, ужо ўдвох, і гэта быў неверагодна пяшчотны і прыемны вечар...

нечаканачка, адпачынак, вандроўка, сябры, сьвята

Previous post Next post
Up