разважаньні мімаходзь

Jan 26, 2010 18:56

Мне падабаецца назіраць за людзьмі. Наогул назіраць. Сёньня мела даволі часу, пакуль чакала у чарзе.

Звычайна больш за ўсё пра чалавека кажуць ягоныя вочы, а таксама вусны. Глядзела на адну кабетку: вусны вузенькія, сьціснутыя, вочы неяк дзіўна, нават крыху драпежна, углядаюцца ў спажыўцоў, але як пачынала гаварыць, выраз твару мяняўся на ветлівы, вочы неяк "распраўляліся" й твар мяняў свой выраз такім чынам, што стваралася добрае ўражаньне пра чалавека. Пала на думку: кабетка мае праблемы зроку. Таксама, магчыма, шмат гаркоты давялося перажыць у жыцьці. Можа, і зараз нешта адбываецца непрыемнае ў заўсёднасьці.

Почасту разважаю пра тое, як думкі чалавека фармуюць выраз ягонага твару. Часам мае невясёлыя думкі спакваля сьціскаюць цягліцы твару й ператвараюць іх бы на камяні. Потым, калі хочацца пасьміхнуцца, патрабуюцца пэўныя высілкі, каб "расправіць" твар. Пастанавіла сачыць за думкамі. З рэшты, нішто ня ёсьць запозна, пакуль не прыйшоў тэрмін. Да таго-ж уласны досьвед кажа, што Пан Бог пільнуе, каб усё было магчыма трываць чалавеку. І мне таксама. Найлепш - жыць сёньня й тут. Во колькі тады нагодаў цешыцца й усьміхацца. Тады цягліцы на твары такія пругкія, такія рухавыя, а выраз твару мяккі. А галоўнае - вочы. Вочы сьветляцца так, што прыемна людзям у вочы глядзець :). Во гэта пачуцьцё! Колькі такіх гутарак вачмі за дзень адбываецца! Найважнейшае ў гутарцы вачыма таксама, як у гутарцы словамі, - не ўкалоць і не пакрыўдзіць...




Маці Тэрэза (1928 г.)

www.peoples.ru/state/sacred/teresa/tereza_5.shtml

думкі

Previous post Next post
Up