любасьць

Dec 06, 2010 14:49

...Зразумець, што ты ўпадабала, можна, апынуўшыся на адлегласьці ад зьявы, чалавека, рэчы...

Пад час вакацыяў школа выглядае пакнінута, і шчымліва сьціскаецца сэрца, калі ўяўляеш вучняў, а дакладней, безьліч сэрцаў, якія напаўняюць звычайна гэтыя спусьцелыя зараз прасторы, бо ў пустэчы разумееш, што іх бракуе. Так, я люблю працаваць зь дзецьмі.

Зараз запраўдная сьнегавая зіма. Я прыгадваю, калі мы жылі ў Серабранцы, зіма заўсёды ў тыя часы была сьнегавая, марозная. Я й мая сяброўка Сьветка ўпрасілі бацькоў набыць кожнай коўзанкі й хадзілі штодня на зьлёдаваную раку, дзе нам быў прыродай зроблены каўзель. Я глядзела на ваду празь лёд і мяне ахінала знаёмае пачуцьцё небясьпекі, даверу й адрэналіну. Маё імя Марына, што значыцца морская, напэўна, таму я ведаю характар вады, асабліва мора. Мне падабаецца вада, я люблю мора, але заўсёды перасьцерагаюся, стаўлюся далікатна, бо ведаю зьменьлівы й небясьпечны характар вады. Мне заўсёды бракуе мора. Мне трэба, каб яно было побач, таму почасту я зь ім ці ў ім праз мае думкі. А зараз мне бракуе тая рака й вельмі хочацца зноўку весела коўзацца на каўзелі. Сёньня я запрасіла матулю на каўзель, бо яна таксама хоча :).

Я люблю маё дзяцінства, сумую за ім, яно далёка, але наблізіць яго, пабыць у ім магу праз думкі, а таксама празь некаторыя рэчы, напрыклад, праз гарбузовую кашу, такую сама, як гатавала мая любая бабулечка :).

Мая матуля - прырода, яна заўжды побач, але я сумую за ёй, бо я не дакранаюся да яе так, як гэта было раней - мне хочацца зноўку басанож бегаць па голай зямлі, занурваць у яе ногі, песьціць яе рукамі, разглядаць яе колер - яна такая разнаітая ў розных месцах нашае зямное кулі! Хочацца апеклавацца лапікам зямлі й тым, што на ім. Мне бракуе абдоймаў з кустоўем і дрэвамі, пацалункаў насамі з кветкамі, але прынамсі сонца й неба заўсёды побач, прынамсі лісьце таксама будзе наноў...

Калі я ня маю мажлівасьці рабіць рукамі, яны пачынаюць сумаваць, яны набрынаюць энэргіяй, гараць бы ў ліхаманцы - праз рукі я даю любасьць сьвету.

Я люблю маіх дзядулю й бабулю - мне так іх бракуе! Але яны, дарма што, поруч - любасьць, сувязь паміж намі засталіся. Я ведаю, якія парады яны маглі-б мне даць, калі-б я запыталася; я ведаю, як-бы ўзбадзёрыць яны мяне маглі, калі-б я падышла да іх у роспачы; я ведаю, як-бы яны цешыліся, калі-б убачылі мой плён; я ведаю, якія-б яны шчасьлівыя былі, калі-б я да іх па-заўсёднаму лашчылася...

Я люблю маё жыцьцё, маю мінуласьць, мае памылкі, мае дасьягненьні, мой характар, мае звычкі, мае думкі, маё цела - бо гэта я...

разважаньні ўголас

Previous post Next post
Up