нешта нейкае й збоку бант :)

May 25, 2010 22:33

Раней я шмат пісала, вяла нейкія дыярыюшы папяровыя. Пісала, бо віравалі пачуцьці, бо хацелася выказвацца, адчуваць слова выказанае... А зараз я не нашмат іншая, зараз таксама віруюць пачуцьці, таксама хочацца іх выказваць. Нават зьбіраюся, нават рыхтуюся, нават... Але неяк яно ня йдзе. І што здарылася?..

Апошнім часам шмат што цікавага надарылася ў маім жыцьці, шмат думак, шмат назіраньняў, шмат адважных дзеяў. Я зрэшты пачала сабе дазваляць, бо раней я сабе амаль заўсёды забараняла амаль усё.

А пачалося з таго, што я пастанавіла спарадкаваць сябе, і пачала зь цела. Ад адной незвычайнай доктаркі я даведалася пра Антоніё Менэгэцьці. Пачала чытаць ягоную "Псыхасаматыку" (можна сьцягнуць зь сеціва). Потым наважылася пайсьці да псыхоляга. Потым я пачала сабе дазваляць і быць сабой. І зараз я зрэшты - гэта я. Такім парадкам я дабралася й да душы.

І сёньня я зразумела, што зрэшты жыцьцё мне падабаецца. Я глядзела на людзей, я глядзела вочы ў вочы й не баялася болю - бо яго ўжо няма, - я глядзела ўпэўненымі, усьмешлівымі вачыма, я бачыла іншыя жыцьці. Мне было прыемна. Зрэшты я жыву.

А шчэ я сёньня даведалася цікавы выраз "казеліць зрэнкі (вочы)", то бок вочы тарашчыць :)). На мяне сёньня казеліў зрэнкі адзін хлапчучок (вочы ён насамрэч меў вялікія й зьдзіўленыя), які разам з маці пайшоў у кабечую прыбіральню, і яму чамусьці было вельмі дзіўна бачыць, як я расчэсвала валасы...

думкі

Previous post Next post
Up