Уладзімір Дубоўка
За ўсе краі, за ўсе народы свету,
І што былі, і прыдуць што пасля:
Аздобленае горкім цьмяным цветам
Зазнаць нам гора лёс благі паслаў.
Скараліся і моўчкі ўсё прымалі:
Самохаць можа прыйдзе лепшы час.
Як лісцінку на поплаве качалі
І зневажалі чужаніцы нас.
Калонія праз некалькі сталеццяў,
Наедак ненажорным груганом...
Я прысягаю - праклянуць нас дзеці...
За апяшаласць нашу нам праклён.
На плечы ганьбы мы прынялі многа:
Нявольніцтва, жабрацтва навакол.
Слязьмі сясцёр чужынцам мыем ногі,
Заместа песень стогны бедакоў.
Прыціх наш край: ад гутарак аскома...
Прыціх наш край: маўчаць, усе маўчаць.
Свабодай карыстаюцца сачкомы,
Каб тых, хто мысліць, у астрог саджаць.
Дакуль чакаць і варажыць павінны?
Пакуль раса не выесць вочы нам...
З усіх бакоў над нашаю краінай
Сплялася несусветная мана.
На нашым карку торг спраўляе смела
Масква з Варшавай, з Рыгай і Літвой,
І наша змучанае катам цела
Штогодна новай кроіцца мяжой.
Масква сусвету вушы прашумела
Пра самавызначэнне аж да зор.
Смаленск дзе? Невель? Гомель дзе падзела?
Стварыла гомельскі ганебны калідар.
...............................................
...............................................
...............................................
...............................................
Мы цацкай нейкай для чужынцаў сталі,
Пасмешышчам для свету усяго,
Як быццам мала ў нашай волі сталі,
Як быццам ў сэрцах нашых згас агонь.
Браты мае! Даволі ашуканства!
Гасцей да хаты выправіць пара.
З лазы заплаканай спляцём ім кайстры
Для нарабаванага у нас дабра.
Сляды іх гідкія пяском пасыпем,
Пясочкам светленькім пасыпем іх,
Каб гэтай шумы, акупантаў-злыдняў
Апошні водгук прагучэў і сціх.
А не, дык надармо усё, жыццё надарма,
Лажыся ў яму Сам, Народзе мой, -
Пакуль ты сам не будзеш гаспадарыць,
Не развітаешся з жабрацкай калітой.
29 верасня 1926 г.
г. Менск
postavy.euro.ru/zavse.html