Пакуль малых спаць пакладзеш, чаго толькі не перакладзеш.
Адмыслова да Дня роднай мовы я сабрала разам некалькі ангельскіх песенек, якія самі па сабе абеларусіліся, пакуль мы сьпявалі іх разам з сынамі (Сымону цяпер пяць, Лявону - два з паловай). Гэтыя мэлёдыі паўсюдна: нават калі вы сьвядома не ўключаеце дзецям ютуб з Nursery Rhymes ды іншымі заходнімі ўплывамі, яны прычэкваюць вас у тэлерэкляме, на дзіцячых ранішніках, іх чуваць з нутра зробленых у Кітаі цацак. Як быць? Зьмірыцца і сьпяваць па-беларуску! Пагатоў, многія песенькі сапраўды выдатныя.
Мне дакладна вядома, што ангельскія песенькі шмат і плённа перакладалі Сьвятлана Тоўсьцік і Серж Мінскевіч.
Праект Сьвятланы Тоўсьцік выйшаў год таму ў кніжцы і на дыску. Перакананая, што перакладчыкаў сярод маладых бацькоў значна больш. З радасьцю далучаюся да гэтага руху.
ARE YOU SLEEPING, BROTHER JOHN?
Прачынайся, прачынайся,
брат Лявон, брат Лявон,
Пасьля доўгай ночкі зазьвіняць званочкі
Дзінь-дзінь-дон, дзінь-дзінь-дон.
(Пераклад ангельскай версіі старажытнай французскай песенькі пра манаха. Як гэта часта бывае з эўрапэйскімі песенькамі, яна зь гістарычным падтэкстамі. Але мэты перакладаць іх усе я ня мела).
TWINKLE, TWINKLE, LITTLE STAR
Зорка, зорачка, зіхці.
Што ты, што ў маім жыцьці?
У скарбонцы неба ты
Нібы грошык залаты.
(
Вершык брытанскай паэткі Джэйн Тэйлар (1783-1824), які яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі зрабіўся папулярнай калыханкай, мае пяць строфаў. Але на ютубе найчасьцей можна пачуць толькі першыя радкі).
DADDY FINGER, WHERE ARE YOU
Татка-пальчык, татка-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!
Мама-пальчык, мама-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!
Братка-пальчык, братка-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!
Сястра-пальчык, сястра-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!
Дзетка-пальчык, дзетка-пальчык, дзе ты, дзе?
Вось і я, вось і я, добры дзень!
(Гэтую песеньку мы сьпяваем зь Лявонам перад выхадам з дому. Толькі на другім дзіцёнку я даўмелася, што яе прыдумалі, каб надзяваць малым пальчаткі. Лявон імправізуе: любіць даваць імёны пальчыкам).
OLD MCDONALD HAD A FARM
Хутар дзеда Васіля, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе нам цяля, тра-ля-ля-ля-ля.
Цяля му-му там і му-му тут,
Тут му-му, там му-му
І паўсюдна му-му,
Во цяля ды ў Васіля, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Сержука, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе вепрука, тра-ля-ля-ля-ля.
Вяпрук рох-рох там і рох-рох тут,
Тут рох-рох, там рох-рох
І паўсюдна рох-рох,
Во вяпрук у Сержука, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Янука, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе індыка, тра-ля-ля-ля-ля.
Індык дык-дык там і дык-дык тут,
Тут дык-дык, там дык-дык
І паўсюдна дык-дык,
Во індык у Янука, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Юрася, тра-ля-ля-ля-ля.
Дзед гадуе карася, тра-ля-ля-ля-ля.
Карась буль-буль там і буль-буль тут,
Тут буль-буль, там буль-буль,
І паўсюдна буль-буль,
Во карась у Юрася, тра-ля-ля-ля-ля!
Хутар дзеда Талаша, тра-ля-ля-ля-ля.
У яго пяе душа, тра-ля-ля-ля-ля.
Бо ён без му-му і без рох-рох,
Без дык-дык, без буль-буль,
Толькі ля, ля, ля, ля!
Во душа ды ў Талаша, тра-ля-ля-ля-ля!
(Гэта крыху постмадэрністычны пераклад, бо арыгінал заточаны на запамінаньне жывёльных гукаў, а ў мяне гэта паплыло ня ў той бок ужо на куплеце з карасём. Лявон пакуль не дарос, а Сымон яе любіць, толькі замест "траляляляля" ўсё адно сьпявае ія-ія-о, як у арыгінале).
RAIN, RAIN, GO AWAY
Хай дождж не ідзе,
Хай пральецца ў іншы дзень,
Бурбалкамі па вадзе
Хай дождж не ідзе.
Хай дождж не ідзе,
Хай пральецца ў іншы дзень,
Мама нас гуляць вядзе,
Хай дождж не ідзе.
Хай дождж не ідзе,
Бурбалкамі па вадзе.
Тата нас гуляць вядзе,
Хай дождж не ідзе.
(Запозьнена дадаю і гэты вершык, сьпяваем з малымі, калі ідзе дождж, каб ня йшоў).
Працяг будзе, але гэта недакладна:)
Са сьвятам роднай мовы ўсіх, хто сьвяткуе!