"Хорошая детская кніга должна быть с глазамі", - сказала мне сястра, калі яе сыну быў годзік. Малы сядзеў на гаршчку і загіпнатызавана глядзеў на чорныя пластыкавыя вочкі, што бегалі па твары кардоннага коціка. Цяпер, калі Сымон набліжаецца да таго ж веку, у бездань гэтых зрэнак пачалі ўглядацца і мы. Яно зразумела, што калі пластыкавыя вочкі наляпіць на белы кардон, эфект будзе той самы, але выдавецтвы, якія прыдумалі такія кнігі, знайшлі залатую жылу. Дзіця глядзіць на вочкі, а бацькам здаецца, што атожылак з галавой паглыбіўся ў літаратуру.
У нашай бібліятэчцы кніг з вачыма ўжо каля дзесяці. Кніжкі стракатыя, шаблонныя звяркі-макрацэфалы, маляваныя пад капірку. Вельмі часта адны і тыя ж персанажы вандруюць з кнігі ў кнігу, безадносна сюжэту. Галоўнае, каб вочкі бегалі. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца адзін тлусты верабейка.
Вершы ў такіх кнігах кепскія, чытаць іх дзецям не варта, каб не псаваць змалку густ, але, думаю, да чытання і не даходзіць, бо вочкі. У першыя тры месяцы жыцця Сымона гэтыя кніжкі траплялі да нас у пакетах з "самым неабходным" і тут жа накіроўваліся ў цёмную скрыню, але адна кніга затрымалася на паверхні. Яна мела спекулятыўную назву "Учім цвета", гэта і падкупіла адну з нашых бабуль. Тая заявіла, што будзе вучыць з унукам колеры.
Канкрэна гэтую кнігу, як і многія іншыя, друкавалі ў Растове, але для мяне ўсё гэта - суцэльнае "эксма". Бо дураць насельніцтва. Так, мастака кнігі
"Учім цвета" яўна забылі папярэдзіць, што па яго кнізе дзеці будуць вучыць колеры.
Адным словам, падчас аднаго з пралактынавых штормаў, спужаўшыся, што бабуля сапраўды пачне чытаць Сымону гэтыя вершыкі, я за ноч пераклала кніжку на беларускую мову. Бабуля зрэшты забылася пра свой адукацыйны план, усё аціхла.
Прайшоў час і Сымон сам аднекуль выцягнуў кнігу, я стала яму чытаць вершыкі. Магчыма, гэта ўсё вочкі, але сядзеў, слухаў. Вырашыла змясціць тут, можа, у кагосьці ёсць такая ж кніжка, дык хай дзіця парадуецца.
Першы разгарот не перакладала, бо там проста шызафрэнія: побач маленькая зебра і той самы гастралёр-верабейка гіганцкіх памераў.
Другі разгарот: Прабачаюся за фоцік. Колеры ў арыгінале менавіта такія, як напісана ў вершах.
ЛІТАРАТАР
Разваліўся блізу Ніла
мілы алігатар.
Нілам так яго натхніла -
стаў ён літаратар.
Казачнік - усім наздзіў!
Піша пранікнёна:
"Жыў-быў жоўты кракадзіл
на пяску зялёным".
Трэці разгарот. Увогуле, відавочна, што мастак хацеў расказаць пра творчыя прафесіі. Надоўга заліпла над арыгінальным вершам, спрабуючы адшукаць на малюнку блакінтую спадніцу.
МАДЭЛЬЕРКА
Крочыць срэбная зіма,
і рудая ліска
футра справіла сама,
бо Каляды блізка.
Сіні гузік - проста шык!
Цёпла лісцы дужа.
Не пужаюць ледзяшы,
белы снег і сцюжа.
І да твару кралі з краль
бірузовы шалік!
Ліску на калядны баль
мышкі запрашалі.
Чацвёрты разгарот:
МАСТАК
Меў ружовы парсючок
творчыя намеры,
бавіў ён да глянцу шчок
вечар на пленэры.
Уяўленне - вось сакрэт!
Напісаў ён гэтак
фіялетавы партрэт
для блакітных кветак.
Пяты разгарот:
СПЯВАК
На зялёнай мураве
мядзведзь-буравушак,
у яго на галаве
сіні капялюшык.
Зверху - жоўты паясок,
як сланечнік з градкі,
чорны бліскае насок,
ружавеюць пяткі.
І сталёвы мікрафон
ў мішкі-суперстара.
Так, спявак стылёвы ён!
Дзе яго гітара?