БОЛЕВАЯ РАДЫЁКРОПКА

May 26, 2014 10:00

“Слушали минское радио. Полный отстой”.

Ня ведаю, што буду рабіць на хутары, калі адрубяць радыё “Культура”. Мыла кухню пад “Тангейзэра”, фарбавала столь пад Таню Сівец. Прычым Таня выступала двойчы за дзень у розных праграмах - калі я наносіла першы і калі другі слой. Потым клеіла шпалеры пад 80-годдзе Кастуся Цьвіркі. Адказваючы на пытаньне пра колеры вокладак “Беларускага кнігазбора”, шаноўны мэтр сказаў, што сіні колер прыдумалі для замежнай літаратуры, выпусьцілі два тамы - Гётэ і Дастаеўскага - але пасьля ад ідэі друкаваць аўтараў-"небеларусаў" адмовіліся, бо ў нас МАЛА ПЕРАКЛАДЧЫКАЎ. Во як.

Потым слухала віншаваньні. Адна дзяўчына перадала бабулі верш з радкамі: Запомни раз и навсегда / Твои года - твоё богатство. Нацыя паэтаў, ёпта. Я захапляюся лёгкасьцю, з якой нашы людзі кладуць усё: сэнс вершу і яго патас - на алтар РЫФМЫ. Канкрэтна ў гэтым выпадку намалявалася выдатная карціна. 70-гадовая бабуля сядзіць і плача: бліна, зноў ДН, зморшчкі як у кракадзіла, ботакс разлезся, мужчыны ігнаруюць. А ўнучка слухае, слухае і не вытрымлівае: “Запомні, бабка, раз і навсегда”…

Зрэшты, і супрацоўнікі радыё не адстаюць ад народу. Напрыклад, вядучая літаратурнай перадачы “Гаспода” так прадставіла слухачу 80-гадовага Цьвірку. “Да свайго юбілею пісьменьнік пасьпеў нямала”.

Цікава, што яны рабілі б, каб 80-гадовы літаратар мала пасьпеў за бяз малага 60 год творчасьці?

На гэтым мае дробныя прэтэнзіі на радыёкропкі не сьсякаюць. Паслухала вечаровую музычную перадачу - залётны італьянскі сьпявак, які ў Беларусі з гастролямі, меў гутарку. Дык вось, гутарку пасьлядоўна перакладалі з АНГЕЛЬСКАЙ на РУСКУЮ. Прычым дзяўчына-перакладчык дзелала эта, как умела. То бок, калі б усё адбывалася ў бары пад піва, я б не зважала, але, паўтаруся, гэта радыёкропка, якую я слухаю на хутары, калі я вару боршч, тут мусіць быць узровень, мусіць быць хоць нейкае падабенства прафэсіяналізму. Няўжо цяжка было знайсьці ў Менску італьяна-беларускага перакладчыка, які зрабіў бы гэта нават за грацые, за магчымасьць падачыняцца з Ларэнца?

Здаецца, беларускае радыё, а асабліва канал “Культура” расслабіліся напярэдадні адключэньня. Прызвычаіліся, што іх ня слухаюць, і што можна ляпаць.

Але я слухаю. Я мыю і слухаю.

“Парижане поверхностны”.

літаратура

Previous post Next post
Up