Nov 17, 2011 11:52
Чытаю прэсу апошняга часу і фігею ад таго, як усе раптам кінуліся мусоліць праблему рускай і беларускай моўнай канфрантацыі ў Беларусі і ў прыватнасьці праблему нібыта дыскрымінацыі рускамоўнай большасьці беларускамоўнай меншасьцю. Ня толькі ў мяне складаецца адчуваньне, што і ў гэтым пляне таксама вяртаюцца шалёныя дзевяностыя.
Культуры ніколі ня варта абальшчацца - калі дзесьці гаворка пра культуру, рэч, як правіла, далёка не ў самой культуры. Пра беларускую мову і яе "агрэсію" маўчалі сем сытых гадоў, пакуль у нас была "стабільнасьць". Да гэтай тэмы проста з куста вярнуліся сёньня, калі краіна занурылася ў эканамічны крызіс. Як і ў 1990-я, улады бачаць нейкую мэтазгоднасьць у тым, каб пужаць электарат казкамі пра Зянона Пазьняка.
Толькі вось калі ўдзевяностыя гэтыя казкі мелі пад сабой хоць нейкі грунт рэчаіснасьці, у нулявыя яны гучаць менавіта як казкі. Думаю, праблема ў тым, што экскаляцыя варажнечы па моўным прынцыпе была лукашэнкаўскай ідэалёгіяй "на скрорую руку" - новапастаўленая вэртыкаль яе сьляпіла із таго, што была, каб хуценька ўпаяць насельніцтву. Потым замест бытоўкі паставілі унушальны палац ідэалягемы "эканамічнага цуду". І вось калі гэты палац абрынуўся, не застаецца нічга іншага, як рэанімаваць старыя, правераныя часам спосабы пусьціць народны гнеў у бясьпечнае рэчышча.
Як ні сьмешна, гэтыя спосабы прыўкрасна рэанімуюцца. Бо для іх рэанімацыі нічога ня варта рабіць - варта паказаць чырвоную анучу псэўдааналітыкам зь нізкім узроўнем інтэлекту кшталту гэтага Дзьмітрыя Растаева. Бо казкі пра Зянона Пазьняка - гэта ўжо скарбонка беларускага фальклёру - няхай дзеці вырасьлі, ім усё адно страшна.
Я тут занялася прымітыўнай статыстыкай - пералічыла па моўным прынцыпе writers у самым шырокім сэнсе гэтага слова, якія трапілі ў турмы пасьля 19 сьнежня. Дык вось, зь сямі пісьменьнікаў ды журналістаў-палітвязьняў трое - беларускамоўныя (Павал Севярынец, Уладзімір Някляеў, Алесь Бяляцкі), чацьвёра - рускамоўныя (Андрэй Саннікаў, Ірына Халіп, Натальля Радзіна, Аляксандар Фядута). Мне ляніва пералічваць палітыкаў-непісьменьнікаў, але думаю, там прапорцыя будзе такая самая. Дык вось - калі ў турмах былі тыя, хто хацеў зрабіць пераварот і прыйсьці да ўлады, то пры чым тут тады беларуская мова як прыкмета апазыцыі? Так, у турмах апынуліся тыя, хто дэманструе павагу да беларускай як да тытульнай мовы нацыі - гэта, мне здаеца, адзнака інтэлігентнага чалавека. Але пра якую моўную дыфэрэнцыяцыю ўвогуле можа быць гаворка сёньня, у эпоху гугл транслэйту?
Іншы закід, які я прачытала ў гора-аналітыкаў, быў у адрас беларускіх пісьменьнікаў, а канкрэтна ПЭН-Цэнтру - у русафобіі. Маўляў, ПЭН-Цэнтр у 1990-я муціў ваду беларускага балота і распальваў міжнацыянальную варажнечу.
Па доўгу службы я цяпер разьбіраю архіў Беларускага ПЭН-Цэнтру, і таму ўсе гэтыя закіды чытаць для мяне вельмі дзіўна. Пачнём з таго, што першыя паперы, датычныя заснаваньня Беларускага ПЭНу, датуюцца яшчэ 1989 годам, і там лезь не прамым тэкстам Беларускі ПЭН ствараецца як адгалінаваньне Расійскага - у савецкія часы нельга было іначай. І толькі ў 1990-м - 1991-м наўпрост усталёўваецца сувязь зь Міжнародным ПЭН-Клюбам. Больш затое, галоўны натхняльнік і заснавальнік беларускага ПЭНу - рускамоўны пісьменьнік Алесь Адамовіч. Ён, ясна, шмат чаго перагледзеў у канцы жыцьця, але па сутнасьці ў яго камандзе тады былі прадстаўленыя абедзьве моўныя групы нашых літаратараў, а кіраваў усімі ваабшчэ Карлас Шэрман - лацінаамэрыканскі габрэй, у якога роднымі мовай была гішпанская (няхай старэйшыя мяне паправяць, калі я памыляюся). ПЭН-Цэнтру, у прынцыпе, было ў харошым сэнсе пофіг на мову - галоўная прыкмета, па якой групаваліся пісьменьнікі, было непрыняцьце савецкай сітэмы і мара пра дэмакратыю. Казаць, што ПЭН - русафобская арганізацыя - не разумець прынцыпаў дзеяньня грамадзкіх аб'яднаньняў, што функцыянуюць па заходнім тыпе. ПЭН-Клюб - не саюз пісьменьнікаў, гэта аб'яднаньне, для ўступленьня ў якое мала выпусьціць кнігу твораў, трэба яшчэ быць носьбітам пэўных каштоўнасьцяў, абаронцам правоў і годнасьці чалавека. ПЭН-Клюб выступае з заявамі тады, калі бачыць, што правы нейкіх пісьменьнікаў ці групы пісьменьнікаў зьняважаныя. І калі ў 1995 гозе быў праведзены фальшывы рэфэрэндум пра мову і пачаўся ўціск беларускамоўных у Беларусі, ясна, што ПЭН выступіў з заявай, і не адной, - здаецца, нават склікалі спэцыяльную канфэрэнцыю з гэтай нагоды.
Я думаю, што калі б па выніках выбараў 1994 году да ўлады прыйшлі тыя, хто б сапраўды пачаў саджаць рускіх на чамаданы, ПЭН быў бы сёньня вядомы як беларусафобская арганізацыя.
Карацей, давайце ня будзем даваць сябе падмануць чырвонымі анучамі, функцыя якіх - адцягваць увагу ад сапраўды істотных праблемаў, якія аб'яноўваюць жыхароў сёньняшняй Беларусі незалежна ад іх нацыянальнасьцяў і моваў.
-----
Update Забыла расказаць самы вялікі кампрамат на ПЭН-Цэнтр, раскапаны ў нетрах архіву. У Канцы 1980-х Карлас Шэрман пераклаў на гішпанскую мову раман Мікалая Чаргінца. Я замаўляла гэтую кнігу ў Нацыяналцы. Ніфіга незразумела, але, я думаю, гэта прыўкрасная кніга. Выйшла ў 1990 годзе ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" на крэйдавай паперы.
не магу маўчаць