УСЕБЕЛАРУСКАЯ ЗАБАСТОЎКА ЖАНЧЫН

Nov 20, 2013 11:00

Originally posted by maryjka_ at УСЕБЕЛАРУСКАЯ ЗАБАСТОЎКА ЖАНЧЫН
Часам я ўяўляю сабе ўсебеларускую жаночую забастоўку. Беларускім жанчынам так часта нагадваюць, што іх месца на кухні, што вось аднойчы - скажам, 28 лістапада - мы ўсе бярэм і не выходзім на працу ды вучобу. Замужнія сядзяць дома і вараць боршч, незамужнія сядзяць тамсама і вышываюць пасаг.

Жаночая забастоўка патрэбная мне чыста зь цікавасці: якія часткі грамадзкага жыцьця стануць колам, а якія працягнуць функцыянаваць, як нічога ніякага?

Напрыклад, менскі мэтрапалітэн. Будзе езьдзіць - бо машыністы спрэс мужчыны. Затое натоўпы ашалелых пацаноў ды дзядзькаў, якія ў той дзень паедуць на працу, будуць спускацца да вагонаў абсалютна бесперашкодна і бясплатна - ня бачыла сярод касіраў ды дыспэтчараў мужчыну ніколі і ніразу.

Іншая справа экстраная хірургія. Яно, канешне, хірургі таксама спрэс мужчынскага полу, але цікава, наколькі паўнавартасна яны могуць працаваць без брыгады апэрацыйных сёстраў. За час збору брыгады апэрацыйных братоў некалькі пацыентаў могуць памерці.

Замруць школы - і ў большасьці зь іх нават дадому настаўнікам ніхто ня будзе тэлефанаваць, бо завучы і дырэктары - жанчыны. І нават з РАНА ніхто ня дасьць па шапцы, бо... Ну, вы зразумелі. Увесь бюракратычны апарат пабарахліць і вырубіцца. Шухер пачнецца толькі на ўзроўні кабінэту міністраў.

Пазачыняюцца крамы. Грузчыкі без экспэдытараў падвязуць сьвежыя прадукты, але ніхто не адчыніць ім прахадныя. У нашым хлебным - знакамітай “Зорачцы” на Коласа, камандваньне на сябе возьме студэнт Рома, якога ў іншыя дні шпыняюць па адзьдзеле строгія загадчыца і прадавачка. Ведаючы Рому, у хлебнай "Зорачцы" 28 лістапада пачнецца хапун. Я асабіста пайду падтырыць пару ванільных бублікаў.

Не адчыняцца а дзясятай галерэя Ў ды кнігарня “логвінаЎ”. А дванаццатай мой зьнерваваны муж, не дабудзіўшыся па тэлефоне Ігара, схопіць ключы і пабяжыць за касу, нават не пад'еўшы баршчу.

Заціхне “Будзьма” і Саюз пісьменьнікаў. Сарвецца спуск у друк газэты “Новы час”. Спыняцца тралейбусы і трамваі.
“Наша ніва” будзе вяшчаць пра надзвычайную сытуацыю ў поўным аб’ёме.

Дарэчы, пра надзвычайныя сытуацыі. Да крытычнага мінімуму дойдзе лік фельчараў хуткай дапамогі, затое мянты і пажарныя будуць спраўна выяжджаць на выклікі. Хоць зрабіць выклік стане лічы немагчыма, бо дыспэтчаркі...

Пра незалежнасьць Беларусі 1991 году многія кажуць як пра тое, што беларусы атрымалі авансам, на халяву, не змагаючыся за гэта, таму цяпер ня ведаюць, што з гэтай незалежнасьцю рабіць і часова выкарыстоўваюць, каб падпіраць дзьверы. Нешта падобнае можна сказаць і аб правах жанчынаў. Павальная і імклівая эмансіпацыя, якую зазналі беларускі за савецкім часам, назаўжды зьмяніла структуру грамадзтва, інкарпаравалі жанчын ува ўсе жыцьцёва важныя сфэры жыцьцядзйнасьці, але адносіны мужчын да жанчын і жанчын да сябе мала зьмяніліся. Па-ранейшаму на ўзроўні сымбаляў ды стэрэатыпаў жанчын расцэньваюць найперш праз прызму сям’і, - а потым ужо ўсё астатняе. Неабходная нейкая яскравая ілюстрацыя, каб прадэманстраваць: жанчына, якая сёньня сядзіць дома, - не норма, а варыянт нормы.

28 ліспапада - усебеларуская забастоўка жанчын.
Previous post Next post
Up