Feb 25, 2012 02:08
У камэнтарох да папярэдняга посту пан Гедыгольд выказаў, у чарговы раз, папулярнае ў нашых гістарычных і каля-гістарычных колах сьцьверджаньне: "Усяслаў Брачыславіч быў дрэнным стратэгам". І тут пан Гедыгольд улез у маё балота...
Ня першы год займаючыся гісторыяй Полацкай зямлі, я ва ўпор не магу пагадзіцца з дадзеным, досыць папулярным, цьверджаньнем. Перш за ўсё таму, што саму пастаноўку пытаньня лічу не зусім карэктнай.
1 - "добры/дрэнны стратэг" - якасьць пэрсанальная і адносная. Даніла Галіцкі добры стратэг? Міндоўг добры стратэг? Шэрг можна працягваць.
2 - наяўныя крыніцы аб Усяславе - выключна паўднёварускага паходжаньня, яны, відавочна, ня поўныя, і не адлюстроўваюць таго, як, прайграўшы амаль ўсе вядомыя нам кампаніі, гэты князь памёр уладаром незалежнай дзяржавы, межы якой ахоплівалі, як мінімум, сучасную паўночную Беларусь і часту паўднёва-ўсходняй Латвіі?
Эпізод з бацькам Усяслава, Брачыславам Ізяславічам, адносна яго пройгрыша Яраславу Ўладзіміравічу, пасьля якога апошні йдзе на заключэньне міру ды адпісвае Полацку два ключавыя верхнепадзьвінскія гарады, падаецца, досыць яскрава ілюструе магчымасьць таго, што кіеўскі летапісец меў схільнасьць крыху прыфарбаваць у галіне ваенных посьпехаў сваёх патронаў.
Зараз па канкрэтных эпізодах (падаю выключна тэзы, чытачы, мяркую з крыніцамі ды літаратурай збольшага знаёмыя):
1. Паходы на Пскоў і Ноўгарад. Традыцыйная геапалітычная неабходнасьць, Усяслаў толькі працягнуў палітыку бацькі (ды Ўладзіміра Сьвятаславіча, у нейкім сэнсе, толькі з адваротнага боку). Паўднёваруская частка "шляху" ня мела альтэрнатываў - там быў наддняпроўскі Кіеў. А вось геагравія паўночнай альтэрнатыву спараджала - Полацак на Дзьвіне, Ноўгарад, Пскоў, Ладага на паўночных рэках-вазёрах. А Балівар ня вынесе абодвух: эканамічная канкурэнцыя пры звыш-прыбытках па гандлі футрам - гэта вам не за 5% мэтавай групы спрачацца.
2. Няміга-Ворша-палон. Зноў жа, заканамерны вынік. Ад Усяслава тут мала што залежыла. Ён вярнуўся з адной вайны, мусіў хутка ісьці на іншую, ня факт, што з усім войскам, а ня толькі з дружынай, як, напрыклад, Олаф Тругвасан. Дарэчы, паланілі яго не адразу па бітве, абставінаў мы дэталёва ня ведаем, пераможцы адступаюць да Воршы, чаму - зноў жа, невядома. Так што, я б ня стаў адназначна расцэньваць Нямігу, як поўную паразу Ўсяслава (пакуль ня будзе знойдзены Полацкі летапіс :-)).
3. Пераварот у Кіеве і наступная байда. Усяслава пасадзілі на стол асабліва не запытаўшыся ягонага жаданьня, зь яго боку - чыстай вады авантура. Зразумела, што яму й блізка на той момант ня быў патрэбен кіеўскі стол, калі ў яго быў уласны, з больш кампактнай зямлёй, запасамі каштоўнай сыравіны ды меншым колам праблемаў. Ён і ўцёк дадому. Biez pożegnania.
4. Выгнаньне з Полацку, паход на Ноўгарад. Абставіны невядомыя. Мая думка: пры пагрозе вайны веча адказвае яму ў даверы (няўдачы ў мінулай кампаніі, ды й ад бітвы зьбег, што было - тое было), ён уцякае, для вяртаньня ваярскага статусу ўзначальвае паход водзі (наўрадці ён яго арганізаваў, хутчэй, прапанавалі стаць на чале), церпіць паразу, гады два недзе швэндаецца, магчыма, шукае новых шляхоў праславіцца ў вачох палачанаў, мы ня ведаем. Потым нафіг выгяняе кіяўлянчыка з полацкага пасаду, ды вяртае сабе ўладу, зноў жа, пры невядомых абтавінах. Прыватна я мяркую, што набыў давер або падтрымку веча.
5. Наступны перыяд амаль невядомы, нейкіх глябальных катаклізмаў няма, Усяслаў кіруе Полацкай зямлёй,ды перадае яе сынам. Мір з Рурыкавічамі, збольшага, падтрымліваўся. Радыкальныя зьмены (калі Менск ня браць пад увагу, Глеб там яўна гарачку спароў) адбыліся толькі ў канцы 20-х гадоў ХІІ ст., але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
І яшчэ: адсутнасьць прамых зьвестак аб асобе Ўсяслава не адмяняе зьвестак усксоных. Чаго толькі вартая ўжо прыгаданая мной выключная дэталізацыя часу сьмерці (6609, месяца априля въ 14 день, у 9 день, в среду). Ну й раю перачытаць старонку апакаліптыча-астранамічных трызьненьняў летапісца пасьля аднаго радку: "В то же лето Всеславъ седе рать почал".
Полацак,
гісторыя,
Гардар,
Крыўя,
Русь