Feb 25, 2012 00:32
Усяслаў ня вёў блогу. Небарака ня ведаў “фэйсбуку”.
Не “прасунуты” князь быў. Ці, увогуле, быў ён пісьменны?
Ні “камэнту” нідзе ад яго, ды і ў “скайпе” - ня гуку,
Распавесьці ці можна аб ім пакаленьням мадэрным?
Тое, як на Нямізе пад чэпам ламіліся косьці,
Не здымаў, на “ю-т’юбе” павесіць узяўшы за мэту,
Пра хаду перамоваў пад Воршай навінаў на “твітэр” ня посьціў,
Ды й кіяне сваю рэвалюцыю ладзілі без інтэрнэту…
Ні на форумах, ні ў ЖЖ не пакінўшы сьледу,
Штурмам сьцены ён браў, не камэнты сьціраў са “сьцяны”,
Зь Белаграду няўлоўна зьнікаў (пра IP ніхто, мабыць, ня ведаў),
Без “мабілы” пачуўшы, як у Полацку б’юць у званы.
Хто сказаў, што дзяды для дасьціпных “прыколаў” сасьпелі?
Танным гумарам Крыўі старой падмяняюцца мроі ды мары.
Вы забыліся, мабыць, як Ноўгарад з Псковам дрыжэлі,
Калі грукаў у браму апошні вікінг Гардару?!
Як стагодзьдзі таму, Сонцу зноў перабегшы дарогу,
Сыйдзе Воўк у нябыт каб аднойчы зь нябыту паўстаць…
Усяслаў ня вёў блогу. Ён Ноўгарад браў у аблогу,
Ды ўмеў, калі трэба, з Сафіі званы пазьнімаць.
Полацак,
гісторыя,
Гардар,
Крыўя,
Русь,
вершы