May 20, 2009 21:44
Калі людзі засынаюць, горад расплюшчвае сваё чорнае вока. Яно вабіць новым і невядомым. Яно патаемнае, яно натхняе і робіць цябе самім сабою.
Ноч наталяе смагу па незвычайным. І вызваляе ў табе летуценніка.
Я люблю ноч. Ціша і спакой. На вуліцы і на душы.
Па начах прыходзяць вершы. Пра нераздзеленае каханне, Садом і Гамору i memento mori.
Я люблю ноч. Поначы можна сядзець ля акна з кубкам толькі зваранай кавы і назіраць, як па пустым праспекце між нітак ліхтароў плывуць тралейбусы. Ж-ж-ж-ж-ш-ш-ш-ш. Ш-ш-ш-ш-ж-ж-ж. Плывуць тралейбусы. І я разам з імі.
Дзесьці гудзіць тралейбус:
Яму халодна па марознай ночы
Бегаць па лініях электраперадач
І вазіць выпадковых пасажыраў.
А ў дэпо ўжо нервуецца жонка
І вярэдзіць душу папрокам,
Быццам ён навылёты ночы
Не працуе на вуліцах Мінска,
А вандруе паўсюль з каханкай.
А ці ж той тралейбус віноўны,
Што люблю падарожжы начныя...