Паводле легенды, цяжкахвораму мужчыне тыбецкі манах параіў знайсці крыніцу і піць з яе ваду - каб вылечыцца. Але не проста крыніцу, а тую, дзе з зямлі б'е "мёртвая" і "жывая" вада. Усяго такіх крыніцаў 7 у свеце, і адна з іх знаходзіцца ў Беларусі. Крыніца неасвечаная, але за вадою прыходзіць шмат людзей - вераць у цудадзейныя якасці вадзіцы. Што ж да смаку, я адчула розніцу, хоць і падыходзіла да пытання скептычна - з "жывой" крыніцы вада больш мяккая.
А калі верыць той жа легендзе, то "мёртвая" вада арганізм ачышчае, а "жывае" - дадае сілаў. У мяне таксама ёсць меркаванне: я лічу, што вада па-любому ачышчае і дадае сілаў, пры ўмове што яна чыстая. Не дарма дыетолагі ўсяго свету рэкамендуюць замест гарбаткі-кавы-колы піць чыстую негазаваную ваду.
Жабка, якая сядзіць у левым ніжнім вуглу здымка, са мною згодная, а таксама не супраць новых наведнікаў крыніцы, а таму -
Гэтае месца размешчана ля вёскі Косічы Навагрудскага раёну Гродзенскай вобласці. Яго лёгка пазнаць - тут дрэўцы ўжо пры дарозе абвязаныя насоўкамі.
Дрэвы ля крыніцаў пераважна растуць парамі. Цікава, што за феномен такі?
Побач - шыльдачка з просьбаю не пакідаць за смецце і браць ваду толькі з самых крыніцаў, а не з ручая, якую яны ўтвараюць.
Смецце, дарэчы, заўважана ў пакетах, бачыце - вунь, вісяць на дрэве. Сметніцы няма, не ведаюць пра гэта спецслужбы, мо і добра.
Для падарожнікаў, якія жадаюць адпачыць, ёсць лавачкі, вельмі прыгожа аздобленыя мохам маткай-прыродай!
За тэрыторыяй, апроч прыроды, нехта рупліва даглядае. Косіць траўку, робіць плот. Людзі - істоты добрыя самыя па сабе, я гэта заўсёды ведала.
Стаміліся хадзіць вакол да каля...? Вось і крынічкі!
Бачыце, злева няма накрыўкі? Там вада "мёртвая". Справа ў тым, што драўляныя накрыўкі згніваюць за некалькі дзён, а зробленыя з іншых матэрыялаў пакрываюцца чымсці гадкім ) пэўна, карычневым казачным мохам.
Затое з аднаго боку крыніцы расце цудоўнага колеру зялёны мох.
А ўнутры кальца бачны несімпатычны карычневы мох, які так і заахвочвае спрабаваць вадзіцы.
Жабкі таксама заахвочваюць, іх тут цэлыя сем'і! Ўсе такія цікаўныя, назіраюць за людзьмі, казачныя жабкі! Любяць фатографаў, а фатографы любяць іх!
А гэтая прыгажуня вядзе назіранні з ніжняга ракурсу:
Побач б'е "жывая" вада, адтуль больш ахвоча набіраюць ваду з сабою, бо яна можа доўга ляжаць - у ёй не ўтвараюцца водарасці.
Калі я там была, то іншых людзей было няшмат. Але мо пасля гэтага цудоўнага псто, праплачанага "мёртвай" і "жывой" вадою, з'явяцца тлумы. Спадзяюся, тлумы не будуць пакідаць смецце, надта гэтае месца мне спадабалася, не хочацца шкадаваць, што я пра яго расказала ўсім сваім двухстам знаёмым. Так што глядзіце, не расчароўвайце!
А ведаеце, што яшчэ так, на першы погляд, адрознівае крыніцы?
Вада з "мёртвай" льецца не сказаць каб павольна, але не спяшаецца, бо куды?..
А з "жывой" так і бяжаць, ух!..
Абодва ручайкі зліваюцца ў адзін
І бягуць сабе ў лес
Вось і падыйшла да свайго завяршэння нашая вандроўка. А тыя, хто даглядзеў да апошняй фотачкі, малайчына. :)