Dec 01, 2008 12:26
Усё ў гэты дзень ішло не так. З самага ранку.
Тэмпература - 2 градусы вышэй за нуль. Снег пачаў таяць. З крыш, карнізаў - шлеп, шлеп...Рана ці позна гэта павінна было пачацца, але чаму сёння? Што за мярзотны клімат...Вецер у твар, чубчыку канец, і макіяж, напэўна….не, лепш пра гэта не думаць.
Стаматалогію я не знайшла. Можаце запісаць мяне ў лік хворых на тапаграфічны крэтынізм, але…..А як яе знойдзеш, калі мама нават не здолела добра растлумачыць, дзе там ісці… Шыльды - ніякай нідзе. На ўваходзе ў цэнтр бальнеалячэння (як гаварыла мама, стаматалогія ў тым жа будынку ці недзе побач) мне сказалі: “Вам далей”. Далей - гэта куды??? Дзвярэй з пяць. Тыя дзве, што хоць кольвечы былі падобныя на уваход, зачыненыя. У каго спытаць? Нікога няма. І галоўнае, спазняюся ж!!! Ужо на 15 хвілін…А каб вас….можа, калі б я не была такая бязглуздая, такая нясмелая, я б вынайшла спосаб знайсці гэтую клініку, чорт бы яе браў….Урэшце, прыперла б да сцяны тую дзяўчыну з цэнтра, каб растлумачыла падрабязней… Але я - Лена Лосева. І я іду дамоў, бо да заняткаў яшчэ дзве гадзіны. Іду і шкадую сама сябе. На хвіліну падумала - можа, не дамоў, можа, паехаць ў магазін, тканіну для калекцыі глядзець? Не. З такім настроем…уся калекцыя будзе чорнага колеру. Лепш дамоў. Там яшчэ недзе кавалачак шакаладкі застаўся….
Паршыва дзень пачаўся. А калі ўжо не шанцуе напачатку, то і потым не чакай ад лёсу прыемнага (а чакаць хацелася, бо сёння як раз два прадметы, з якімі ў мяне праблемы). І…на першую пару я не пайшла. Затое зноў глядзела гэты фільм (які раз за тыдзень?!). Не пайшла і на другую - таксама фільм глядзела, толькі іншы. Фільм скончыўся, а я сіжу і ледзь не плачу. На якое гаўно, прабачце, я патраціла час!!! З першых жа кадраў было бачна, што гэта заслугоўвае менавіта такой назвы…. Ды не ў фільме справа. Проста ўвечары буду атрымоўваць ад мамы па галаве. Просто я ні на што не здатная. Адчуваю сябе бруднаю і нікчэмнаю, і не ведаю, як адмыцца… Восеньскі сум бярэ сваё. Раней ці пазней - усё роўна бярэ. Гэты раз я пратрымалася трохі даўжэй, чым заўсёды….Не пайшла і на трэцюю пару. Сэнс? Вось толькі на сустрэчу з загадчыкам кафедры пад’еду на факультэт… “У кантакце” напісала паведамленне старая сяброўка, якую і сама шукала неяк вясною… Я напісала ёй адказ, чакаю…а яна ўсё не піша. Само па сабе гэта нічога, але вы ж ведаеце - як сумна, дык кожная дробязь крыўдзіць і яшчэ больш псуе настрой….
О, мне хацелася, каб гэта была гісторыя з дзявочага часопіса, каб пачатак быў «Усё ў гэты дзень ішло не так», а ў канцы - хэпі-энд. Але які хэпі-энд? Адкуль яму ўзяцца… калі такое надвор’е, што на вуліцы хіба што толькі забулдыгу якога сустрэнеш, і то - наўрад. Прынцы сядзяць дома. Сябры - калі не дома, то, ва ўсякім разе, там, дзе хочуць - і з кім хочуць. Можа, трэба было ўзяць з іх прыклад? Пераседзець гэты дзень дома... Але ж стаматалогія…І загадчык кафедры….А што я рабіла б дома?? Глядзела б ідыёцкія фільмы? Танцавала? Малявала? Гы-гы, рабіла што-небудзь па вучобе??
(дапісана праз тры дні) …Мае “опусы” часта не маюць канцоўкі, завершанасці, і таму часам ужо напалову складзенае ў галаве апавяданне ці роздум так і не выходзяць у свет - бо куды ж без эфектнага канца? Хоць якога-небудзь канца? Але ў гэты раз я вырашыла плюнуць на гэта (вельмі ўжо цяжка на душы было ў той дзень) і села пісаць. Ну яе, гэтую канцоўку… А яна ўзяла і з’явілася….Ды такая, што лепш без яе. У той самы момант, калі я пісала сказ “Гы-гы, рабіла што-небудзь па вучобе??”, ад мамы прыйшло смс (яна ж думала, што я на занятках): «Сразу едь домой - умер дедушка». Горка ўсміхнулася: аказваецца, гэты незразумелы і нечаканы цяжар на сэрцы быў не выпадковым…
дедушка,
прощай,
па-беларуску,
грустно,
семья