Ах! Табурэтка! Апынуўшыся са зламаным зэдлікам у руках, мы селі ў грузавік, які яго пераехаў. Захоплены кіроўца, які толькі што падабраў двух грынаў-музыкантаў, засыпаў нас пытаннямі.
- Іграеце музыку?
Мы толькі і змаглі, што вяла кіўнуць галавамі. Усміхацца мы не маглі. У галаве - толькі думкі пра тое, што 11 месяцаў цягнулі гэтую табурэтку, а зараз яе няма. Спустошанасць і няведанне, што рабіць зараз.
Калі мы выйшлі з машыны, апынуліся ў вёсцы, дзе кожная сям’я займаецца дрэваапрацоўкай. Там нам тут жа табурэтачку рэанімавалі. Жалезныя шурупы пранзілі цела нашай драўлянай сяброўкі і яна зноў стала падобная на саму сябе.
Аднак праз пару дзён зноў стала развальвацца. Тут за справу ўжо ўзяліся мы з Верасьнем, узброіўшыся клеем, свердзелам ды іншымі прыладамі. Праз некалькі дзён на зэдліку, хоць і асцярожна, але можна ўжо было сядзець.
Гэтае здарэнне дала нам штуршок яшчэ раз і ўжо больш глыбока падумаць пра сэнс падарожжа, пра сэнс табурэткі.
Усё падарожжа мы кудысьці спяшаліся, даганялі даты, выконвалі тое, што
калісьці прыдумаў Лёнька. Але прыйшло разуменне, што больш важна зразумець, чаго хочаш менавіта ты. І рабіць гэта. Заставацца там, дзе запрашаюць; ехаць туды, куды захацелася; быць з тымі людзьмі, з якімі хочаш. І табурэт для гэтых мэтаў зусім непатрэбны. Але фінал у гэтай гісторыі ўсё ж павінен быць.
Так мы апынуліся на краі свету, адкуль не вядзе ніводная дарога, як толькі тая, якая прывяла нас сюды. Іншага шляху няма, толькі назад. Год бадзянняў ад берага да берага, шматлікія перасячэнні горных ланцугоў выматалі нас. І ва Ўшуаю мы прыехалі прыкладна ў такім настроі.
Fin del Mundo - канец свету, альбо край зямлі.
Ці ў такім.
З аднаго боку, мы былі вельмі стомленымі. З іншага, мы радаваліся, што ўсё заканчваецца.
За апошнія 20 год вёска Ушуая вырасла ўдвая і стала горадам. Сёння тут развіваецца турызм. Штогод адсюль адпраўляюцца караблі з навукоўцамі ў Антарктыду. А былі часы, калі сюды ніхто не саваўся. Што рабіць у такім холадзе? Таму і пабудавалі тут турму для самых злосных злачынцаў. Кіламетры і кіламетры вакол нічога няма. Нікуды не збяжыш. А паспрабуеш - замерзнеш.
Потым улады Аргентыны аб'явілі Ушуаю зонай вольнага гандлю. І пайшло-паехала. Эміграцыя пацягнулася сюды не толькі з Аргентыны і краінаў-суседак, але і з усяго свету. Неяк тут сеў на мель карабель з паўтысячай італьянцаў. Некалькі месяцаў яны чакалі, пакуль прыплыве новы карабель і забярэ іх. А калі карабель прыплыў - ніхто з італьянцаў не захацеў вяртацца на радзіму. І не дзіўна.
Заробкі тут у 3-4 разы большыя, чым у сярэднім па Аргентыне. Але і кошты не адстаюць. Ва Ушуаі з-за клімату нічога не вырошчваюць, таму ўсё завозяць фуры і грузавыя самалёты. Аўтаматычна вырастаюць і кошты. Але з заробкам у 3-4 тысячы баксаў у месяц тут сабе можна дазволіць усё.
Мы правялі больш за тыдзень у гэтым гарадку, слухаючы бясплатныя канцэрты Маскоўскага сімфанічнага аркестру, гуляючы ў гасцях, выязджаючы на шашлыкі, выступаючы ў жывым эфіры мясцовага радыё і захапляючыся неверагоднымі пейзажамі.
Канец зусім блізка.