Душок Бразіліі

Mar 23, 2011 15:14

Марсэль з расійскай табурэтнай каманды казаў: «Калі вы не пабываеце ў штаце Баія, не кажыце, што вы былі ў Бразіліі. Баія - гэта «душа» краіны». Чым бліжэй мы пад'язджалі да Сальвадору ў штаце Баія, тым больш мы адчувалі тую самую «душу» Бразіліі.

Зніклі багатыя будынкі, замест іх штораз трапляліся недабудаваныя халупы; джунглі замяніла пустыня; мясцовыя ўсё больш акалочваліся каля дарог, прадаючы фрукты ці іншую драбязу. А кіроўцы баяліся спыняцца ў гэтых мясцінах. Амаль кожны з іх мае ў загашніку гісторыю, як на яго ці ягонага сябра напалі са зброяй ды скралі груз. «Душа» краіны апынулася з душком.




Апагеем усяго гэтага хаосу стаў Сальвадор. Ужо зацемна нас прывезлі ў адзін з раёнаў гораду пад назвай Піры-Піры. Прастытуткі круцілі клубамі перад мінакамі, пацаны прадавалі наркотыкі, з неба свяціў ліхтаром на зямлю паліцэйскі верталёт, нарады паліцыі з аўтаматамі расхаджвалі па горадзе. Мы былі адзінымі белымі. А наш спадарожнік раптоўна змяніў сваё рашэнне і адмовіўся прыняць нас у сябе на ноч.

Выратаваў каучсёрфер Пэдра, які пагадзіўся прыняць нас у сябе. Мы ехалі да яго, высунуўшы галовы з вокнаў машыны, і дзівіліся на разваленыя раёны Сальвадору, якія чаргаваліся з мадэрновымі і бліскучымі кварталамі.

Бразілія, напэўна, пакуль лідуе па велічыні матэрыяльнага разрыву паміж рознымі слаямі насельніцтва. Адны тут зарабляюць па дзесяць тысячаў долараў у месяц, другія - усяго дзве сотні. Прычым, кошты для ўсіх аднолькавыя. І не самыя танныя.




Жыхары вось гэтага дома каля трасы ўздоўж эўкаліптавага лесу толькі што атрымалі пакет са старым адзеннем ад нашага кіроўцы. Штораз яны з жонкай адбіраюць непатрэбную вопратку і муж адвозіць яе ў бедныя рэгіёны краіны. Гэта невялікая дапамога, якую ён аказвае па ўласным жаданні. Многім жа бедным бразільцам такой дапамогі не дачакацца.




За 100 кіламетраў да Рыо дэ Жанэйра кіроўца фуры, у якім мы ехалі, спыніўся на запраўцы і загадаў прыбраць нашыя рэчы з верху кузава, патлумачыўшы, што там, куды мы едзем, небяспечна. Пра небяспеку мы чуем штодня і ўжо не звяртаем на гэта ўвагі. Пужаць нас пачалі яшчэ дома. І калі б мы слухаліся кожнага, хто казаў нам “не едзце туды, там небяспечна”, мы б так нікуды і не выехалі. Таму чарговы раз мы прапусцілі міма вушэй гэтае “небяспечна” і папрасілі кіроўцу ўсё ж давезці наз да Рыо, не зважаючы на ноч.

“Амаль прыехалі,” - сказаў кіроўца і загадаў зачыніць танаваныя вокны машыны. Наступнае слова, якое мы пачулі ад нашага спадарожніка - “фавэла”. Чорт! А нельга было адразу сказаць, што мы едзем у фавэлу? За вокнамі бачым, як сярод разваленых трушчобаў і гораў смецця сядзіць моладзь бандытскай знешнасці. Сэрца замірае.

Жыхары фавэлаў - самых бедных бразільскіх раёнаў - у асноўным нашчадкі звольненых чорных рабоў. Сёння яны не плацяць за камунальныя паслугі. За іх гэта робяць астатнія бразільцы. У фавэлы не суюцца нават паліцэйскія - такі тут узровень злачыннасці. Любое ўтаржэнне паліцыі сюды заканчваецца перастрэлкамі з рознымі нарка-групіроўкамі і дзесяткамі чалавек.

Кажуць, на авеню Бразіл у Рыо - куча паліцэйскіх участкаў. Але самі паліцэйскія папярэджваюць: калі а шостай вечара вы не паспелі адтуль сысці - вы самі па сабе. Участкі замыкаюцца і ніводнага стражу парадку вы тут больш не пабачыце да самай раніцы.




Мы спыніліся на базе, дзе ўсе дальнабоі выгружаюць прывезеныя фрукты. Худыя прастытуткі з нафарбаванымі тварамі і ў бліскучых міні-спадніцах заляцаюцца да вадзілаў. Побач валяюцца бамжы, даядаючы з картонных каробак падгніўшыя фрукты.

У адчаі мы падышлі да аховы з пытаннем, дзе тут можна пераначаваць. Далёка хадзіць адным не хацелася. Аднак ахоўнікі толькі махнулі рукой у нявызначаны бок і сказалі быць асцярожнымі. Урэшце рэшт у пошуках начлегу мы выйшлі да маленькай паліцэйскай будкі пры дарозе. Зайшлі... і выходзіць адтуль больш не хацелі. Праз некалькі гадзінаў добрыя паліцэйскія завезлі нас у бяспечны квартал Рыо, дзе нас сустрэлі шчаслівыя каучсёрферы.




А гэта Фабіяна. Ёй 28 год. І ў яе два сыны - 12 і 10 год. І ўжо пяць год Фабіяна жыве без мужа. Яго застрэлілі - паказвае яна недвухсэнсоўны жэст. Звязаўся з дрэннай кампаніяй.




Аднак у гэтым газетным артыкуле, які Фабіяна захоўвае ў сваім фотаальбоме, напісана, што ейнага мужа разам з сябрам выкралі на вачах ва ўласнага бацькі. Дагэтуль Валдзінэі лічыцца зніклым без звестак.




Да Фабіяны нас прывез бразілец Уладзімір, якога мы застопілі пад вечар, выязджаючы з Рыо. Ён ехаў да сяброўкі Фабіаны на піва, куды запрасіў і нас.




Жыве Фабіяна ў старой сядзібе з вялізным кавалкам зямлі, якую калісьці купіў свёкр. Пасля смерці мужа дзяржава хацела забраць ва ўдавы зямлю, аднак Фабіяна яе адсудзіла.



Працуе Фабіяна ахоўніцай у мясцовым аэрапорце, носіць зброю. Адпраўляючы сына вечарам дадому, праводзіць яго поглядам да апошняга. Больш жыццярадаснага чалавека, чым Фабіяна, цяжка сустрэць.

brazil, taburet, photo

Previous post Next post
Up