Доўгая дарога да Сальвадору

Mar 04, 2011 10:01

Калі праз восем вельмі доўгіх дзён у балівійскіх джунглях мы апынуліся на мяжы з Бразіліяй, нас цяжка было б пазнаць нават роднай маці. З ног да галавы вымазаныя амазонскай чырвонай зямлёй, шчокі абпаленыя пад трапічным сонцам. Штохвіліну мы нахіляліся, каб пачухаць пачырванелыя ад укусаў камароў ногі. У заплечніках - ніводнай чыстай шмоткі.

На бліжэйшай будоўлі мы ўмылі твары і накіраваліся да мяжы. Дзесяць хвілінаў - і ў нашых пашпартах - штампікі аб выездзе з Балівіі. Дзесяць балівіянаў - і мы на лодцы пераплываем раку, якая раздзяляе дзве краіны.

Тое, што мы пабачылі, апынуўшыся на іншым беразе, стала для нас поўнай нечаканасцю. Зніклі джунглі, камары, дажджы і індзейцы. З’явіўся асфальт, кандыцыянеры ў крамах, у кожнай з якіх можна было расплочвацца банкаўскімі карткамі. Кошты ўзраслі разоў у пяць. Мы перасталі выглядаць багатымі “грынгамі”, а сталі хутчэй беднымі “вагабундас” (валацугамі).

Мы стаялі на дарозе, падняўшы вялікі палец і разважалі. Нашыя плюсы: у адрозненні ад Балівіі тут ёсць асфальт і шмат машынаў. Нашыя мінусы - у адрозненні ад усёй астатняй Лацінскай Амерыкі тут размаўляюць па-партугальску і мы ніфіга не разумеем. Да таго ж тут няма аўтаспыну.

Пра тое, што ў Бразіліі няма аўтаспыну (ці “кароны”, як тут кажуць), нам расказалі іншыя табурэтнікі, якія дабраліся сюды раней, каб рыхтаваць фестываль на супрацьлеглым баку краіны - у горадзе Сальвадор на беразе Атлантычнага акіяну. Па іхніх словах, стаяць на дарозе бессэнсоўна. Адзінае, што можа дапамагчы - дамаўляцца з кіроўцамі грузавікоў на стаянках.

Яшчэ адна праблема - мова. Успомніліся часы, калі мы толькі перасеклі мяжу з Мексікай. Іспанскай мы не ведалі, таму штораз даводзілася тлумачыць, што мы хочам сказаць, жэстамі. За 8 месяцаў бадзянняў па Лацінскай Амерыцы мы вывучылі іспанскую так, што маглі не толькі спакойна размаўляць з мясцовымі на розныя тэмы, але і нават распазнаваць акцэнты з кожнай краіны. Цяпер мы зноў вярнуліся да нулявога ўзроўню.

Пад вечар мы заселі ў адной з кавярняў пры дарозе. З часам яна напоўнілася мужчынамі сярэдняга веку з невялікім пузікам і шчаціннем на твары. “Дальнабоі”, - хорам падумалі мы. Нягледзячы на адсутнасць агульных моваў, праз нейкі час мы ўжо дамовіліся: заўтра а пятай ранку мы раздзяляемся і Вайда з Калюнем едуць на адным грузавіку, мы з Вераснем - на іншым.

Мы прачнуліся яшчэ зацемна. А пятай нашыя новыя сябры-кіроўцы не з’явіліся. Мы, чакаючы, рабілі зарадку, аднак яна зацягвалася. А шостай на апошнім дыханні мы ўсё яшчэ рабілі зарадку. Толькі каля сёмай гадзіны раніцы сонныя дальнабоі вылезлі з грузавікоў. І, развітваючыся, памахалі нам рукой.

Не разумеючы, што адбываецца, мы запыталі: “А як жа нашая дамоўленасць? Вы ж абяцалі забраць нас а пятай”. “А пятай вечара”, - паправілі нас кіроўцы і паехалі ў порт загружацца.

А пятай вечара мы нарэшце выехалі з памежнага Гўаярамерына. Вайда з Колем адразу да Кўаябы - гэта каля 1,5 тысячы кіламетраў. Мы з Верасьнем - усяго 200 км. да бліжэйшага Порто Вэльё.

Спрабуючы знайсці спадарожнікаў на заўтра, мы зайшлі ў рэстаранчык на стаянцы грузавікоў. Амаль адразу да нас падышла супрацоўніца і запытала, чаму мы не ядзім, а толькі п’ем ваду. Мы паспрабавалі патлумачыць, што не хочам. Аднак яна пачала угаворваць: “Бярыце, што хочаце: мяса, суп. Мы ўсё аплоцім”. Мы аднекваліся. Але безвынікова. Праз пяць хвілінаў перад намі стаяла талерка, поўная смачненнага супу.

Тады мы яшчэ не ведалі, што гэтае “посто” - так тут называюць стаянкі грузавікоў - стане нашым домам на наступныя тры дні. Штодня мы падыходзілі да кожнага кіроўцы і пыталіся, ці едзе ён у наш бок. Аднак яны ўсе альбо ехалі ў адваротным кірунку, альбо чакалі загрузкі і не ведалі, калі паедуць. А тыя адзінкі, якія пагаджаліся падвезці нас заўтра зранку, у прызначаны час не з’яўляліся на прызначаным месцы альбо ізноў казалі “заўтра”.



Толькі на трэці дзень, магчыма дзякуючы канцэрту, на якім мы сабралі некалькі дзесяткаў вадзілаў, у нас атрымалася знайсці спадарожніка на наступныя 700 кіламетраў. Аднак раніцай мы не здзівіліся, калі ён сказаў нам, што едзе ўсяго 200. Мы зноў завіслі. Гэтым разам у маленькім гарадку Жы-Парана.

Да фестывалю ў Сальвадоры заставаліся 4 дні. Даехаць аўтаспынам было ўжо нерэальна. Адзінае выйсце - аўтобус. Аднак такую раскошу ў Бразіліі мы сабе не маглі дазволіць. Таму вырашылі скарыстрацца парадай расійскіх табурэтнікаў. Па іхнім досведзе ў кожным бразільскім горадзе на вакзале ёсць міграцыйны офіс, сацыяльны работнік якога можа выпісаць бясплатны квіток на аўтобус. Расіяне двойчы атрымлівалі такую паслугу.

Аднак нам зноў не пашанцавала. Міграцыйнай службы на вакзале не апынулася. І мы звярнуліся ў гарадскую сацыяльную службу. Нас уважліва выслухалі ды імгненна пачалі дапамагаць. Супрацоўнік Даніэль абзвоньваў палітыкаў, мабільныя кампаніі, тэлеканалы. Па ўсім было відаць, бясплатны квіток нам выпісваць не збіраюцца.

Да самага вечара Даніэль спрабаваў выбіць для нас грошы на квіток. Але безвынікова. Палітыкі на канікулах, на форумы яны не лётаюць, а іншым напляваць на валацужных музыкаў. “Заўтра раніцай прыедзе здымачная група з тэлебачання і зробіць пра вас сюжэт. Можа, хтосьці яго пабачыць і захоча дапамагчы”. Ужо наступным вечарам мы гядзелі на сябе ў тэлевізары. Аднак доўгачаканы мецэнат так і не з’явіўся. Не з’явіўся ён і пасля канцэрту, які мы адспявалі ў адным з мясцовых рэстаранаў.




Даніэль і ягоныя супрацоўніцы.



Дарэчы, кажуць, што падробны бразільскі пашпарт - самы дарагі ў свеце, бо бразільцам можа быць хто заўгодна. Тут людзі самых розных колераў скуры, разрэзаў вачэй і формаў твару.







За два дні да фэсту мы згубілі ўсялякую надзею на яго патрапіць. А Даніэль запрасіў нас на рэлігійную цырымонію. Ён наведвае сінкрэтычную спірытуальную царкву. На рытуалах у якой усе прыхаджане апранаюцца ў дзіўныя белыя строі, п’юць галюцынагенны напой аяуяска (які, дарэчы, дазволены тут толькі ў рэлігійных мэтах, у іншым выпадку - гэта наркотык), спяваюць песні, медытуюць і спрабуюць увайсці ў кантакт з богам.

Мы выпілі горкай і гідкай аяуяскі і селі сярод іншых у чаканні галюцынацыяў і кантакту з богам. Верасень сядзеў насупраць у мужчынскай частцы залі. Я была сярод жанчынаў. Назірала, як мужчыны закатвалі вочы і ўваходзілі ў транс, спяваючы адны і тыя ж песні разоў па пяць, а тое і больш. Аднак мой транс не прыходзіў і бог не хацеў са мной размаўляць. Не дапамагла і дадатковая порцыя аяуяскі. Можа, таму што мы былі не ў белым. А можа, таму што не ведалі тэкстаў песень.







Заставацца ў Жы-Паране больш не было сэнсу. І за дзень да фестывалю мы выйшлі на трасу, вырашыўшы ўсё ж паспрабаваць аўтаспын. І о, дзіва! Ён запрацаваў. Мы не прастаялі і гадзіны, як нас узяла адна машына, потым другая, трэцяя. Мы мянялі легкавушкі на грузавікі і паступова рухаліся на паўднёвы захад Бразіліі.

Аднойчы нас падвёз двойчы чэмпіён Бразіліі па матакросу. Гэта там дзе дарослыя дзядзькі, усе брудныя ды ў пяску, ганяюць на матацыклах паўз перашкоды.




А гэта разгружаюць грузавік, поўны кавуноў, у якім мы прыехалі ў горад Бразілія. І нам дасталася :)



Як выявілася, аўтаспын у Бразіліі ёсць. Хоць многія кіроўцы і баяцца браць стопераў. Тут на многіх машынах так і напісана: “Proibido carona” (аўтаспын забаронены). Ды не толькі на грузавіках і прыватных машынах, а часта нават на гарадскіх аўтобусах. Аднак з усякага правіла ёсць выключэнні. І нават тым, каму забаронена браць у машыну людзей, спыняліся, каб падвезці нас.







Кіроўца чарговага грузавіка высадзіў нас у маленькім гарадку ў штаце Мату Гросу ў забытым богам рэстаранчыку і сам знік, перад гэтым расказаўшы гаспадыні, што мы музыкі з Беларусі. Вакол - сотні кіламетраў плантацыяў соі, кукурузы, бавоўны. І больш нічога. Руплівая гаспадыня запрасіла нас прысесці і сказала, што хутка падасць нам ежу.

- Давайце мы спачатку сыграем, - папрасілі мы.
- Не, спачатку паешце, потым сыграеце, - катэгарычна заявіла яна.

Хутка ўжо ўсе наведвальнікі рэстарану наперабой прасілі нас сыграць яшчэ, куплялі нам пачастункі і распытвалі пра далёкую і дзіўную Беларусь. А гаспадыня абзвоньвала сваіх знаёмых у пошуку спадарожнай машыны для нас.

Машына так і не знайшлася. Але гаспадыня сказала: «Ёсць адзін сябра, які пагадзіўся аплаціць вам квіткі на аўтобус да Кўаябы». І сунула мне ў руку грошы. Аднак месца ў аўтобусе не апынулася. А жанчына наадэрз адмовілася забіраць грошы назад. І мы зноў выйшлі на трасу.




Перад самым заходам сонца каля нас са свістам спыніўся новенькі Фіат. «Вой пара Кўаяба», - выпалілі мы завучаную фразу. Кіроўца адказаў штосьці незразумелае, аднак па інтанацыі было ясна: ён едзе туды ж і гатовы наз падвезці.

Як толькі мы селі ў машыну, зусім сцямнела. Я з жахам глядзела на спідометр, які паказваў крыху больш за 180 кіламетраў у гадзіну.

- Я за рулём ад чацвёртай раніцы. І вельмі хачу спаць. Таму і спыніўся вам, каб было з кім паразмаўляць, каб не заснуць.
- Мы не самыя лепшыя кандыдаты, - з жалем зазначыла я. А сама падумала: «Чувак гоніць 180 і хоча спаць. Ніяк нельга даць яму заснуць».

Пасля гэтай паездкі мая партугальская значна палепшылася. А праз яшчэ некалькі дзён з дальнабоямі, якія таксама не спяць ночы напралёт і ім бы хоць з кім паразмаўляць, я адчула сябе ўвогуле ўпэўнена ў моўным плане. Такі сабе інтэнсіўны экспрэс-курс партугальскай.




Напрыклад, "фіга" па-партугальску - "фіга". І яна абараняе людзей ад злых духаў.




Калібры. Першы раз удалося злавіць аб'ектывам гэтую няўлоўную птушачку.



Эўкаліпт у Бразіліі вырошчваюць на паперу.


Калісці мы перасякалі Амерыку ў самым вузкім яе месцы - Панамскім перашэйку. Там ад Ціхага акіяну да Атлантычнага можна даехаць за гадзіну. Цяпер мы перасякалі яе паўднёвы кантынент у самым шырокім месцы. Калі мы нарэшце дабраліся да Сальвадору і за спіною было каля шасці тысячаў кіламетраў аўтаспыну па Бразіліі, нам больш нічога не трэба было, толькі прахалодныя хвалі сіняга акіяну.










bolivia, brazil, taburet, photo

Previous post Next post
Up