Грузія працягвае ўсталёўваць кантроль над сваёй тэрыторыяй. Сёння распачалася асада Цхінвалі. Пры гэтым час абраны вельмі ўдала - ўвага сусветнай супольнасці прыцягнута да алімпіяды, а да змены адміністрацыі ў ЗША засталося яшчэ некалькі месяцаў. Зараз самае галоўнае пытанне - ці ўцягнецца Расія ў паўнамаштабны канфлікт з Грузіяй, ці абярэ стратэгію прыхаванай дапамогі Паўднёвай Асетыі, як тое было ў Прыднастроўі? Паводле меркавання расейскага эксперта Фёдара Лук'янава, калі Расея не ўвядзе рэгулярныя войскі ў Паўднёвую Асетыю, то яе саюзнікі на Каўказе проста не зразумеюць такой палітыкі. Таму варта чакаць разрастання канфлікта. Згодна з апошнімі навінамі,
групоўка 58-й расейскай арміі ўжо паспрабавала прарвацца ў раён канфлікту.
У няёмкім становішчы апынуцца і ЗША, у якіх ёсць абавязальніцтвы ў адносінах да Грузіі. У такім выпадку канфлікт у Грузіі мае шанец перарасці ў новую маштабную каўказскую вайну.
Для Беларусі, як бы далёка яна не была ад Паўднёвай Асетыі, гэты канфлікт можа прынесьці пэўныя выгоды. У выпадку вайны са сваім паўднёвым суседам і канфлікту з ЗША Расея будзе вымушана дэманстраваць наяўнасць саюзнікаў, якія пры патрэбе могуць быць уцягнуіыя ў канфлікт на розных узроўнях. Гэткую роль можа адыгрываць Беларусь. І беларускае кіраўніцтва гэтым не праміне пакарыстацца. Аднак, афіцыйнаму Менску тут варта захоўваць баланс, каб у чарговы раз не папсаваць адносіны з ЕС, сімпатыі якога ў каўказскай вайне будуць дакладна не на баку Расеі.