Што перашкаджае кайфаваць ад Вэнэцыі і чым чаруе Гэнуя

Sep 14, 2012 17:53


Пра Вэнэцыю напісана шмат добрага і многімі. Таму я тут пабурчу троху пра мінусы гэтага сусьветнага турыстычнага цэнтру.





Па-першае. Калі прыяжджаеш у пік сэзону ўдзень, рашуча ўсе чыгуначныя квіткі да цэнтральнай станцыі Venezia Santa Lucia будуць раскупленыя. Застаецца ехаць да прамысловага прыгараду Venezia Mestre, які бязьлітасна расстрэльвае тваё напамажанае тэлевізіяй уяўленьне пра рамантычную, казачную паўночную Італію. Цябе сустракае эдакі мінскі завод колавых цягачоў, ну ці станцыя мэтро Аўтазаводзская - нешта сярэдняе.



Фота не маё, але зьмешчанае ў Сеціве для вольнага агляду (с) :)

Ты загружаесься ў забіты турыстамі і сакваяжамі прыгарадны аўтобус і асалоджваесься індустрыяльнымі відамі Вэнэцыі (трызна, але факт). Пасьля гэтага (а яшчэ чаргі на здачу багажу ў 40 чалавек) Вэнэцыя ўжо ўспрымаецца як штучны музэй пад адкрытым небам. Прыкладна так і ёсьць - карэнныя гараджане маюць кватэру ў старым горадзе, але могуць і ня жыць там, што зьвязана з транспартнай нязручнасьцю і частымі патапленьнямі. Напрыклад, гэтая вежа яўна набыла такі вугал нахілу ад вільготы ў груньце (адэкватная лінія гарызонту захаваная).


А многія тамтэйшыя пад’езды можна сьмела назваць “падплывамі” :)





Па-другое. Магчыма, Вэнэцыя і ёсьць адным з найпрыгажэйшых і незвычайных гарадоў сьвету, але наводненасьць турыстамі, калі становісься ў чаргу, каб прайсьці вуліцу, забівае ўшчэнт пачуцьцё захапленьня, якое мусіць зараджацца ў сьвядомасьці.



Прыгожа, так? Пляц сьв. Марка з саборам і палацам дожаў як сымбаль узьнёслай культуры сярэднявечнай Вэнэцыі, без сумневу, пакідае ўражаньне. Не пакідае абыякавым і стаяньне ў чарзе пад смалячым сонцам, каб пабачыць сабор знутры. Той жа пляц, але з чаргой:



Першая пасьля першых. Гэнуя

Гэты цудоўны горад саступае па папулярнасьці Вэнэцыі ці Флярэнцыі, што асабіста мне бачыцца непаразуменьнем. Магчыма, гэта зьвязана з маім захапленьнем сярэднявечнай архітэктурай. У Гэнуі захаваўся вялізны, па-старому неахайны квартал з паўтарамэтровымі ў шырыню вулачкамі, на якіх цясьняцца маленькія крамкі ды кавярні.







Што кінулася ў вочы - у гэтым, здавалася б, сэрцы горада большасьць гандляроў - гэта эмігранты. Італьянцы ледзь ня ў меншасьці. Хаця раблю зьніжку на тое, што была раніца, і ня ўсе італьянцы выбраліся на працу :)



Масіўныя гарадзскія сьцены даюць уяўленьне пра моц гэнуэзкай дзяржавы.



З Гэнуі паходзіў Хрыстафор Калюмб. Нават захаваўся дом, у якім ён нарадзіўся.



Вакеньніцы



Іншы бок Гэнуі: гэта італьянская Рыв’ера. Віллы на зялёных узгорках, дарагія яхты, сіняя вада -  калямарскія ляндшафты нагадваюць Манака ды Лазурны бераг. Нядзіва, бо гэтыя цуды знаходзяцца зусім недалёка адсюль.



Фотаздымак зь Сеціва

Previous post Next post
Up