Мілян

Sep 07, 2012 01:36




Мы прыляцелі ў мілянскі (ці амаль мілянскі) аэрапорт Бэргама. Пераадолець 45 км да гораду не складае праблемы, бо ледзь ня кожныя 15 хвілінаў ад’яжджаюць шатлы, якія знайсьці вельмі проста. Квіток каштуе 5 эўра. Мілян - места не асабліва турыстычнае (мусяць жа італьянцы хоць дзесьці пажыць спакойна), хаця некалькі пунктаў цікавасьці

1) Мілянская катэдра. Гэты позьнегатычны шэдэўр зь белага мармуру будавалі 400 гадоў. Акрамя таго, памеры ўражваюць - гэта чацьвёртая па велічыні царква ў сьвеце. Некаторыя гараджане з іроніяй клічуць сабор “марцыпанавым тортам”. 




Варта зьвярнуць увагу на скульптуру сьв. Барталямэя (1562 г.), якая знаходзіцца ўнутры. Яго аўтар М. д’Агратэ, скончыўшы гэты дасканалы на той час узор анатоміі чалавека, напісаў пра сябе на пастамэньце: «Non me Praxitele sed Marcus finxit Agrates» (“Не Праксытэль (ст.-грэц. скульптар) стварыў мяне, а Марка д’Агратэ”. Скульптура - быццам падручнік па цяглічнай структуры чалавека: сьвятога Барталямэя закатавалі язычнікі, садраўшы зь яго скуру.



(фота скульптуры не маё)



Рэкляма на царкве? Хм...

2) Фрэска Леанарда да Вінчы “Патаемная вячэра”. Яна знаходзіцца ў царкве Santa Maria delle Grazie на тэрыторыі дамініканскага кляштару. Мы, на жаль, не пасьпелі пабачыць яе на свае вочы, пра што надта шкадуем.



3) Замак Сфорца. Уражвае сваёй моцай. Нашыя наваградзкія ці мірскія замкі й побач не валяліся. Італьянскія архітэктары, што ўзводзілі маскоўскі Крэмль, бралі прыклад менавіта зь мілянскага замку (вежа й зубчатыя сьцены).



4) Тэатар Ля Скаля. Не старайцеся зьнешне яго вылічыць - нічога не атрымаецца. Бо вонкава ён - вось такая непрыкметная забудова. Ён як Стыў Джобс, найбагацейшы чалавек сьвету ў зацёўганых шмотках.



5) Модная вуліца Монтэ Напалеонэ (via Monte Napoleone), на якой разьмешчаныя сусьветна вядомыя буцікі, дамы модаў, прадстаўніцтвы раскручаных кутур’е і г.д. Дарэчы, заўважана, што ў мілянскіх крамах глябальных сетак, нават эканом-клясы, кошты троху завышаныя. Што ўжо казаць пра эксклюзыўную вопратку. Хаця некаторыя проста ня могуць не прывезьці хоць хустачку са сталіцы сусьветнай моды.

6) Галерэя Віктара Эмануіла ІІ. Такіх пасажаў у італьянскіх гарадох хапае. Адметнасьць мілянскай - гэта пляніроўка па форме лацінскага крыжа з мазаікамі, што выяўляюць чатыры кантынэнты.

7) Мілянскі вакзал. Пабудаваны за фашыстамі, ён блытаецца ў сэньсе стылю між art deco i дэманстрацыяй таталітарнага размаху.



Замарыць чарвячка ў Міляне. Як апынулася, кошты ў кавярнях паўночнай сталіцы былі меншымі, чым у Рыме й далей на поўдзень. Мы патрапілі акурат на ferie, жнівеньскія вакацыі, падчас якіх пераважная большасьць італьянцаў валіць у адпачынак. Адкуль такая рэлаксовая талака - для мяне загадка. У сувязі з гэтым маса кавярняў і крамаў не працавала. Заставаліся альбо турыстычныя, альбо зашытыя ў глыбіні вуліц. З таго, што знайшлі адчыненым, спадабалася піцэрыя Little Italy - назва гаворыць сама за сябе, аднак, улічваючы спэцыфіку нетурыстычнага Міляну, шмат наведвальнікаў- італьянцаў і нехалтурная кухня. http://www.tripadvisor.com/Restaurant_Review-g187849-d2327867-Reviews-Pizzeria_Little_Italy-Milan_Lombardy.html

У наступнай сэрыі - лікбез па Гэнуі. Buona notte!
Previous post Next post
Up