Пра падарожжы на пароме

Aug 18, 2015 12:42


Прайшло маё чарговае падарожжа на пароме і хочацца сказаць, што, так ці інакш, паром - гэта адзін з улюбёных мною відаў транспарту. Улюбёны, напэўна, праз мора. Бо гэтае адчуванне на палубе - яно асаблівае. Такога адчування нідзе болей не атрымаеш. Колькі ж каштуе ўсход ці захад сонца, якія ты сустракаеш на палубе.
Да таго ж, можна знайсці для сябе розныя варыянты падарожжа: ад бюджэтнага месца ў мужчынскай/жаночай кабіне, да шыкоўнай каюты A классу.
Але ж, безумоўна, ёсць станоўчыя і адмоўныя моманты падарожжаў на пароме.


Асабіста для мяне станоўчых момантаў значна болей:
1. Паром - гэта адначасова і сродак транспарту, і месца для начлегу. У каюце пачуваецца дастаткова ўтульна дзеля таго, каб камфортна дабрацца да пункту B і паспаць, калі, да прыкладу, паром ідзе ўночы.
2. На пароме можна падарожнічаць з жывёламі і са сваім транспартам, што таксама вельмі камфортна. Правілы перавозу жывёл ці транспарту залежаць ад паромнай кампаніі, але, так ці інакш, думаю, гэта не вельмі праблемна.
3. На пароме ёсць усё, каб пабавіць час акрамя назірання за морам - гэта крамы, рэстарацыі, кавярні, сауна і г.д.
4. І, безумоўна, для мяне самы моцны станоўчы момант - гэта прыгажосць краявідаў, бо праз падарожжа на пароме вы зможаце пабачыць такія крутыя пейзажы, якія амаль немажліва пабачыць з іншых кропак/пры іншых абставінах.

Што да адмоўных момантаў, то я магу назваць наступнае:
1. Час. Паром ідзе дастаткова доўга і калі вы не валодаеце добрым запасам часу, то лепей падарожнічаць на болей хуткіх транспартных сродках, каб больш эфектыўна выкарыстоўваць час падарожжа.
2. Мажліва ўкалыхванне пры штормах ці на маленькіх паромчыках. Калі вы вельмі чулыя да марскога ўкалыхвання - то, мажліва, падарожжа будзе для вас не самым прыемным. Асабіста я зусім не адчуваю марскога ўкалыхвання на паромах, але, кажуць, што бывае).
3. Калі казаць пра аднаднеўны маршрут парома - то тут трэба ўлічваць, што пры такіх маршрутах (да прыкладу Рыга-Стакгольм-Рыга) смяротна мала часу. Гэта значыць, што раніцай паром прыплывае ў Стакгольм, у вас ёсць паўдня дзеля таго, каб паглядзець горад і ужо каля а 5 гадзіны вам неабходна адпраўляцца назад. За такі час усё ж вельмі складана атрымаць нават самае агульнае ўяўленне ад гораду. Таму, калі ёсць опцыя аднаднеўнага круізу, лепей усё ж разбіваць круіз і браць квіток назад праз некалькі дзён. Гэта будзе каштаваць трохі болей (плюс да таго, канешне, неабходна яшчэ будзе забраніраваць гатэль у горадзе), але такім чынам вы зможаце з асалодай пагуляць па горадзе і не спяшацца на паром, які ўжо вось-вось адплывае.
Але ж падарожжы на пароме - вельмі цікавыя, прынамсі, гэта абавязкова трэба паспрабаваць! :)
Мы жа будзем выдумляць усё новыя маршруты з выкарыстаннем гэтага цудоўнага транспартнага сродку).



фотаздымкі, Балтыка, лета, падарожжа, паром

Previous post Next post
Up