Пра шчырых людзей, што дапамаглі нам зрабіць свята

Aug 17, 2015 12:51


Наш невялічкі трып у Стакгольм напоўнены перажытымі эмоцыямі з нашага вяселля. Напэўна, настрой свята будзе дадаваць унутранай і творчай энэргіі яшчэ надоўга. Да нашага свята мы рыхтаваліся амаль цэлы год і добра зразумелі, як гэта няпроста. Што ж, другое маё яскравае адчуванне - гэта радасць за тое, што мы знайшлі менавіта нашых людзей. Бо акрамя нашых дарагіх родных і сяброў, якім мы асобна бязмерна ўдзячны за дапамогу, нам давялося пазнаёміцца яшчэ і з новымі цікавымі людзьмі (а з кімсьці мы ўжо былі знаёмыя)!
Нашая каманда творцаў, што былі з намі ў дзень вяселля атрымалася найвыдатнейшая. Нават трохі сумна становіцца, калі думаю, што камунікаваць нам адпаведна прыйдзецца куды меней. Пры дапамозе гэтых людзей у нас атрымалася зрабіць сапраўднае свята, таму хацелася б сказаць пра іх колькі словаў, каб па-першае выказаць свае эмоцыі і адчуванні, а па-другое, проста ведайце гэтых людзей, мажліва і вам гэта будзе карысна :).


Сяргей Міхайлаў (спадар сядзібы "Лясная паляна")
(http://les-pol.ru/)
У сядзібу "Лясная паляна" мы ўлюбіліся з першага погляду і, спадзяюся, мы яшчэ не раз вернемся ў гэтае месца, якое будзе нагадваць нам пра наш светлы дзень, бо ў сядзібе можна не толькі выдатна справіць мерапрыемствы, але і проста клёва адпачыць. Сядзіба знаходзіцца амаль у лесе, усяго каля 20 кіламетраў ад Менску. Месца вельмі ўтульнае і сонечнае. Знаёмства з гаспадаром сядзібы праходзіла ў вельмі цёплай сямейнай абсталёўцы, менавіта так, як і прайшло нашае свята. Было вельмі важна і прыемна адчуваць, што Сяргей рады дапамагчы нам у рэалізацыі нашых ідэй і планаў, што ён сапраўды цікавіцца нашым мерапрыемствам знутры, падказвае вядомыя яму тонкасці і дзеліцца вопытам. Не ведаю чаму, але менавіта перад вяселлем у нас атрымоўвалася прыязджаць на сядзібу вельмі позна, што было трохі няёмка і на месцы Сяргея я б ужо недалюбіла нас саміх, але не). Месца правядзення вяселля - вельмі важны аспект і мы знайшлі менавіта нашае месца! Вялікі дзякуй Сяргею і яго сям'і за тое, што такое месца ёсць тут, зусім недалёка ад Менску і за тое, што яно так шчыра і гасцінна прыняло нас дзякуючы намаганням гаспадароў.


Яўген Качалоўскі (фатограф)
(http://www.kachalouski.com/)
Мажліва праз маю моцную-моцную любоў да фатаўдымкаў апасля месца правядзення перш-наперш я пачала шукаць чалавека, які захавае для нас шчаслівыя моманты на фотакартках. Гэтым чалавекам стаў Жэня. Як я сказала - зоркі сышліся, бо як потым высветлілася Ігар ведаў Жэню яшчэ са студэнцкіх гадоў. З Жэнем мы адразу пачалі размаўляць на адной мове. І ў першую чаргу ён спадабаўся нам як чалавек і, безумоўна, як фатограф. Жэня сапраўды творчы чалавек і захапляецца да глыбіні душы тым, што робіць. У час, калі, бадай, семдзесят адсоткаў людзей адпрацоўваюць па гадзінніках працоўны час, такіх людзей, як Жэня, вельмі прыемна сустрэць. Так жа прыемна нам было і камунікаваць на самыя розныя тэмы. З Жэнем мы сышліся ў гусце: цёплыя фота, гульня свету, эмоцыі, прыгажосць вечара. Жэня з імпэтам здымаў нас на ўсходзе сонца і да самага канца вяселля прабыў разам з намі. Дзякуй, Жэня, за чароўныя фотаздымкі, якія ты для нас падрыхтаваў ці яшчэ падрыхтуеш !
Воля і Алена (студыя дэкора "Attika")
(http://vk.com/attika.decor)
Першае знаёмства з дзяўчынамі зацягнулася ў нас на некалькі гадзін і магло б цягнуцца яшчэ, але ж трэба было ўсім ехаць дадому. Шалёную нашую ідэю вырошчваць васількі дзяўчыны ўспрынялі добра і згадзіліся з намі працаваць над нашым праектам. Хочацца адзначыць, што мы вельмі хутка прыйшлі да кансэнсусу, як у дачыненні да афармлення, так і ў дачыненні да іншых акалічнасцяў, таму працаваць з дзяўчынамі была адна асалода, у шматлікіх рэчах яны ішлі нам насустрач і прапаноўвалі розныя варыянты, якія болей спрыялі для нас, раіліся з намі дзеля таго, каб вынік атрымаўся менавіта такім, як мы чакаем. Такім чынам, мы зразумелі, што дзяўчыны могуць выдатна працаваць як па замове "зрабіце мне прыгожа", так і па канкрэтных пажаданнях і бачанні святочнай прыгажосці разам са шпацырамі па крамах ў пошуках прыдатнай тканіны). Воля, напэўна мы ніколі не забудзем карціну, як на ноч гледзячы мы везлі да вас вёдры з васілёчкамі. Што ж, трэба сказаць, што вынік вашае працы нават пераплюнуў нашыя чаканні! Дзякуй вам за тое, што зрабілі для нас афармленне самага шчаслівага свята! А зробленыя вамі вяночак і букет назаўсёды застануцца ў маім сэрцы! :)




Юрый Кірдун
(http://vk.com/kirdunshow)
Упершыню я пабачыла Юру на вяселлі маіх дарагіх сяброў Машы і Віталіка, дзе менавіта мне вельмі спадабалася яго манера весці мерапрыемствы. Таму, Юра стаў першым чалавекам з вядучых, з якім мы сустрэліся ў працэсе падрыхтоўкі да вяселля. І такім чынам апошнім. Юра падтрымаў нашыя ідэі і вельмі добра паставіўся да правядзення мерапрыемства па-беларуску!Чалавек з выдатным пачуццём гумару і светаўспрыманнем. А яшчэ Юра - майстар імправізацыі. Я вельмі хвалявалася перад вяселлем, бо хацелася, каб усё атрымалася менавіта так, як мы запланавалі, але на сустрэчы з Юрам за дзень да вяселля і гледзячы на яго, я зразумела, што ўсё будзе клас і любыя экспромты ў яго выкананні будуць нічым не горш запланаванага. Дзякуй, Юра, за тое, што зрабіў нашае свята па-сямейнаму цёплым і светлым!
Ігар Гусеў (відэа)
(http://vk.com/igorgusevphotovideo)
Ігар для нас атрымаўся проста падарункам лёсу. Па розных прычынах на пачатку падрыхтоўкі нам падавалася, што можам пакінуць сабе толькі здымкі і нічога так абысціся аднымі імі. Але ж толькі ў працэсе мы зразумелі, як важна пакінуць менавіта відэа ўсяго таго, што будзе адбывацца. І тут проста нейкім цудам мы пазнаёміліся з Ігарам. І ўжо апасля першай размовы мы адразу зраземелі, што Ігар выдатна зразумеў наш настрой дзеля таго, каб перадаць яго. Шчыры і светлы чалавек, ад якога дыхае дабрынёй. Нават сумна, што нам давялося так мала пакамунікаваць на мерапрыемствы). І хоць матэрыялы мы атрымаем трохі пазней, адразу бачна, калі чалавек прафесіянал і ...гэта крута! Праз Ігара мы таксама пазнаёміліся з Аней (http://vk.com/annammore), ізноў цікавым супадзеннем, бо зусім нядаўна я захаплялася яе відэа з Амстэрдама, а тут нам яшчэ і пашчасціла пазнаёміцца. Рабяты таксама прабылі з намі да самага заканчэння нашага мерапрыемства, нягледзячы на час і шлях у іншы горад наперадзе. Дзякуй вам, дарагія Ігар і Аня, што захаваеце настрой і дзею нашага мерапрыемства з намі! Юля Сямашка (http://vk.com/id14748575) за некалькі год паспела стаць для нас сябрам і творчым натхняльнікам. Мы вельмі радыя, што ты падзяліла з намі радасць і ўдзельнічала непасрэдна ў творчым працэсе фота і відэа вяселля.
Таксама здымаў нас у гэты дзень і наш новы знаёмы Багдан, дзякуй табе!
Мы з нецярпеннем будзем чакаць ад рабят відэа з нашага светлага дня).
Наталля Крукава
(http://vk.com/plushkin_dom)
Ніколі не думала, што мая добрая універсітэцкая знаёмая і зямлячка (а пра гэта мы даведаліся ў начным цягніку да Полацка) будзе аўтарам нашага вясельнага торту! Што ж, ну тут, напэўна, словы лішнія, проста замаўляйце ў Наташы торт! Па падзеі і без і вы адразу ўсё зразумееце. Наташа зрабіла для нас торт мары (як знешне, так і ўнутры). Вось і зараз еду і думаю, а можна паўтарыць?) Такі смачны быў наш торт! Дзякуй табе вялікі!
Іра Грэбянчук (http://vk.com/irina_greo_makeup), дзякуй табе вялікі за адказны і такі клёвы падыход да стварэння вобразу! Вынік на сто адсоткаў адпавядаў маім уяўленням пра вясельны мэйк!) Ты вялізная малайчына!


Дзякуй Кацярыне Сыцэвіч (http://vk.com/katesycevich) за цудоўную прычоску і, безумоўна, маёй дарагой Ані Бічун (http://vk.com/beautynailsminsk) за (як і заўсёды) шыкоўны манікюр!
Дзякуй Вераніцы за правядзенне нашай рэгістрацыі і Антаніне за каардынацыю вясельнага дня!
Дзякуй нашым дарагім артыстам, але пра іх я распавяду асобна ў межах аповеду пра наш дзень!).
Але ж былі яшчэ і невялічкія рэчы, зробленыя з душой, якія хочацца асабліва адзначыць. Гэта наш вясельны альбом, зроблены таленавітай Кацярынай (http://vk.com/ruzhakvetka). Калісьці Кацярына зрабіла для мяне ўжо любімы мною нататнік і пытанне пра тое, як жа нам набыць вясельны альбом, не паўставала. Да таго ж, Кацярына яшчэ зрабіла альбом менавіта з такім арнаментам, які быў на нашым прабабуліным вясельным рушніку :). Вялікі дзякуй, Кацярына, за шыкоўны альбом, які захавае нашыя пажаданні і фотаздымкі!
Яшчэ адна рэч, якая дапоўніла нашае свята - гэта цудоўны мятлік! Рабяты (http://vk.com/babochkimash) зрабілі яго менавіта такім, якім мы яго бачылі і, безумоўна, нічога падобнага да нашага цудоўнага мятліка мы б не знайшлі ні ў адной краме.
Дзякуй Міле Ігнацік (http://vk.com/studioclay) за нашыя ўпрыгожванні з палімернай гліны! Гэта васількі, якія яшчэ доўга будуць радаваць нас сваім настроем. Дзякуй вялікі Таццяне (http://vk.com/club88678425) за бялізну і другой Таццяне за скрыначку для кольцаў (http://vk.com/familyhm). Дзякуй Вользе за падвязку і бранзалетку з васількамі (http://vk.com/id220325490). Цяпер, падаецца, што нікога не забыла!)




Ітак, раніцай пасля вяселля я ўпэўнена адчула, што мы сабралі выдатную каманду.
Кожнага з гэтых людзей хочацца яшчэ раз абняць моцна-моцна і падзякаваць яму!
Дык вось - абдымаю! :)

праект2015, эмоцыі, людзі, вяселле, лета, шчырасць

Previous post Next post
Up