З чаго пачынаецца наша Бельгія? З Брусэля, Атоміума, шакаладу і "маленькага хлопчыка". Якім чынам мы вырашылі завітаць у Брусэль ні я, ні Ігар ужо не памятаем, гэта адбылося вельмі проста, па прынцыпу нашага любімага адказу на занятках па шведскай мове "varför inte" ("чаму б не"). Так мы прыляцелі з сонечнай Барселоны ў дажджлівы Брусэль.
Па дарозе з аэрапорту ў горад нам сустрэўся вельмі незвычайны для нашага падарожжа тып спадарожніка: мужчына ведаў, дзе знаходзіцца Беларусь, нават даў зразумець, што ён дасведчаны ў пытаннях гісторыі нашай краіны, а за хвілін 15 нашай гутаркі ён паспеў трохі распавесці пра Брусэль і яго мясціны. Менавіта гэты цудоўны мужчына нам і растлумачыў, што не трэба дзівіцца дажджліваму надвор'ю ў Брусэлі, таму што "it`s Brussels".
Канешне, адным з самых вядомых сімвалаў Брусэля з'яўляецца (прабачце, але гэта так і гучыць) - "хлопчык, які сікае", альбо Manneken Pis. Да гэтага часу мне так і не зразумела, як хлопчык, які сікае, можа з'яўляцца сімвалам адвагі, але факты ёсць факты.
Ля хлопчыка заўсёды можна бачыць зашмат народу, усе яны радуюцца і фатаграфуюць (чаму б не?)
Як мы паспелі заўважыць, існуюць нават пэўныя традыцыі-імпрэзы, што адбываюцца ля маленькага хлопчыка-манумента.
Так, увечары група студэнтаў весела спявала песню, святкуючы, мажліва, брусэльскі дзень студэнта.
Цікава адзначыць, што хлопчык, які сікае, абыгрываецца ўсюды, нават там, дзе можна было б абысціся і без хлопчыка. Кажуць, што дзяўчынка, якая сікае, таксама ёсць недзе ў Брусэле, але мы яе не знайшлі, шчыра кажучы, мо й не вельмі шукалі.
Бельгія - рай.
Безумоўна, для тых, хто апантаны шакаладам і ўсім, што з ім звязана. Дзіўнае мноства самых разнастайных цукерак і іншых шакаладных вырабаў проста прымушае спыніцца і спусціць усе кішэнныя грошы ў першай жа краме, што трапляецца на тваім шляху. Але ж, будзьце пільнымі, варта трохі адысці ад самага цэнтру, асабліва ад хлопчыка, які сікае, і кошты прыемна падзівяць вас простасумерным паніжэннем.
Сэрца горада - Гранд Плац.
Напэўна, самы прыгожы пляц ў цэнтры горада, які я калі-небудзь бачыла.
Гэты гандлёвы пляц XII стагоддзя проста дыхае незвычайнай яскравасцю, атмасфернасцю і прыгажосцю сваіх будынкаў.
Кажуць, перыядычнасцю раз у два гады 15 жніўня ўсю плошчу ўсцілаюць рознакаляровымі кветкамі і шмат турыстаў з розных краін свету з'язджаюцца ў Брусэль, каб паглядзець на такую прыгажосць.
Што ж, гэта цудоўная матывацыя дзеля таго, каб вярнуцца ў Брусэль яшчэ раз.
Гарадская ратуша, каранаваная статуяй архангела Міхаіла, апекуна Брусэля.
Шчыра кажучы, Брусэль прыемна здзівіў мяне. На мапе нашага падарожжа гэта быў пункт больш для невялічкага спыну-перадыху, бо правялі мы тут нават менш, чым адны суткі, але я ўсё ж паспела ўлюбіцца ў гэты горад, а разам з ім і ў саму краіну. Можна застацца тут? З бельгійскай вафляй у адной руцэ і з кубачкам кавы ў другой?)
Вечаровы Брусэль змяніўся ўжо па-іншаму. Гэта было нешта сярэднее паміж тусовачным горадам, дзе на вуліцах гучыць музыка, задуменасцю старога цэнтру і дзіўнасцю кварталаў, далёкіх ад яго.
Ох, гэтыя цікавыя Брусэльскія вулачкі). Бачылі мы, што вулачка незвычайная, але ж у чым заключаецца незвычайнасць, заўважылі не адразу. І, канешне, атмасфера вольнасці і натуральнасці на вуліцах гораду. Вось у гэтай рэстарацыі мы спыніліся дзеля дэгустацыі бельгійскага піва.
Велічнасць начной ратушы.
Раніцай нас чакаў шлях у яшчэ адзін Бельгійскі горад - Бруге.
Грукаючы валізай па брукаванцы мы накіраваліся на вакзал.
Click to view