Удзельнічаю ў
флэшмобе, у якім трэба на абазначаную літару алфавіта назваць 10 слоў - "фактаў пра сябе, гісторый з уласнага жыцця, проста важных для яго рэчаў, - якія на яе пачынаюцца".
Мне выпала літара "С", і я адразу зразумела, што гэта добрая літара, і вось чаму:
1. Першае слова, якое я ўзгадала на "С" - гэта сын. Тут нават каменціраваць не буду, бо ўсе зразумела. Толькі дадам, што быць мамай сына вельмі прыемна :)
Сынок
2. За сынам ідзе сям'я. І тут я маю на ўвазе, як маю асабістую маленькую з 3-х (пакуль што) чалавек, так і ўсю нашу з мужам вялікую колькасць родных, з якімі мы пастаянна і цесна кантактуем, адзначаем дні нараджэнні кожнага і агульныя святы. Я вельмі люблю, калі збіраецца разам уся нашая вялікая сям'я, калі кожны мае што сказаць і не можа дачакацца сваёй чаргі і таму перапыняе іншых:)
Качкіна сям'я
3. Ну і сябры. Мушу прызнацца, што за пражытыя гады я не здолела займець шмат сяброў. Не, знаёмых, і нават добрых знаёмых у мяне дастаткова, але ж сапраўдных сяброў - адзінкі, і з усімі я знаёма вельмі даўно.
Сяброўкі:)
4. З вышэй напісаных трох словаў вынікае чацвёртае, вельмі прыемнае - свята, лепш нават у множным ліку - святы. Ведаю, ёсць людзі, якія ня любяць свае дні нараджэння, я вось, наадварот, дужа люблю. І не толькі свой - дні нараджэння родных і сяброў, ды і іншыя святы таксама мне даспадобы адзначаць - Каляды, Новы год, Вялікдзень. Вяселле ж.
Фота Антона Матолька
5. Сакавік. Не магу сказаць, што любімы месяц у годзе, але ж асаблівы. Акрамя таго, што я нарадзілася ў сакавіку, першы месяц вясны мяне прываблівае прадчуваннем хуткага абуджэння прыроды, калі здаецца, што ўсе толькі пачынаецца, а наперадзе яшчэ шмат цёплых гожых дзянькоў. Нават сакавіцкі снег пахне вясной.
Сакавік ў Віцебску
Пытанне: Падкажыце, калі ласка, віцебчане (а можа, хто ведае і не з віцебчан), што гэта за вуліца, і што за будынак? Я, на жаль, забылася.
6. Сіцылія. Гэта востраў-мара, як я яго называю. Неяк можа распавяду пра яго падрабязней, але пакуль проста скажу, што Сіцылія для мяне - гэта сымбаль ўвасаблення самых неверагодных жаданняў, таго, што калі нечага па-сапраўднаму захацець, думаць аб гэтым, то яно абавязкова споўніцца, і нават не рана, ці позна, а ў свой час.
Пляж каля г.Палерма, Сіцылія
7. Сукенка, шлюбная сукенка. Не змагла ўспомніць, калі я ўпершыню паглядзела фільм "Funny face"(мой вольны пераклад - "Пацешная мордачка" :)) з Одры Хепбёрн - да таго, як атрымала ад будучага на той момант мужа прапанову ажаніцца, ці пасля гэтага. Але з таго часу марыла аб такой шлюбнай сукенцы, як ў галоўнай гераіні. Яшчэ адзін прыклад таго, як dreams come true.
Одры Хепбёрн у той самай сукенцы
8. Стракатанне конікаў - любімы гук. Лета, час блізіцца да падвячорка, паўдзенная гарачыня спала, я іду, а трава казыча мне босыя ногі, вакол пануе цішыня і толькі ціхае, амаль не чутнае, пакуль не прыслухаешся, стракатанне конікаў. Заўсёды хочацца спыніцца ў такі момант, і каб спыніўся час, хоць на імгненне.
Ў полі
9. Сонца - нам дапаможа? Ці любіць яно нас? :) Калі верыць не спадарам Вольскму і Вайцюшкевічу, а дадзеным бязлітаснай статыстыкі, дык не - у Мінску сярэднегадавая колькасць ясных дзён усяго 28. Уявіце толькі, з 365 усяго толькі 28 дзён, менш за месяц!!! Можа з-за гэтага, але я без сонца доўга не магу. І зайздрошчу людзям, якія жывуць ў краінах з большай колькасцю сонечных дзен у годзе.
Заход сонца на возеры Нарач
10. Самаробныя рэчы - іх у нашам доме вельмі шмат, зробленных ці мною, ці мужам. Ад самаробнай мэблі (муж), мазаікі і дэкаратыўнай тынкоўкі на сценах (я+ муж) да посуду (я) і фіранак (зноў я). Рукі заўсёды свярбяць штосьці яшчэ такое зрабіць. І можаце быць упэўненнымі, што ўсё гэта я яшчэ пакажу ў сваім журнале:)
Дэкаратыўная тынкоўка
Адначасова са мной, але незалежна ад мяне, мой муж таксама ўзгадаў 10 слоў на літару С, цікава, што палова слоў у нас супала. Як, лічыце, якіх:))