Ну, калі лічыць, што ўвесь гэты час я была ў зімовай спячцы, то мне цікава - ці прачнуліся ўжо мядзведзі? І навогул, калі скончыцца ўжо зіма? Знаёмы казаў, што ехаў за горадам - вакол дарогі былі бясконцыя белыя палі, і ніякіх табе праталін...
Але ж не буду болей аб сумным, лепш пакажу вам нешта прыгожае і яркае (а то вочы стаміліся ўжо бачыць адно бела-шэрае).
Насамрэч, задумка зрабіць сучасныя па форме і зместу вырабы, але з аглядкай на нашае мінулае ў мяне з'явілася даўно. А калі я набыла кнігу пра беларускія ручнікі і захапілася народным арнаментам, я не толькі пачала шыць сабе строй (які ўсё ніяк не скончу), але і думаць пра кераміку. Я выбрала адзін з шматлікіх узораў і зрабіла на яго падставе 2 кубкі, вось іх (і яшчэ адзін, без узору) я пакажу і раскажу, што гэта такі за ўзор. Дарэчы, маёй задумкай было не толькі выкарыстоўваць беларускі арнамент у керамічных вырабах, але ж і ведаць, што ён азначае і які сэнс мае... І гэта толькі пачатак!
Вось яны, мае кубачкі, і не з абы-якой гліны, а з гараднянскай. А ўзор, можа ўжо хто здагадаўся па здымку - Багача:
Спачатку раскажу пра ўзор, а потым пакажу кубкі асобна кожны. Дык вось:
Багач
Згодна з народнымі павер'ямі, дзеці Ярылы - Жыцень, Спарыш і Багач, клапоцяцца пра ўраджай на ніве. Таму селянін заўсёды вітаў іх, клікаў у госці, добра частаваў. Так ён спадзяваўся на добры ўраджай.
У аснову ўзору Багача пакладзены дажынкавы вянок , які сімвалізуе зерне, багацце як аснову сялянскай гаспадаркі. Ён мае выгляд разеткі з чатырох моцна стылізаваных каласоў, размешчаных крыжападобна. Варыянтаў яго шмат, але ў большасці выпадкаў узор кампануецца з цэнтральнай разеткі і стылізаваных каласоў, што адыходзяць ад яе. Звычайна Багач спалучаецца з іншымі сімваламі ўраджаю - Раем, Спарышом, часам бываюць сімвалы Зямлі-Карміцелькі. хлеба.
А яшчэ, Багач - гэта свята, прымеркаванае да дня восеньскага раўнадзенства. Пра свята Багач можна пачытаць тут -
http://by-ethno.livejournal.com/277481.html(паводле кнігі “Беларускі арнамент. Ткацтва. Вышыўка” / Кацар М.С. / Навук. рэд. Я.М.Сахута. - Мн.: БелЭн, 1996).
Гэты кубак мне падабаецца больш за ўсіх:
Мне здаецца, што яго форма добра спалучаецца з самім ўзорам. Гэты кубак астанецца ў мяне, але ж яго прызначэнне я яшчэ не вызначыла. Ён даволі маленькі, ручку я не прымацоўвала адмыслова - не хацелася нічым перагружаць форму Калі б я піла каву, як італьянцы, - то было б самае то, а калі б быў яшчэ меншы - то налівала туды нешта больш моцнае:)
А форму другога кубка рабіла такой, як задумала першпачаткова. Вось таккі пузаценькі атрымаўся:
Ну і бонусам - трэці кубак, без узору (проста не паспела яго зрабіць, гліна надта высахла, і было ўжо не зручна):
Што я яшчэ маю сказаць:
-мне вельмі падабаецца у гэтых кубках гараднянская гліна. Яна не ідэальна роўная, паверхня кубкаў трохі шурпатая, але на мой погляд, тут гэта выглядае даволі арганічна. Ну і колер гараднянскай святлейшы за звычайную - таму чырвоная паліва таксама ім пасуе.
-Узоры на вырабах я выразала ўручную, гэта не штампы.
-На фотаздымкі можна націснуць - будуць большага памеру.
- Зрабіла я кубкі насамрэч даўно! Доўна не магла зрабіць паліваны вобжыг, а потым зрабіць здымкі. А хацела ж паспець на новага году :)