Зварот да каталіцкага епіскапату. Падпішыце, калі ласка!

Jan 10, 2011 13:38

"Мы просім Вас, шаноўныя пастыры, не заставацца абыякавымі да грубага парушэння нормаў законнасці, справядлівасці, правоў чалавека, якое назіраецца ў нашай краіне. Бо, як навучае Другі Ватыканскі сабор, “радасць і надзея, смутак і трывога людзей гэтага часу, асабліва бедных і ўсіх прыгнечаных, з’яўляецца таксама радасцю і надзеяй, смуткам і трывогай Хрыстовых вучняў” (Gaudium et spes, 1).

Мы ўсведамляем, што сітуацыя, якая сёння склалася ў нашай краіне, ёсць занадта складанай для таго, каб вырашыць яе выключна чалавечымі сіламі. Але, як казаў Ісус, “што немагчыма ў людзей, тое магчыма ў Бога” (Мацвея, 18:27). Таму заклікаем Вас нястомна маліцца за нашую краіну - каб Бог паспрыяў спыненню беззаконня і гвалту і аднаўленню справядлівасці і супакою. Заклікаем Вас маліцца за тых, хто сёння пры ўладзе - каб яны пакаяліся і перасталі чыніць несправядлівасць. Заклікаем Вас маліцца за ўвесь беларускі народ - каб людзі, узмоцненыя Духам Святым, не баяліся ў нялёгкіх і небяспечных умовах кіравацца сваім сумленнем, а не парадкамі “гэтага свету”.

Мы просім Вас прыкласці ўсе магчымыя намаганні для аднаўлення ў нашай краіне справядлівасці і супакою. Другі Ватыканскі сабор навучае, што “Касцёл, заснаваны на любові Адкупіцеля, спрыяе таму, каб у межах народу і паміж народамі шырэй квітнела справядлівасць і любоў” (Gaudium et spes, 76). Найноўшая гісторыя дае нам шмат годных прыкладаў таго, як Касцёл сваім аўтарытэтам спрыяў устанаўленню справядлівасці, супакою, пашаны да правоў чалавека ў розных краінах свету. Актыўная пазіцыя Касцёла паспрыяла мірнаму вырашэнню палітычных крызісаў у Сальвадоры (1984 г.), Філіпінах (1985 г.), Чылі (1989 г.), краінах Усходняй Еўропы. У 2010 годзе Касцёл здолеў схіліць улады Кубы да вызвалення палітычных вязняў.

Мы вельмі спадзяемся на тое, што Касцёл у Беларусі можа пайсці за гэтымі годнымі прыкладамі і сваім маральным і пастырскім аўтарытэтам паўплываць на сітуацыю, якая склалася ў нашай краіне. Мы заклікаем Вас неадкладна звярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваннем вызваліць палітычных вязняў і спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. Мы заклікаем Вас зрабіць усё магчымае дзеля таго, каб ад гвалту і запалохвання ўлады перайшлі да дыялогу з народам"

Увесь тэкст тут: http://westki.info/blogs/10879/zvarot-da-katal%D1%96ckaha-iep%D1%96skapatu-z-nahody-s%D1%96tuacy%D1%96-iakaia-sklalasia-u-kra%D1%96nie-padp%D1%96syci

Пакінуць подпіс можна ў каментарах альбо прыватным паведамленнем. Пазначце сваё імя, прозвішча, род заняткаў і парафію, да якой належыце.

Буду таксама ўдзячны за заўвагі.
Previous post Next post
Up