Лукашэнка добры: мала ваўкоў і шмат машын

Oct 12, 2010 20:10

Сёння з капуцынам айцом Тамашам ездзілі разбіраць стары парафіяльны дом у Ваўкалаце, што паміж Паставамі і Докшыцамі.

Падчас перапынку ў працы разгаварыўся з бабулькай з суседняй напаўвымерлай вёскі Шылькі. Распавядала пра сваё дзяцінства. Вучыла ўрокі пры газоўцы ("а маці казала: хлеб есці з гэтага не будзеш"), з маці ездзіла па дровы ў лес ("як увалюся ў гурбу, дык па шыю"). Распавядала, як дзеці з вёскі хадзілі ў школу праз хмызнякі, адпалохваючы ваўкоў паходнямі.

"Цяжка было нам пасля вайны, - падсумоўвае свае ўспаміны бабулька. - А цяпер добра жыць: легкавыя машыны толькі і гойсаюць, а людзі толькі і думаюць, што б гэта ў хату купіць. І рабіць ніхто не хоча. А яшчэ кажуць, што Лукашэнка благі".

бабулькі, выбары, мой родны кут

Previous post Next post
Up