Снег

Jan 02, 2012 21:24

Сёння сыпаў снег. У абед была бадай сапраўдная завіруха. А ўвечары мы выбраліся на горку.
На вуліцы было зусім не так чароўна, бо снег ляжаў, а на галаву буйнымі кроплямі падаў дождж. Але малым гэта не перашкодзіла атрымаць асалоду. Яны коўзаліся, поўзалі на карачках і па пластунску, куляліся праз бок і праз галаву, рылі носам праходы для мышэй-палёвак. А я стаяла і мокла, бо ў рваных джынсах і з голымі каленкамі ніяк не магла раздзяліць з імі захапленне ад мокрага і ліпучага снегу.
Агата, як сапраўдная прыхільніца гор, спрабавала наўпрост залезці на стромкую горку. Усе хлопцы стаялі зверху і раілі ёй абысці. Але яна, з суворым выразам твару бывалага альпініста, штурмавала свой Эверэст.
Калі я ўшчэнт прамокла і стала смярдзець псінай, загрузіла дзяцей на санкі і пацягнула, брыкаючыхся, дадому.

дзеці, жыццё, проста так

Previous post Next post
Up