Канцэрт "О.Е"

Oct 11, 2011 00:35

Ледзь жывая прыцягнулася з канцэрта "Акіяна Эльзы". Муж пашкадаваў і, трэці раз за дзесяць год шлюбу, зрабіў мне гарбату. Ён у мяне такі, адмысловы, падчас родаў дапамагае, церпіць усе мае выкрунтасы, а вось гарбаты зрабіць -- вышэй за ягоныя магчымасці. Ды не пра тое размова.
Вельмі чакала менавіта спалучэння іх выступу з сімфанічным аркестрам. Спадабалася, але магло б быць куды лепей. Не ставала зладжанасці і ўзаемапранікнення. І па ўсім відаць, што аркестр граў па спрошчанай партытуры, не такой, як на студыйным запісу. А можа банальна не хапіла рэпетыцыі.
Я нават адгадала, якія будуць першыя дзьве песні. Вельмі дарэчнымі падаліся "усходнія напевы" Вакарчука перад песняй "Друг". Вось проста так, як я яе ўспрымала і ўяўляла. І прага, і адзінота, і жарсць у адным напеве. 
А вось "Видчуваю тебе" не спадабалася зусім, хаця адна з маіх найулюбёных.
Прынамсі ў гэты раз я не расчараваная. Адно шкада, што гэта быў не канцэрт у Львове. Заўжды хацела паслухаць "О.Е" на іх радзіме.
P.S. Нейкім незразумелым чынам згубіла шлюбны(ці як ён там называецца) пярсцёнак. А  насіла ж яго з самага дня вяселля за выключэннем другой цяжарнасці. Вось зусім не здымала. Мне нават здавалася, што ён урос  і сцягнуць яго ўвогуле не магчыма. А тут палец ёсць, белая паласа на пальцы ёсць, а пярсцёнка -- нямашака.

Жыццё, любоў, проста так

Previous post Next post
Up