Аўдыал і візуал

Nov 07, 2010 23:55


Ёсць у мяне дзьве расцудоўныя дачушкі. І, вядома, даволі часта здараюцца сітуацыі, калі да іх нешта трэба давесці. І я неяк раней не вельмі зважала, што ўздзейнічаць на іх аднолькава немагчыма. А вось тут якраз надыйшоў той час, калі мяне раптам бамкнула па самай макаўцы.
Мой любімы аўдыал Агата катэгарычна не жадала сябраваць з пропісамі. Яна з пароды тых людзей, пра якіх гавораць: "Глядзіць у кнігу і бачыць хвігу". Яна ў прынцыпе была не здольная паўтарыць ўзор, які намаляваны. Але праз пару разоў усё пайшло як па маслу. А ўсё таму, што я знайшла падыход. Я проста брала паперу, пісала нейкую патрэбную літару і прагаворвала, як я яе пішу. І Агата, нават не гледзячы на прыклад, цудоўна яе пісала.
А Івона візуал. Гэта бачна па яе дзейнасці. Вось падыходзіць яна і прапануе расказаць мне казку. Зразумела, што я згаджаюся. Яна бярэ паперу, алоўкі, фламастары. І расказвае, суправаджаючы яе сваімі малюнкамі.



Вось, напрыклад, учарашняя казка, пра клоўна, які рассмяшыў дзяцей і перамог злоснага павука. Вялікі домік яна малявала не сама. І пасярэдзіне папрасіла ў мяне дапамогі размаляваць твор пад ноч. Бо казка сканчалася: "Надыйшла ноч. І шчаслівы і задаволены клоўн пайшоў спаць..."
І так кожны дзень. Казак па пяць-шэсць.
Адзінае, што я покуль не прыдумала, як візуальна да яе даводзіць, што трэба паводзіць сябе добра. Часам, калі ёсць пільная патрэба.

Івоніны казкі, Дзеці, Івона, Агата, выхаванне

Previous post Next post
Up