Дзяды -- як мы адзначалі

Nov 03, 2013 01:51

Сёння першы раз адзначала Дзяды. Аня vokina мае рацыю, святыя дні адзначаць трэба. Гэта кропкі на коле года, і на нашым жыццёвым шляху. Важна не абмінуць іх, а адзначыць належным чынам, закрыць пытанні мінулага, і скіравацца ў будучыню.
Я раней гэта таксама разумела, але, як цяпер мяркую, мне сілаў не ставала на тое, каб штосьці такое зарганізаваць.
І вось, дзякуючы спадарожнаму ветру ад smeshnaja_ja сіла забіла фантанам, і я нарэшце раблю рэчы, пра якія раней толькі думала ды планавала.
Дзяды -- свята паганскае, хаця і праваслаўныя, і каталікі перанялі традыцыю ўспаміну памерлых менавіта ў гэтыя дні. Каляндар, як заўсёды, мае свае асаблівасці. Праваслаўныя па культуры запрашаюць продкаў да агульнага стала ў трэцюю суботу пасля Пакравоў (якія заўсёды адзначаюцца 14 кастрычніка). Каталікі адзначаюць Успамін усіх памерлых 2 лістапада. Між тым, 1 лістапада -- у каталікоў Дзень Усіх Святых (тых, хто ўжо ў небе, а значыць, таксама памерлых). Гэту кропку на коле года адзначалі і кельты (самайн), і скандынавы (самхейн) -- у ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Для кельтаў гэта быў дзень пачатку цёмнай паловы года. Пра хэлоўін і так усе ўсё ведаюць.
Як ні круці, а час гэты для ўсёй нашай інда-еўрапейскай супольнасці адмысловы. Адмыкаюцца ў гэты час дзверы паміж белым і "тым" светам, і мы можам гаварыць з продкамі.Такі вось час для адкрытых праяваў дынамікі сямейных сістэмаў.
Цяпер ад абстракцый да канкрэтыкі. Муж у камандыроўцы, дзяцей за памінальны стол не садзяць (дарэчы, мае як адчулі -- самі заныкаліся па кутах і выйшлі ўжо, як мы продкаў у зваротны шлях праводзілі) -- вырашыла я паклікаць бабу з дзедам, заадно і пра продкаў іх параспытаць. Зрабіла 5 страваў (мусіць быць няцотны лік -- сымбаль мёртвых), падала кожную на 2 талерках (цотны лік -- сымбаль жывых). Тры стравы былі хутчэй данінай традыцыі -- кісель, куцця ды бліны (першы блін, як толькі спячэцца, трэба парваць на кавалкі і паставіць на кожным вакне дома). Прыйшлі баба з дзедам, мы запалілі свечку (з сімвалам "Дзед" -- купіла ў краме "Рагна"). Перадалі яе па коле ўсім прысутным (можна яшчэ стол абыходзіць, але нам было не зручна). Вокны паадкрывалі і дзядуля мой на правах старэйшага запрасіў Дзядоў "Святыя Дзяды, хадзіце сюды!". У мяне вялікі тэкст запросінаў Дзядоў ёсць, але дзядулі цяжка было б яго выканаць. Тады сталі есці, адкладаючы па першым кавалку ў місу для Дзядоў. Сталі размаўляць, пра продкаў, пра дзедавых і бабавых дзядоў-бабаў. я асобным постам павешу, тут не буду ўсё у кучу ляпіць.
Па сканчэнні вячэры развіталіся з Дзядамі, свечку пагасілі кавалкам бліна. Буду захоўваць яе да наступнага свята. Дарэчы, трэба мне скрыначку нейкую стварыць для захоўвання такіх рытуальных прыладаў. А, яшчэ я стол не мыла, ежу не прыбірала -- лічыцца, што дзяды могуць шчэ пабаляваць, як жывыя разыйдуцца.
На кальварыйскія могілкі мы ўжо ездзілі ў чацвер -- там пахаваныя маці, дзядуля і яшчэ шмат сваякоў маёй бабулі. Трэба яшчэ абавязкова з'ездзіць на паўночныя, чыжоўскія, і ў Крывое Сяло.
 

каляндар жыцця, кола года

Previous post Next post
Up