Урочышча Людвікова: закінуты гарнізон пяхотнага батальёна КАП (Korpusu Ochrony Pogranicza)

Apr 12, 2013 16:55

Урочышча Людвікова - мясцовасць паміж вёскамі Будча і Чудзін на ўсходняй мяжы Ганцавіцкага раёна, Брэстскай вобласці.
З 1924 па 1939 годы тут размяшчаўся гарнізон 15 батальёна КАП (15 Batalion KOP у складзе 5 Brygady KOP), які пасля рэформы Пілсудскага ў 1929 годзе стаў называцца Батальён КАП "Людвікова" (Baon KOP "Ludwikowo" у складзе Brygady KOP "Polesie"). Падчас вайны і ў пасляваенныя гады гарнізон быў расселены і разбураны.

Людвікова на мапе WIG 1937 году і на мапе 1982 году:




Гарнізон праектаваўся на раней незаселеным месцы ўдалечыні ад буйных населеных пунктаў, але зблізу (15 км) ад савецка-польскай мяжы. Выкарыстоўваліся ўсё тыя ж праекты казармаў архітэктара Тадэвуша Навакоўскага (Tadeusz Nowakowski), што і ў гарнізонах Батальёна КАП "Клецк", Батальёна КАП "Падсвілле" і Батальёна КАП "Давыдгарадок" .
План тыповага гарнізону батальёна КАП:


Казармы Батальёна КАП "Людвікова" на старых фотаздымках:




Праект казармаў архітэктара Тадэвуша Навакоўскага (Tadeusz Nowakowski):


Штаб батальёна на старых фотаздымках:




Праект штабу архітэктара Тадэвуша Навакоўскага (Tadeusz Nowakowski):




Ротныя казармы:


Стражніца і казармы для роты памежнікаў:


Дом жаўнера ў Людвікова:


Батальён КАП "Людвікова" складаўся з каманды батальёна; чатырох рот, якія ў сваю чаргу дзяліліся кожная на чатыры ўзводы; пулямётнай роты, складаўшайся з трох узводаў.

У адпаведнасці з арганізацыйнай інструкцыяй батальён пагранічнай аховы меў наступную структуру: камандзір батальёна, камандзір роты, адз’ютант батальёна, афіцэр роты, квартырамайстар батальёна, афіцэр-забеспячэнец, казначэй, урач батальёна, батальённыя майстэрні, каманда камандзіра батальёна як адміністрацыйны пададдзел, пулямётны ўзвод, рота памежнай аховы.

К 1 верасню 1925 года ў батальёне "Людвікова” была праведзена тэлефонная лінія. Работы па пракладцы цеплатрасы, вадапровада і каналізацыі праводзіліся на тэрыторыі батальёна і завяршыліся ў 1937 годзе. Батальён меў свае электрычную і воданапорную станцыі. У 1938 годзе ў Людвікова былі закончаны работы па будаўніцтву дамоў з белай цэглы для афцэраў і іх сем’яў.

Праекты жылых дамоў для сем'яў афіцэраў Батальёна КАП "Людвікова" архітэктара В.Палкоўскага (W. Polkowski):




З 1927 года каля гарнізона з'явілася вузкакалейка, якую пабудаваў на свае грошы князь Радзівіл. Яна ішла з вёскі Дзяніскавічы, праз тэрыторыю вёскі Будча, Людвікоўскія дачы, каля ваеннага гарадка і да Хамінскаўскага лясніцтва, недалёка ад вёскі Заастравечча. Па вузкакалейцы перавозіліся лесаматэрыялы на прыватныя піларамы ў вёску Дзяніскавічы і мястэчка Ганцавічы. Ва ўмовах пабудовы вузкакалейкі было прапісана, што да карыстання ёй павінен быць далучаны і Батальён КАП "Людвікова". Але супрацоўніцтва прыватнай гаспадаркі Радзівіла і вайсковай гаспадаркі КАП ішло цяжка. Княжацкія цягнікі па чыгунцы хадзілі рэдка і не па раскладзе. У батальёна канешне былі свае дрэзіны (ручная і з рухавіком), але іх было недастаткова для забеспячэння ўсіх патрэб гарнізона, да таго ж вузкакалейка мела адну каляіну і калі на ёй знаходзіўся цягнік з лесапілкі, выбрацца з гарнізону было немагчыма. Акрамя таго абслуга чыгункі складалася з мясцовага (беларускага) насельніцтва і варожа ставілася да вайскоўцаў КАП. У 1936 князь Радзівіл захацеў разабраць вузкакалейку як нерэнтабельную, і ўладам прыйшлося выкупіць яе у князя, каб зусім не адрэзаць гарнізон ад свету.

У верасні 1939 батальён пакінуў Людвікова і быў уключаны ў Войска Польскае як 3-ці батальён 96-га пяхотнага палка арміі "Карпаты". На месцы гарнізону быў сфармаваны новы батальён з прызыўнікоў і рэзервістаў, які 17 верасня у складзе Брыгады КАП "Палессе" прыняў удзел у баях з Чырвонай Арміяй.

Пасля ўсталявання савецкай улады ў Чудзіне ў Людвікова размясцілася школа малодшых камандзіраў Чырвонай Арміі. Школа праіснавала да чэрвеня 1941 года, а з пачаткам вайны гарадок пакінулі і чырвонаармейцы. З 1939 па 1941 гады ў Людвікова размяшчаліся і іншыя ўстановы. Уласніцкія дамы каля ваеннага гарадка займала Чудзінскае сельпо і магазін. Тавары сюды дастаўляліся па вузкакалейцы. У адным з драўляных будынкаў пры ваенным гарадку размяшчалася таксама паштовае аддзяленне, якое абслугоўвала жыхароў навакольных вёсак, а таксама вайскоўцаў з ваеннага гарадка.

У канцы чэрвеня 1941 года фашысцкія самалёты бамбілі ваенны гарадок. Прамым пападаннем была знішчана вадакачка. У 1942 годзе чудзінскія паліцаі паспрабавалі зрабіць пусты і разбураны гарадок сваім апорным пунктам і ўтварылі тут пастарунак. Але некалькі партызанскіх рэйдаў прымусілі забыць іх пра такія намеры. У пасляваенны пярыяд жыхары суседніх вёсак, калі будавалі жыллё, а будаўнічых матэрыялаў не хапала, менавіта тут знаходзілі і цэглу і цвікі, якіх не было дзе купіць.

Такім чынам, на месцы гарадка засталося толькі тое, што нельга было разабраць і вывезці. Падмуркі колішніх пабудоў паступова зарасталі кустамі і лесам. Але яшчэ сёння ўзвышаюцца сцены часткова разбуранага будынка, дзе некалі размяшчаўся штаб батальёна. Няма зараз і вузкакалейкі, ад якой застаўся ледзь заўважны насып.

Вось як выглядае былы гарнізон на мапе гугла (абазначэнні Віталя Герасімені):


Пабачыць тое, што засталося ад пабудоў гарнізону можна ў фотарэпартажы victogan Предполесская покатушка. оп Люсино-Полонь-Денисковичи-оз Краснослободское-Семежево-ст. Тимковичи. Вось некаторыя з яго фотак.
Штаб Батальёну КАП "Людвікова":








Падмуркі казармаў:


Пост падрыхтаваны на падставе наступных матэрыялаў:
Артыкул Віталя Герасімені "Страчанае мінулае"
Тэма на форуме Глобус Беларусі "Польскія памежныя збудаванні (фарміраванні) 1920-1930-х гадоў"
Артыкул у польскай вікі Batalion KOP "Ludwikowo".
Пост victogan Предполесская покатушка. оп Люсино-Полонь-Денисковичи-оз Краснослободское-Семежево-ст. Тимковичи

штаб / sztab, страчаная спадчына, закінуты, стражніца, чарцёж, Заходняя Беларусь, аэрафотаздымак, казармы / koszary, мапа, korpus ochrony pogranicza, стары фотаздымак, сучасны фотаздымак, гарнізон / garnizon, Людвікаў

Previous post Next post
Up