Уплыў закапанскага стылю на будаўніцтва касцёлаў у Заходняй Беларусі

Apr 02, 2013 09:26

Закапанскі стыль" як асобны накірунак у архітэктуры пачаў распаўсюджвацца ў канцы ХІХ ст.

Стваральнікам і ідэйным натхняльнікам стылю з'яўляецца Станіслаў Віткевіч. Архітэктар імкнуўся да стварэння нацыянальнай архітэктуры на падставе народных мастацкіх здабыткаў жыхароў Татраў і Карпатаў. Першыя праекты Віткевіч рэалізаваў у будаўніцтве загарадных дамоў і вілаў ў курортным горадзе Закапанэ. У хуткім часе новамодныя тэндэнцыі падхапілі іншыя архітэктары.

Галоўнымі асаблівасцымі стылю з'яўляюцца падмуркі з колатага каменю, высокі гонтавы дах, вялікая колькасць дэкаратыўных  элементаў з расліннай тэматыкай, выявы сонца з промнямі на франтонах і дзвярах. У якасці будаўнічага матэрыялу выкарыстоўвалася выключна дрэва.

На пачатку ХХ ст. прыходзіцца сапраўдны бум закапанскага стылю у архітэктуры: будуюцца прыватныя дамы, палацы, гатэлі. Не абмінуў гэты стыль і культавае будаўніцтва.

На тэрыторыі нашага краю закапанскі стыль у культавым дойлідстве першапачаткова праявіўся сінтэзе з панаваўшым у тыя часы неагатычным стылем.

З элементамі закапанскага стылю быў перабудаваны ў 1899 г. па праекту варшаўскага архітэктара К. Вайцяхоўскага неагатычны касцёл св. Юрыя ў в. Паланэчка (Баранавіцкі р-н):




Дэкаратыўныя закапанскія элементы ў выглядзе сонца з промнямі былі выкарыстаны падчас перабудовы ў 1903 г. касцёла св. Яўхіма ў Клюшчанах (Астравецкі р-н):



Яскравым прыкладам закапанскага стылю па праву можна лічыць касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў в. Канвелішкі (Воранаўскі р-н). Касцёл будаваўся на працягу 1916-1925 гг. пад кіраўніцтвам ксяндза Юзафа Дубеціса. У будынку святыні мастацкі спалучаны архітэктурныя элементы стыляў закарпацкага і неаготыкі. Франтоны і завяршэнні вежаў касцёла ўпрыгожаны салярнай сімволікай, што надае яму рысы "народнага" дойлідства:



У міжваенны час закапанскі  стыль  атрымаў новае развіццё. Адбыўся своеасаблівы сінтэз стылю з рэгіянальнай архітэктурай, у выніку чаго паўстаў новазакапанскі стыль. Пачынаючы з 1920-х гг., пад уплывам новазакапанскага стылю пачалося будаўніцтва новых і адбудова зруйнаваных каталіцкіх святыняў.

Так, у 1923-24 гг. у Лідзе на вайсковых могілках была пабудавана драўляная капліца ў новазакапанскім стылі. Праўда, праіснавала яна нядоўга: была знішчана пасля Другой сусветнай вайны.



У 1924 г. пад кіраўніцтвам кс. Люцыяна Жаландкоўскага быў пабудаваны прыгожы касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах. Касцёл увабраў у сабе рысы неабарока і закапанскага стылю:



Касцёл св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. Збудаваны ў др.п. 1920-х гг., не захаваўся:



Інтэр'ер ваўкавыскага касцёла:



Адным з самых прыгожых новазакапанскіх святыняў можна назваць касцёл Маці Божай Анёльскай у в. Мяжаны (Браслаўскі р-н). Касцёл будаваўся на працягу 1928-33 г. па праекту вядомага віленскага архітэктара Ю. Клоса. Да нашых дзён арыгінальны будынак касцёлу не захаваўся, а толькі навабуд з чырвонай чэглы, які, праўда, паўтарае арыгінальны аб'ём:



Закапанскі стыль натхніў архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага ў стварэнні беларускага нацыянальнага стюлю. У новазакапанскіх традыцыях паводле яго праекту быў пабудаваны ў 1927-28 гг. Петра-Паўлаўскі касцёл у Дрысвятах (Браслаўскі р-н):



У 1928 г. быў узведзены касцёл у в. Дайлідкі (Астравецкі р-н). Будынак увабраў у сабе рысы неабарока і новазакапанскага стылю:



Падобны касцёл 1934 г. св. Станіслава ў в. Далёкія (Браслаўскі р-н):



1935 г. капліца ў в. Цвермы (Лідскі р-н). Пабудавана па праекту лідскага павятовага архітэктара Вацлава Гаўліка. Знішчана ў 1960 г.



1936 г. касцёл Маці Божай Чэнстахоўскай у в. Богудзьках (Жабінкаўскі р-н). Знішчаны ў 1954 г.



У 1930-х гг. была пабудавана мініяцюрная каплічка ў в. Мохавічы (Лідскі р-н):



У 1931 г. быў пабудаваны прыгожы касцёл у новазакапанскім стылі ў Бярозаўцы (былы Навагрудскі павет, зарас тэрыторыя Лідскага р-ну). Працамі кіраваў кс. Пётр Байкевіч. Касцёл быў разбураны ў 1954 г.



Ксёндз П.Байкевіч на будоўлі касцёла. Фота 1930-х гг.:



Першая імша ў недабудаваным бярозаўскім касцёле. Фота 1931 г.:



У 1934 г. быў пабудаваны касцёл у в. Заастравечча (Клецкі р-н). Пашкоджаны падчас буры ў 1936 г. Згарэў у 1937 г.



Касцёл св. Юзафа ў Быцені (Івацэвіцкі р-н). Пабудаваны ў 1932 г. Разбураны савецкаю ўладаю пасля вайны.



Касцёл у в. Порплішча (Докшыцкі р-н). Збудаваны ў 1937-1941 гг.



Касцёл у в. Валеўка (Навагрудскі р-н). Пабудаваны ў 1930-х гг. Не захаваўся.



Пры напісанні паста былі запазычаны фота ў Tomkad, Pawet, Salasz, a таксама Radzima.org

Паланэчка, Ваўкавыск, касцёл / kościół, Дрысвяты, Мяжаны, Порплішча, Клюшчаны, Заастравечча, Заходняя Беларусь, Дайлідкі, сучасны фотаздымак, драўлянае дойлідства, Быцень, Цвермы, страчаная спадчына, Бярозаўка, Богудзькі, Ліда, Валеўка, Канвелішкі, закапанскі стыль / styl narodowy, Баранавічы, Далёкія, Мохавічы, стары фотаздымак

Previous post Next post
Up