БЛІЖЭЙ ЗА ЎСІХ

Apr 14, 2011 18:56

 Першымі, хто мне званіў пасля выбуху ў Мінскім метро былі падапечныя Клуба 5000.
10-гадовая Вераніка Малая бачыла мяне толькі адзін раз да гэтага. Яна сказала маме:
-- У нас нікога няма ў Мінску, але неяк да нас прыязджала цёця Таня -- пазвані, спытай, ці ўсё ў яе добра.
Веранікі ў 2005 годзе выдалўлі пухліну наднырачніка. З таго часу ў яе было два рэцыдзівы. На сёння злаякасныя клеткі запоўнілі ўвесь касцявы мозг. Яе двойчы спісвалі на хоспіс, але маці адмаўлялася і працягвала лячыць дачку. Сёння яны рыхтуюцца да перасадкі касцявога мозгу.
***
-- Прабачце, што так позна, -- пачула я, як толькі адказала на званок Гіліны Кміта, маці Віталіка. -- Я ездзіла ў райцэнтр, толькі вярнулася, а тут такі жах па тэлевізары!.. Проста хацела пачуць Ваш голас. Пачула. Дзякуй. Дабранач.
Галіне ў гэтым месяцы вырэзалі апендыцыт. З-за таго, что ў яе некалькі разоў з касцявога мозгу бралі ствалавыя клеткі ,каб перасадзіць сыну, моцны боль суправаджае яе нават пасля такой простай аперацыі як апендыцыт. Віталік, сам пасля шматлікіх аперацый не дае ёй упраўляцца па хаце: сам грабе лісце ў двары, сам пыласосіць ,сам топіць печку. Хоць яму гэта каштуе вялікіх намаганняў і высілкаў! Клапатлівы.
***
Віалета, хоць знаходзіцца зараз у цяжкім стане: ёй цяжка хадзіць, працаваць, размаўляць -- патэлефанавала папярэдзіць, каб я ў бліжэйшы час не карысталася метро.
***
Крысціна ўвогуле з цёцяй Лілей (маці) як родныя людзі мне. Яны пачынаюць хвалявацца, калі я за клопатамі доўга не званю. Яны перажываюць за мае дробныя няўдачы, неістотныя прастуды і нават лечуць мяне па тэлефоне. У навагоднюю ноч Крысціна дазваньваецца да мяне ў 00:05, калі усе наядаюцца салатамі, а тэлефонныя лініі перагружаны. 11.04.2011 занепакоеныя Лук'янчыкі пазванілі мне адны з першых.

сябры, Пяцітысячнікі, Бараўляны, любоў

Previous post Next post
Up