Фотаздымак 1929 г., зроблены экспедыцыяй кафедры этнаграфіі Інбелкульта пад кіраўніцтвам Вацлава Ластоўскага. Экспедыцыя праходзіла па маршруце г. Слуцк - в. Асташкавічы (сучасны Светлагорскі раён). Экспедыцыяй фотазафіксавана 6 бажніц, якія захоўваліся ў Беларускім дзяржаўным музеі. На сённяшні дзень бажніцы не выяўлены ні ў адным са збораў музея. Пад некаторымі фотаздымкамі ёсць надпісы, зробленыя рукой Ластоўскага. Пад гэтым здымкам: “Бажніца драўляная пісаная плоскай разьбой, да камплекту не стае толькі вечка ад скрынкі. Куплена за 2 рублі ад Агаты Крупенка з в. Асташкавічы. Бажніца роблена гадоў 70 таму назад, рабіў дзядзька Лявон. 4.VII.1929.”
Аўтар фотаздымкаў супрацоўнік БДМ (мастак і фатограф) вугорец па нацыянальнасці Тодар Гальмажэан, скончыў аддзяленне архітэктуры Вышэйшай тэхнічнай вучэльні ў Будапешце і два гады вучыўся на аддзяленні пластыкі Акадэміі мастацтваў ў Мюнхэне, валодаў сямю мовамі, аўтар працы “Венгерскія дэкаратыўныя матывы ў аздобах” (1913).
Фотаздымкі ў Беларусь Адаму Мальдзісу перадаў айцец А. Надсан. Арыгінальныя фотаальбомы знаходзяцца ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане.----------------------------------------------------------------
1. Гермацкая Н.В. Сакральные семейные ценности белорусов. Божницы. - са зб. Памяць продкаў праз музейны свет: матэрыялы музейных чытанняў, 18 лістапада, 2014 г. - Мн.: Нац. бібліятэка Беларусі, 2015
2. Лабачэўская В. "Архіў забытай экспедыцыі Вацлава Ластоўскага 1928 года па машруце Слуцк - Асташкавічы" ( Культура и быт белорусов в этнографиче-ских исследованиях и музейных коллекци-ях : мат. Международной науч. конф. ; 7-8 июня 2012 г., г. Минск / гл. ред. А.И. Локотко ; Институт искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Нац. акад. наук Беларуси. - Минск : Право и экономика, 2012. - 263 с. С.83 - 86.)