skrypačka

Jan 28, 2014 01:08

Апошнім часам тэндэнцыя намалявалася - дудары мяняюць дуды на скрыпкі і становяцца музыкамі... )
у ентым кантэксьце прыгадалася цудоўнае апавяданне спадара Гарэцкага...

СкрыпачкаУвесь час гняла яго думка, што бедны ён дужа. І сох ад думак, гаспадарку занядбаў, усё, што яму бацька адказаў, пагоршала.
Беднасць астатняя ў госці прыйшла.
- Асілачак мой бедны! - казаў часам свайму малому сыну. - Я бедны, і дзеткі мае бедныя, а ты будзеш яшчэ бяднейшы, і дзеткі твае будуць яшчэ бяднейшыя. Але падрастаў бы ты барзджэй. Ратаваў бы мяне сваёю сілаю. Ах ты, дзетка маё любае, нешчаслівыя мы.
- Ты мне, татка, скрыпачку купі, я табе “Таўкачыкаў” сыйграю.
А ўжо іграў на скрыпачцы з лучынкі і з нітачкамі заместа струн. Дужа бедная была тая самаробленая скрыпачка.
- Детка маё! Купіў ба табе скрыпачку, але купіла ў нас няма. А можа, табе лепей дуду? - жартаваў з дзіцянём.
- Не, я не хачу дуды: яна дужа нязручная.
- Падрасцеш, дык пазручнее… - казаў ён сыну абы-што, а думка так і гняла, так і гняла, што бедныя, бедныя, дужа яны бедныя.

Гарэцкі М. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Апавяданні/[Аўт. Прадм. А.Адамовіч]. - Мн.: Маст. літ., 1984. С. 129

dudy, music

Previous post Next post
Up