Гіём Апалінэр "Бэстыярый, або Арфэеў картэж"

Mar 11, 2016 00:34

Элеміру Буржу

Малюнкі Рауля Дзюфі

Арфэй

Глядзіце, як шляхетна і выразна
Малюнкі ўсё тлумачаць падрабязна:
Здаецца, што сьвятло гаворыць урачыста
Вучонай моваю Гермэса Трысмэгіста.



Чарапаха

Ляціць з фракійскага выраю
Мой сьпеў, сьвятло несучы,
Бо панцыр зрабіўся ліраю,
І ўсе зьвяры - слухачы!




Конь

Трымаеш лейцамі ўсё, што наяве сьніцца,
І робяцца страфой вазьніца й калясьніца,
Рух незавершаны і космас вершаваны -
Крылаты дыямэнт, табой адшліфаваны.



Тыбэцкая каза

Тыбэту зь яго козамі
І золату руна
Не параўнацца з косамі
Той, што ў мяне адна.



Зьмяя

Зьмеі - увасобленая злосьць,
згубіць прыгажосьць і маладосьць,
Эўрыдыку прынясе ў ахвяру,
Еву, Клеапатру… Вам ня досьць?
Ведаю і парыжанак пару.



Кот

Я запрашу ў сваю кватэру
Каханую - якой паверу,
Ката - для кніжных вечароў,
І вас - на шумную вячэру,
Бо жыць ня ўмею безь сяброў!



Трус

Ня будзь, як напужаны трус,
Калі Амур дае занятак.
А зробіць Муза ператрус -
Наплодзіш вершаў-трусянятак.



Зайка

А вунь зьвяруга вушастая,
Што пыску з куста высоўвае:
Па месцах дзівосных шастае
Дзівоснай парой марцоваю.



Леў

Абражаны й зьнявечаны,
Як зрынутыя прынцы,
Жыў леў сярод Нямеччыны -
У гамбурскім зьвярынцы.



Вярблюд

Дон Пэдра пакінуў свой родны парог,
Дон Пэдра вярблюдаў купіў чатырох,
Дон Пэдра праехаў на іх сто дарог.
А я мог бы і дзьвесьце, і Пэдра падвезьці -
Каб вярблюдаў я меў чатырох.



Мыш

О, мышы часу, вось і восень!
Я зьедзены да палавіны.
Дажыў да лічбы дваццаць восем -
Прычым ня так, як быў павінны.



Слон

Біўні ў роце - адмысловы
Схоў багацьця й прыгажосьці.
А ў паэта - словы, словы…
Вершы са слановай косьці.



Арфэй

Жамярыцы і мікробы,
Крылцы, вочкі і хвасты,
Блохі найвышэйшай пробы
Маюць болей пекнаты
Ад сямі дзівосаў сьвету
Й нават гэтага куплету!



Вусень

Паэту вусень - брат:
Каб нітку верша прасьці,
Працуй, як шаўкапрад,
Бо ў шоўку - мятлік шчасьця!



Муха

Ня ўпаўшы ў зімовую сьпячку,
Пра сьнег нам сьпявае элегіі,
Якім навучылі сваячку
Бялюткія мухі з Нарвэгіі.



Блыха

Блыха - як сябар, як лЮбая -
П’е кроў з нас і згубу нясе.
Ды ўдзячны за кроў і згубу я
Каханай, сябру, блысе.



Саранча

Еў акрыдаў (саранчу)
Ян Хрысьціцель зь дзікім мёдам.
Так і я служыць хачу
Толькі боскім асалодам.



Арфэй

Хай жа сэрца прынадаю ў неба ўпадзе!
І ў салёнай ці прэснай нябеснай вадзе,
Колькі я ні злавіў бы, у радасьці й скрусе,
Толькі Ты - мая рыба й рыбак мой, ІСУСЕ!



Дэльфін

Дэльфін гуляецца між хваль,
Ды хвалі - горкія, на жаль.
Вось так і я глытаю горыч:
Каханьне й боль заўсёды поруч.



Спрут

Я, шматрукая пачвара,
Толькі пырскаю чарніла,
І майму каханьню - кара:
Каціцца ў нябыт, што міла!



Мэдуза

Цяжка быць мэдузаю -
Шторм катуе й тузае.
Гэтаксама шлюзы я
Адчыняю з музаю.



Рак

Маім сумневам-небаракам
Няма дарогі ў райскі сад,
Калі паўзеш у неба ракам,
Бо крок наперад - два назад.



Карп

Карп, што схаваўся ў ціхі стаў,
Так доўга жыў, што сумным стаў,
Бо й сьмерць яго забыла:
Самотна жыць - магіла.



Арфэй

Зімародак і Эрот,
І Сырэн салодкі гнеў…
Губіць чалавечы род
Іх нечалавечы сьпеў.
Слухаць іх я вам ня раю.
Слухайце анёлаў з Раю.



Сырэны

Загадку горкую, паэце, растлумач:
Што значыць сьпеў Сырэн, пра што іх вечны плач?
Яны пяюць мой лёс, і ў кожным галашэньні -
Разьбіты карабель, гадоў маіх крушэньне.



Голуб

Найцудоўнейшы з галубоў,
Што Марыі прынёс любоў,
Я прашу, памажы мне згары
Споўніць мары з маёй Мары!



Паўлін

Сваё хараство вам наўпрост
Пакажа паўлін-выхваляка -
І вабіць распушчаны хвост,
І сьвеціцца голая срака.



Пугач

У сэрцы жыве пугач:
Каго палЮбіць, пужае.
Усё, што нажыў - боль і плач,
А радасьць цяпер - чужая.



Ібіс

І толькі ібіс на лаціне
Вітацьме здань маю, калі
Сыду ў цямрэчу, на глыбіні
Пяскоў егіпецкай зямлі.



Вол

Анёл сьвятога Лукі,
Малітваю райскі вол
Сустрэне нас, сябрукі…
Як Госпад нам дасьць дазвол.



Пераклаў з францускай Андрэй Хадановіч

Previous post Next post
Up