Гіём Апалінэр "Зона"

Oct 05, 2015 20:23



Як табе сьвет астабрыдзеў старэчы

Вежа Эйфэля пастушка масты твае зранку равуць па-авечы

Колькі гадоў ты гібеў экспанатам у Грэцыі й Рыме

Нават аўто выглядаюць занадта старымі
Толькі рэлігія не састарэе ніколі
Простая як самалёты ў ангарах і лётнае поле

Толькі Хрыстовая вера ня будзе антыкварыятам
Хто з вас апосталы моды зраўнаецца зь Піем Х?
Хто сарамлівым паглядам сьвятло з вокнаў ловіць?
Ты што ў касьцёл увайсьці пабаяўся на споведзь
Ты каталёгі гартаеш цалуеш вачыма афішу
Вось паэзія гэтага ранку а прозу ў газэтах напішуць
Усяго за чвэрць франка на здымках вялікія людзі
Дэтэктывы шукаюць матывы працяг хутка будзе

Я з раніцы вуліцу бачыў назвы не памятаю
Чысьцюткая ў сонечным зьяньні нібы труба залатая
Банкіры й рабочыя стэнаграфісткі-красуні шасьцёркі й тузы
Праходзяць ёю па буднях на дзень па чатыры разы
Званы звар’яцелыя б’юць па вушах апоўдні
На золку вые сырэна працоўны помні
Рэкляма шчытамі й плакатамі выбухае
Абвесткі крычыць са сьценаў як папугаі
Як я люблю гэты індустрыяльны стыль
Між авэню дэ Тэрн і Амон-Цьевіль

Вось твая вуліца юная й ты яшчэ ў веку дзіцяці
Табе блакітныя й белыя строі купляе маці
Ты яшчэ хлопчык-званочак што зь сябрам Рэнэ Далізам
Ходзіць у храм ня чуўшы слова матэрыялізм
А дзевятай у спачывальні ледзьве гарыць газьніца
Ты ўцякаеш каб ноч навылёт у школьнай капліцы маліцца
Дзе ў амэтыставай нішы сьветла як днём
Німб над чалом Ісуса вечным палае агнём
Гэта нам цуд расьцьвітае дзівоснай лілеяй
Рудавалосай паходняй што й на вятры ацалее
Гэта сын чалавечы сьлязамі маці паліты
Дуб што нясе на галінах усе людзкія малітвы
Гэта моц і гонар па мечы зь нявіннасьцю па кудзелі
Гэта зорка шасьціканцовая Збаўца што дзеля
Нас памірае ў пятніцу і ўваскрасае ў нядзелю
Гэта Ісус што ўзьлятае як лётчыкі ўвішныя
І пабівае ў нябёсах рэкорды ўсявышнія

Вока-Айца Зрок-Хрыстос
Новай веры дваццатае вока
Птушкаю стаў век Хрыста і ў нябёсах лунае высока
Д’яблы крычаць з апраметнай у дзёрзкай надзеі
Гэта адзін з эпігонаў Сымона вядомага мага зь Юдэі
Можа ў паветры лунаць дык запішам нябогу ў лунатыкі
Побач анёлы шліфуюць фігуры нябеснай гімнастыкі
Енах Ілья ды Ікар і яшчэ Апалоній з Тыяны
Служаць эскортам для першага аэраплана
Часам пасунуцца трохі калі сьвятары
Ў сёмае неба прыносяць сьвятыя дары
Калі ж самалёт прызямляецца так і не склаўшы крыл
Мільёнамі ластавак поўніцца небасхіл
Узьносяцца сокалы й совы крумкач што нясе журбу
Зьяўляюцца з Афрыкі ібіс фламінга і марабу
Птушка Рух апяяны ў паэмах вянец хараства
У кіпцюрах яе чэрап Адама першая галава
Вялізны арол з паднябесься чуваць яго крыкі
А вось і калібры з Амэрыкі птах невялікі
Птушка пі-і экзатычная госьця з Кітаю
Што мае адно крыло і бяз пары сваёй не ўзьлятае
Птушка-ліра і сымбаль Духу Сьвятога голуб
Птушка паўлін чый хвост зацьміў і крылы анёла б
Фэнікс што адраджаецца толькі згарыць у агні
Полымя потым попел і зноў жыве ў вышыні
І сырэны пакінуўшы гібельныя пралівы
Тут як тут і бруіцца сьпеў іх прывабны й жахлівы
І голуб і фэнікс і Рух і пі-і з Кітаю
Кожны з крылатай машынаю пабратацца жадае

Вось ты ў Парыжы адзін абступаюць натоўпамі здані
Побач аўтобусаў статкі імчацца ў мычаньні
Горла сьціскае тугою хватка яе тугая
Быццам ніхто цябе болей на сьвеце не пакахае
Некалі ў манастыр людзі ішлі з такім горам
Сёньня ж пачнеш маліцца і душыць сорам
Сам зь сябе кпіш але ўвага жартуеш зь пеклам
Толькі іскры лятуць па-над лёсам тваім нягеглым
Быццам карціны вісяць у музэі людзкой лухты
Падыходзіш бліжэй паглядзець а на кожнай ты

Вось ты ў Парыжы наўкола жанчыны абліччы ў крыві іх
Гэта было… я хацеў бы забыць… прыгажосьці агонія й вывіх

Маці Божая проста з полымя ў вочы глядзела мне ў Шартры
І крывёй Найсьвяцейшага Сэрца заліла мяне на Манмартры
Бо я хворы шчасьлівыя словы гучаць мне жалобай
Я хварэю каханьнем як самай ганебнай хваробай
Гэты вобраз катуе бяссоньнем ратуе журбой
Гэты вобраз што зьнік гэты вобраз што вечна з табой

Ты на Міжземнамор’і
Тут лімоны цьвітуць круглы год у любое надвор’е
Вы ў пяцёх сябра зь Ніцы мантонец і двое яшчэ
Зь Ля Цюрбі вы на лодцы вяслуеце й сонца пячэ
А ў празрыстых глыбінях між водарасьцяў і мэдуз
Неймаверныя рыбіны й кожная значыць Ісус

Ты спыніўся ў карчме ў маляўнічых ваколіцах Прагі
На стале тваім ружы ты поўны натхненьня і прагі
Мусіў нейкую прозу пісаць але зь месца ня рушыў
Заглядзеўся як жук задрамаў між пялёсткамі ружаў
У саборы Сьвятога Віта ты пазнаў сябе ў вітражах
Ты гатоў быў памерці такі быў смутак і жах
Звар’яцелага Лазара зьбітага з тропу калі
У габрэйскім квартале гадзіньнікі задам наперад пайшлі
Ты таксама жыцьцё асадзіўшы назад
Пабрыдзеш угару й на шляху ў Праскі град
Песьні чэскіх прапойцаў адкрыеш наноў

Ты ў Марсэлі сярод кавуноў

Ты на Рэйне ў гатэлі дзе сьніцца былое

Ты ад рымскага сонца схаваўся пад мушмулою

Ты ў Амстэрдаме зь дзяўчынай чароўнай як сон твой і брыдкай наяве
Што за студэнта зь Лейдэна выскачыць неўзабаве
Вам здавалі каморку з лацінскаю назвай папраўдзе
Cubicula locanda ты жыў там тры дні яшчэ столькі ж у Гаўдзе

Ты ў парыскай турме за злачынствы чужыя
Крымінальную справу судзьдзя табе шые

Ты бадзяўся з валізкамі шчасьця й бяды
Пагарэў на падманах прафукаў гады
Закаханы і ў дваццаць і ў трыццаць гадоў
Я заўжды быў вар’ятам цяпер пагатоў

Ты на рукі свае ня зможаш зірнуць без рыданьняў
Над сабой над каханьнем над страхам што лёс ваш спаганіў

Ты глядзіш у твар эмігрантам іх вочы гараць сьлязьмі
Яны моляцца Богу іх жонкі немаўлят сваіх кормяць грудзьмі
Іх пахі як залі чаканьня хопіць на ўвесь Сэн-Лазар
Ідуць за сьвятлом сваёй зоркі як колісь Каспар Мэльхіёр Бальтазар
Бо вераць што шчодрая плата чакае іх недзе ў Ла-Плаце
А потым дарога дадому й да самага скону багацьце
Нясуць пярыны чырвоныя як вы сваё сэрца з надзеяй
Пярыны загінуць як вашы надзеі ніхто зь іх не разбагацее
Нехта ў нас застанецца надоўга засяліўшы галечай свае
Каморкі на Ру дэз Экуф і халупы на Ру дэ Разье
Штовечар іх бачу ўсё там жа ўсё тыя ж самотнікі й пары
Бо ходзяць кудысьці рэдка як шахматныя фігуры
Габрэйкі ўсе ў парыках замест галаўных убораў
Да ночы сядзяць у крамках між бедных сваіх тавараў

Ты ў бары ля прытону паўпрытомна
П’еш каву за два су і ўсім тут сумна

Ты ўночы зь дзеўкамі ў вялікай рэстарацыі

Яны ня злыя але як дажыць да раніцы
Чым менш прыгожыя тым больш каханкаў раніцца

Адна дачка паліцыянта з Джэрсі

Ёй рукі мазалі пасьпелі зжэрці

Яе жывот курс кройкі і шыцьця

І рот мне крывіць сьмех і шкадаваньне калі цалую беднае дзіця

Сьвітанак хутка ты брыдзеш бяссонны
На вуліцах зьвіняць малочніцаў бітоны

Сыходзіць ноч капрызнаю мулаткай
Дасьведчанай малюткай атрутаю салодкай

Бо п’еш не разбаўляючы ніколі
Жыцьцё сваё нагбом як алькаголі

Вяртаесься дамоў калі ўжо разьвіднее
Да стодаў з Акіяніі да ідалаў з Гвінеі
І кожны зь іх Ісус але дзіцячай эры
Што верачы ў багоў не дарасла да веры

Бывай бывай

Сонца гіне на гільятыне

Пераклаў з францускай Андрэй Хадановіч

Арыгінал: http://www.toutelapoesie.com/poemes/apollinaire/zone.htm
Previous post Next post
Up