Адзін з найгеніяльнейшых вершаў Жадана

May 29, 2012 08:11

Нешта ў перакладзе непазьбежна зьнікла, але сёе-тое ўдалося захаваць.
Спадзяюся, сёньня ўвечары пачытаем яго разам з аўтарам. )

+ + +

Яны селі за стол, накрыты на ўсіх,
паскідаўшы скуранкі і пінжакі.
Адрубілі мабілы, паклаўшы іх
на стале, між бутэлек, бліжэй да рукі.

Яны селі за стол. Іх ахова сышла.
Да аконнага шкла вечаровы туман
дакранаўся вільготным дыханьнем цяпла,
нібы пальцы жанок - да адкрытых ран.

Ён усім наліваў, хто сядзеў за сталом.
Як самому сабе, усё, што было.
І такайскія віны, ямайскі ром
адбівалі блакітнага неба сьвятло.

Наліваў і думаў: “Калі мы яшчэ
зьберамося вось так безь ніякіх спраў?
Ўсе жывыя і кроў яшчэ не цячэ.
Я іх сам знаходзіў і выбіраў.

Я іх сам крышаваў, нібы родных сваіх,
я іх вёў за сабой церазь цемру і страх,
я трымаўся за іх, я помніў пра іх
і запальваў сонца на іхных сьцягах.

Як адзін, няголеныя, але
яны сьветам кіруюць, як я іх вучыў.
Я іх ведаю ўсіх, хто пры гэтым стале
глушыць ром і мадэру, якая гарчыць.

Я натхняю кожнага словам адным,
я даю ім надзею, веру і жарсьць,
я кармлю іх, я наліваю ім.
Але хто зь іх усіх мяне здасьць?

Хто зь іх сука, якая мяне закладзе?
Хто на вечныя клятвы плюнуць гатоў?
Хто таварыша кіне й пакіне ў бядзе
і ўсіх нас падвядзе пад валыны мянтоў?”

…Наймалодшы, што меў на шчацэ рубцы
й джынам паленым запіваў какаін,
нэрваваўся так, як усе курцы,
што курыць ня могуць свой нікатын.

І крычаў яму: “Бос, ну што за базар?
Мы парвем іх, нам дапаможа лёс,
наша зброя і наш малады азарт,
і ўсе кулі, што маем у целах, бос!”

Але ён наліваў яму й гаварыў:
“Наш фартовы лёс - не на ўсе часы.
Ты ім першы сальеш, як націснуць згары,
ўсе рахункі, імёны і адрасы”.

Малады маўчаў, ня маючы слоў,
апусьціўшы вочы ніжэй зямлі,
забываючы ўсё, што ён тут наплёў
і што іншыя перад тым наплялі.

…За акном унізе цякла рака,
аддаляючы іхнія сьпеў і плач.
І агонь ад далёкага маяка
пазалочваў дахі суседніх дач,

пазалочваў галіны дрэваў здаля,
пазалочваў машын танаванае шкло,
пазалочваў усё, што дала зямля,
пазалочваў усё, што будзе й было,

пазалочваў пакой, дзе была братва,
іх пагляды, словы і ўсё ў жыцьці.
Бо нічога ня зьменіцца, толькі трава
будзе кожны год іначай расьці.

Іх ахова стаяла каля дзьвярэй,
усю ноч стаяла, крыху наўзбоч,
разумеючы, хто вядзе тут рэй
і каго яны вартавалі ўсю ноч.

А яны ўсё, што ў іх на стале было,
дапілі да рэшты - сабе на зьдзіў.
Потым кожны зь іх уключыў мабло
і лічыў званкі, што за ноч прапусьціў.

І над кожным паволі, паўзьверх плячэй,
праступалі німбы, нібы агні
аварыйныя, каб іх бачыць лягчэй
было ў цішы, у цемры, на глыбіні.
Previous post Next post
Up